Прэзентацыя першай у гісторыі кнігі бангладэшскага пісьменніка на беларускай мове

Прэзентацыя першай у гісторыі кнігі бангладэшскага пісьменніка на беларускай мове

На Нацыянальным стэндзе Беларусі адбылася прэзентацыя кнігі паэзіі «Мой маніфест» Казі Назрула Іслама – першай у гісторыі кнігі бангладэшскага пісьменніка на беларускай мове. Выданне ўбачыла свет дзякуючы выдавецтву «Мастацкая літаратура» па замове і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 

07.02.2020 11

07.02.2020 13

Намеснік Міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі падзякаваў прадстаўнікам дыпламатычнага корпуса за магчымасць упісаць новыя радкі ў гісторыю Беларусі з удзелам усіх краін-экспанентаў выставы: «Гэты праект створаны пры падтрымцы пасольства Індыі. Творы Казі Назрула Іслама важныя не толькі для яго краіны, але і для Беларусі. Гэта не проста цікавыя творы – яны ўплывалі на лёсы людзей і народаў».

07.02.2020 10

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі Сангіта Бахадур выказала радасць з нагоды вялікага інтарэсу беларускіх чытачоў да пісьменніка з такой далёкай краіны: «Ён нарадзіўся ў Індыі, але лёс яго цесна звязаны з Бангладэшам, дзе ён памёр. Таму абедзьве краіны лічаць яго сваім паэтам. Ён быў барацьбітам за незалежнасць, які хацеў свабоды і роўнасці для ўсіх. І ў той жа час ён быў досыць лірычным паэтам, вы заўважыце гэта, калі прачытаеце пераклады вершаў на беларускую мову. Яго творы дагэтуль папулярныя – яны кладуцца на музыку, гучаць у песнях. Хачу падзякаваць, што пазнаёмілі беларускіх чытачоў з творамі нашага паэта».

07.02.2020 12

Пераклады вершаў зрабіла паэтка і перакладчыца Марыя Кобец. Наведвальнікі прэзентацыі змаглі пачуць верш «Мяцежнік» у арыгінале і на беларускай мове ў выкананні Марыі. Перакладчыца прызналася, што рупліва працавала над кнігай амаль год: «Я знаёмілася з ментальнасцю і культурай краіны, вывучала біяграфію паэта, пераглядала відэаролікі, на якіх вершы гучалі ў арыгінале. Адкрыўшы для сябе творчасць Казі Назрула Іслама і Рабіндраната Тагора, я адкрыла для сябе Індыю і Бенгалію, палюбіла гэтыя краіны, іх гісторыю, культуру. Гэта дапамагло мне развіць сваю перакладчыцкую працу і завязаць літаратурныя сувязі з Індыяй і Бенгаліяй».

Таксама з гэтай нагоды выступілі рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана Воцінава, журналіст і літаратар Навум Гальпяровіч, паэт і перакладчык Мікола Мятліцкі, мастак Каміль Камаль. 

Крыніца - mediana.by.  


Опубликовано:
Просмотров:
887