Рыхтуецца да выдання трэці выпуск альманаха «Далягляды»

Рыхтуецца да выдання трэці выпуск альманаха «Далягляды»

Выдавецтва «Мастацкая літаратура», узнавіўшы ў 2019 годзе выпуск альманаха мастацкіх перакладаў «Далягляды», ажыццявіла выпуск гадавіка і ў 2020 годзе. А зараз ідзе збор перакладаў з розных нацыянальных літаратур на беларускую мову для выпуску 2021 года.

– Па традыцыі мы дадзім шырокую палітру нацыянальных літаратур суседніх краін, – расказвае галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» паэт і празаік Віктар Шніп. – Ужо зараз у партфелі альманаха, калі так можна сказаць, вершы балкарскага творцы Саліха Гуртуева, чачэнца Адама Ахматукаева, чувашскіх паэтаў Юрыя Семендэра, Валеры Тургая, перакладзеныя на беларускую мову. Яны прадстаўляюць нацыянальныя літаратуры Расіі. Гэтым разам плануем змясціць грунтоўную ўкраінскую падборку. У гадавіку за 2020 год былі вершы Вольгі Лясняк, Аляксандра Бакацюка, Ольгі Новак. А на 2021 год запланавалі пераклады паэзіі, прозы Галіны Тарасюк, Уладзіміра Даніленкі, Глеба Кудрашова, Міхайлы Слабашпіцкага, магчыма, яшчэ некага з украінскіх творцаў. Не забудземся пра польскую, літоўскую, латышскую літаратуры.

У планах «Даляглядаў» на 2021 год – і пераклады паэзіі Кітая, Бангладэш, Індыі, Манголіі, краін Цэнтральнай Азіі. Трэба сказаць, што ў многім збіранню матэрыялаў для літаратурна-мастацкага гадавіка спрыяе арганізацыйная праца, звязаная з правядзеннем у Беларусі Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час» і круглага стала «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго», які праходзіць па праграме Дня беларускага пісьменства штогод. Госці, якія завітваюць да ўдзелу ў гэтых сустрэчах, становяцца добрымі сябрамі беларускай літаратуры, падказваюць тыя шляхі, па якіх рухаецца развіццё нацыянальных літаратур у іншых краінах, дапамагаюць выбраць творы для перакладу на беларускую мову.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах sozvuchie.by.

Опубликовано:
Просмотров:
769