Раман Наталлі Батраковай — лідар продажаў

Раман Наталлі Батраковай — лідар продажаў

Падведзены вынікі кніжнага года ў галіне продажу кніг айчыннай вытворчасці праз сетку крам «Белкнігі» ў 2019 годзе. Лідарам стала другая кніга рамана Наталлі Батраковай «Бясконцасць кахання, бясконцасць смутку».

За ўвесь год больш чым у 100 крамах, павільёнах, кіёсках ААТ «Белкнігі» прададзена 1466 экзэмпляраў гэтага драматычнага, напоўненага звычайным і часам незвычайным чалавечым жыццём твора. Дарэчы, агульны тыраж менавіта другой кнігі рамана «Бясконцасць кахання, бясконцасць смутку» — 4 тысячы экзэмпляраў. Варта заўважыць, што ў рэйтынгу «Белкнігі» са 100 выданняў айчыннай вытворчасці творы беларускай пісьменніцы (Наталля Батракова і піша, і выдаецца на рускай мове) займаюць восем пазіцый. 88-ю і 89-ю пазіцыі дзеляць паміж сабою першая кніга рамана «Тэрыторыя душы» і першая кніга рамана «Плошча Згоды» — кожнай з іх летась чытачы набылі па 113 экзэмпляраў. А на апошнім (для Н.Батраковай, зразумела) месцы — другая кніга рамана «Тэрыторыя душы», якую ў 2019-м набылі 110 чытачоў і адпаведна пакупнікоў «Белкнігі».

Усяго ў 2019 годзе «Белкніга» рэалізавала 2358 экзэмпляраў кніг Наталлі Батраковай. Лічба істотная, калі мець на ўвазе, што апошнюю пазіцыю ў рэйтынгу продажаў са 100 кніг беларускай вытворчасці займае выданне, якое ва ўсёй сетцы «Белкнігі» прадалі ў колькасці 100 экзэмпляраў.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”

Опубликовано:
Просмотров:
1 036