Разам з творчай моладдзю
Разам з творчай моладдзю
18 кастрычніка ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя “Аб мерапрыемствах, накіраваных на ўзмацненне камунікацыі з творчай моладдзю”.
Мерапрыемства пачалося з уступнага слова дырэктара РВУ “Выдавецкі дом “Звязда” Паўла Сухарукава, які адзначыў, што таленавітая моладзь Беларусі мае ўсе ўмовы для творчага развіцця, а такія часопісы, як “Маладосць” і “Бярозка”, з’яўляюцца выдатнымі стартавымі пляцоўкамі для тых, хто пачынае свой шлях у літаратуры.
Рэдактар часопіса “Маладосць” Святлана Воцінава анансавала
новы праект MALADOST-Unlimited – пакет электронных тэматычных зборнікаў, створаных па
матэрыялах, друкаваных у часопісе ў розныя часы. На дадзены момант плануецца
сем такіх зборнікаў:
Maladost-arch (самыя цікавыя публікацыі мінулых дзесяцігоддзяў), Maladost-non-fiction (самыя актуальныя артыкулы), Maladost-fiction (проза), Maladost-fan (фантастыка і фэнтэзі), Maladost-trans (пераклады), Maladost-smile (гумар), Maladost-history (гістарычныя матэрыялы). Ідэю праекта рэдакцыя
“Маладосці” запазычыла ў амерыканскай газеты “TheNewYorkTimes”. Цалкам MALADOST-Unlimited будзе прадстаўлены чытачам у 2018 годзе, але першы
зборнік серыі Maladost-smile ужо падрыхтаваны і ў хуткім часе з’явіцца ў продажы на https://www.belpressa.by/.
Не абышлі ўвагай і конкурс маладых літаратараў “Першацвет”. Аб ім з нагоды завяршэння прыёму заявак (30 кастрычніка) распавёў дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак, які выказаў спадзяванне, што хто-небудзь з удзельнікаў “Першацвета” ў блізкай будучыні напіша сапраўдны нацыянальны бестселер. Падрабязней з умовамі конкурсу можна пазнаёміцца на http://sozvuchie.by/proza/item/286-pershatsvet-2017.html.
Напрыканцы сустрэчы было адзначана, што часосопіс “Маладосць” будзе друкаваць мастацкія творы маладых людзей да 35-гадовага ўзросту.