Прысвячэнні малой радзіме са «Звяздой»

Прысвячэнні малой радзіме са «Звяздой»

9 снежня ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» Выдавецкі дом «Звязда» прэзентаваў лістападаўскі нумар часопіса «Маладосць», прысвечаны малой радзіме.

Вечар адкрыў аўтар эсэ «У пошуках малой радзімы» Андрэй Дуброва. Ён прадставіў сваё досыць сур’ёзнае, падмацаванае разважаннямі аўтарытэтных айчынных і замежных гісторыкаў, сацыёлагаў і псіхолагаў, даследаванне пра малую радзіму як мастацкі вобраз, зыходны пункт і базавы інструмент светапогляду чалавека, а не толькі як геаграфічную адзінку і метафару.

Сэнсава глыбокія, але пры гэтым пачуццёвыя, лірычныя прамовы прысутныя пачулі ад супрацоўніцы Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Наталлі Бахановіч і студэнта-гісторыка Максіма Сямёнава. У зале прысутнічалі студэнты чатырох факультэтаў БДУ – будучыя журналісты, сацыёлагі, філолагі і гісторыкі, а таксама іх выкладчыкі.

маладосць_2.jpg

Падхопленыя агульнай хваляй замілавання да родных куткоў, юныя паэткі – дэбютанткі мінулай восені Вольга Нікіценка і Вераніка Герко, якім была аддадзена паэтычная частка вечара, – не толькі чыталі вершы, але і расказвалі кожная пра сваю малую радзіму.

Пра канкрэтныя справы па ўзнаўленні аб’ектаў даўніны распавёў герой адной з публікацый нумара Францішак Жылка.

На прэзентацыі былі прадстаўлены кнігі па тэме краязнаўства і малой радзімы, выпушчаныя Выдавецкім домам «Звязда».

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».


Опубликовано:
Просмотров:
668