«Славянскі базар у Віцебску» - свята мастацтваў з вялікай літары

«Славянскі базар у Віцебску» - свята мастацтваў з вялікай літары

Учора, 12 ліпеня, у Віцебску афіцыйна стартаваў XXVІІ Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». 

Падчас традыцыйнай прэс-канферэнцыі, якая прайшла напярэдадні цырымоніі адкрыцця, Васіль Жарко, намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь, старшыня арганізацыйнага камітэта фестывалю, адзначыў, што мэта свята — аб'ядноўваць і саграваць цяплом усіх удзельнікаў, здзіўляць дасягненнямі беларускай культуры. Член урада падкрэсліў, што ў ім удзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх кантынентаў, а аўтарытэт фестывалю на міжнароднай арэне, які расце, сведчыць аб правядзенні паслядоўнай дзяржаўнай палітыкі і прызнанні ўкладу Беларусі ў сусветную культуру.

Аляксандр Карлюкевіч, Міністр інфармацыі Беларусі, паведаміў журналістам, што пра фестывальныя падзеі раскажуць больш як 400 прадстаўнікоў каля 130 СМІ. І, што цікава, заяўкі працягваюць паступаць у дырэкцыю. Ён падкрэсліў, што гэта свята мастацтваў з вялікай літары, якое займае годнае месца ў сусветным культурным асяроддзі.

Юрый Бондар, міністр культуры, адзначыў, што віцебскі фэст — маштабны форум мастацтваў і па ўзроўні не саступае аналагічным еўрапейскім мерапрыемствам. Штогод ён набірае моц і аўтарытэт. Фестываль насамрэч ператварыў Віцебск у фестывальную сталіцу планеты. За гісторыю яго правядзення тут выступілі каля 100 тысяч артыстаў з 72 краін.

Аляксандр Сідарэнка, кіраўнік дырэкцыі фестывалю, прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі фестываляў, канстатаваў, што ўсе праекты, якія запланавалі правесці падчас фэсту, акупляюцца. І, нягледзячы на тое, што білеты пачынаюць рэалізоўваць зімой, іх вельмі актыўна купляюць за тыдзень да пачатку і ў фестывальныя дні.

Як заўсёды, цырымонія адкрыцця была насычаная жанрамі, у ёй выступілі зорныя артысты, гледачы былі ўражаны мноствам фарбаў светлавога афармлення. Канцэрт прайшоў як на «адным дыханні».

На «Алеі зорак» з'явілася іменная зорка Розы Рымбаевай. Сёлета яна стала ўладальнікам спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення».

Сёння, 13 ліпеня, на фэсце насычаны дзень. У прыватнасці, упершыню выступяць удзельнікі дарослага конкурсу выканаўцаў, адкрываецца фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». Для дзятвы і падлеткаў шмат сюрпрызаў у сталіцы праекта «Лялечны квартал» — «Беларускім тэатры «Лялька». У музеях адкрываюцца выстаўкі, у тэатры з аншлагам выступаюць вядомыя артысты.

(zviazda.by)

Опубликовано:
Просмотров:
553