Прэзентаваны старонкі чарговага “кітайскага сшытка”
25 лютага ў Рэспубліканскім інстытуце кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ прайшла прэзентацыя кітайскіх старонак часопіса “Маладосць”.
Заяўленая як прэзентацыя “Кітайскага сшытка”, які выйшаў у часопісе ў снежні і быў прымеркаваны да 70-годдзя Кітайскай Народнай Рэспублікі і Года адукацыі Беларусі ў Кітаі, яна па сутнасці стала прэзентацыяй усіх чатырох “кітайскіх сшыткаў”, якія былі выпушчаны рэдакцыяй “Маладосці” за апошнія чатыры гады. Два з іх выпускаліся пад эгідай і пры непасрэдным удзеле Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ.
Кітайскія старонкі “Маладосці” прадставіла галоўны рэдактар часопіса Святлана Воцінава. У працяг тэмы кітайскай мастацкай літаратуры выступілі выкладчыкі і адначасова перакладчыкі і непасрэдныя куратары “Кітайскага сшытка”-2019 Вераніка Жукавец і Анастасія Букатая.
Надрукаванне ў “Маладосці” казкі сучаснай аўтаркі Тан Тан “Цянцзы — рыба” стала нагодай распавесці пра вытокі кітайскай аўтарскай казкі і пазнаёміць прысутных з іншымі сучаснымі пісьменнікамі-казачнікамі, а таксама згадаць усіх беларускіх перакладчыкаў і інтэрпрэтатараў, пачынаючы ад Вацлава Ластоўскага, якія надавалі шмат увагі кітайскім казкам, апрацоўваючы іх для беларускіх дзяцей. Кітайскія казкі ў ХХ стагоддзі друкавалі “Наша ніва”, “Бярозка”, “Піянер Беларусі” і іншыя перыядычныя выданні.
Цікавым эпізодам сустрэчы стала знаёмства з акалічнасцямі напісання аповесці Чжан Лін “Пустое гняздо”. Твор належыць сучаснай пісьменніцы і, як і многія іншыя яе творы, быў экранізаваны. У творы закранаюцца сацыяльныя і псіхалагічныя аспекты, якія можна ахарактарызаваць як праблему бацькоў і дзяцей, але з ракурса новага часу і кітайскіх рэалій.
Гэта была інфармацыйна і эмацыйна насычаная сустрэча, арганізаваная з выключна практычнай карысцю, і прызначалася для будучых выкладчыкаў кітайскай мовы.
На сустрэчы прысутнічалі дырэктар інстытута Анатолій Тозік і намеснік дырэктара з кітайскага боку Лю Сулінь, выкладчыкі, супрацоўнікі бібліятэкі і проста зацікаўленыя асобы.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах ЛіМ.