Рэспубліканскi конкурс юных чытальнікаў "Жывая класіка"

Заснавальнікамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі", ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне".
У прэзентацыі конкурсу прынялі ўдзел Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ананіч Лілія Станіславаўна, Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Карпенка Ігар Васільевіч, першы намеснік старшыні грамадскага аб'яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі" Стэльмах Алена Анатольеўна, намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" Каранеўскі Павел Сямёнавіч, кіраўнікі і прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, выдавецтваў "Мастацкая літаратура", "Пачатковая школа", "Адукацыя і выхаванне", РВУ "Выдавецкі дом "Звязда", рэдакцый вядучых рэспубліканскіх газет "Советская Белоруссия", "Звязда", а таксама газет "Культура", "Літаратура і мастацтва", "Настаўніцкая газета", літаратурна-мастацкіх, дзіцячых і юнацкіх выданняў – "Полымя", "Маладосць", "Бярозка", "Вясёлка", "Переходный возраст", "Зорька" і іншых.

Цікавасць да слова, да лепшых узораў беларускай літаратуры сёння павінна быць клопатам дарослых. Таму што чытанне – гэта развіццё асобы, спасціжэнне вопыту, які назапашаны ў кнігах. Чытанне – гэта наогул канкурэнтаздольнасць у нашым вельмі бурным інфармацыйным свеце. І самае галоўнае, што трэба шукаць новыя формы працы з дзецьмі. І не толькі з дзецьмі, а яшчэ і з іх бацькамі.
У краіне выдаецца штогод вельмі шмат прыгожых, маляўнічых, аздобленых па-мастацкаму цудоўных кніжак, і гэтыя кніжкі ёсць на паліцах кніжных крамаў. У 2017 годзе наша краіна адзначае 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, гэта той год, калі мы будзем удзяляць больш увагі прапагандзе кнігі і чытання.
Вельмі хацелася б, падкрэсліла Л.С.Ананіч, каб чытанне дзяцей набыло новы сэнс, каб яны звярнулі ўвагу на тое, як прыгожа гучыць наша мілагучная беларуская мова, і нагадала словы Скарыны: "Найлепшыя скарбы – чалавечыя словы".
Міністр інфармацыі Л.С.Ананіч выразіла ўпэўненасць, што штогодняе правядзенне конкурсу стане добрай традыцыяй, што такія праекты, дзе аб’ядноўваюцца намаганні дарослых і тых дзяржаўных устаноў, якія павінны клапаціцца пра развіццё нацыянальнай культуры і мовы, пра выхаванне падрастаючага пакалення, абавязкова дадуць свой плён. Невыпадкова рэспубліканскі творчы конкурс "Жывая класіка" праводзіцца пад дэвізам "Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе i краiну!".

Першы намеснік старшыні грамадскага аб'яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі" Стэльмах Алена Анатольеўна звярнулася да юных чытальнікаў з такімі словамі: "Дарагі сябар, з усіх сваіх заняткаў ты выбраў самы найлепшы – ты цікавішся літаратурай. Цябе вабяць кніжныя героі, і разам з імі ты падарожнічаеш, пераадольваеш перашкоды, ты радуешся і смуткуеш, ты становішся сапраўдным чалавекам і перажываеш тыя вялікія пачуцці, якія дорыць вялікая высокая паэзія, ты перажываеш каханне сваіх герояў".

Намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" Каранеўскі Павел Сямёнавіч адзначыў, што з вялікім задавальненнем тэлеканал далучыўся да правядзення Рэспубліканскага творчага конкурсу "Жывая класіка". На працягу года, паведаміў П.С.Каранеўскі, у тэлеэфіры будуць чытаць вершы вядомыя народныя артысты: Віктар Мамаеў, Анатоль Ярмоленка, Таццяна Мархель і многія іншыя. У планах тэлеканала – даехаць да розных раёнаў, вёсак нашых класікаў, каб паглядзець, як там дзеці чытаюць вершы знакамітых пісьменікаў Беларусі і ў фінале паказаць не толькі выдатныя ўзоры чытання, але і тое, што нашы вершы, наша мова, нашы класікі дагэтуль жывыя. Яны гучаць і ў вершах, і ў словах, і ў песнях.


Асаблівы каларыт мерапрыемству надалі выступленні юных чытальнікаў – другакласніцы гімназіі № 14 г.Мінска Веранікі Ходзінай, шасцікласніцы школы № 42 г.Мінска Златы Качэрвы, пяцікласніцы школы № 94 г. Мінска Ганны Такушэвіч, шасцікласніцы гімназіі г.Дзяржынска Маргарыты Стэльмах. З вялікім задавальненнем удзельнікі прэзентацыі конкурсу паслухалі ў іх выкананні верш Уладзіміра Дубоўкі "Родная мова, цудоўная мова…", твор У.Ліпскага аб тым, што блізка і дорага сэрцу кожнага беларуса: першадрукар Францыск Скарына, Полацк, родныя карані, верш Максіма Танка "Шчасце", твор Пімена Панчанкі "Песня пра Мінск".
Рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў "Жывая класіка" бярэ свой пачатак ужо з сакавіка ў адпаведнасці з Палажэннем аб яго правязденні. Ад усёй душы арганізатары конкурсу жадаюць поспеху ўсім юным удзельнікам.
Опубликовано:
Просмотров:
1 122