Слухай любiмае. Беларускае радыё адзначае свой 95-ты дзень нараджэння

Слухай любiмае. Беларускае радыё адзначае свой 95-ты дзень нараджэння

Сёння, 15 лiстапада, Беларускае радыё адзначае свой 95-ты дзень нараджэння. Сёння гэты медыярэсурс на iнфармацыйнай прасторы нашай краiны прадстаўлены каналам «Культура», Першым нацыянальным каналам, радыёстанцыямi «Сталiца», «Радыус-FM» i мiжнародным радыё «Беларусь». I кожная — прыклад таго, што час i яго новыя патрабаваннi для сапраўдных прафесiяналаў — гэта бачанне новых магчымасцяў, а любоў да сваёй працы i да слухача — той стымул, якi не дае спынiцца на дасягнутым. Напярэдаднi свята «Звязда» распытала кiраўнiкоў беларускага радыё пра тое, у чым яго поспех i што дазваляе яму не страцiць сваiх пазiцый сярод СМI.

Нэлi Шэўчык, намеснiк дырэктара радыё «Сталiца»:

— У наш час кожны чалавек можа знайсцi для сябе радыёстанцыю па настроi, па iнтарэсах, але ў асноўным яму прапануецца забаўляльны кантэнт. «Сталiца» — дзяржаўная беларускамоўная радыёстанцыя, якую можна слухаць 24 гадзiны ў суткi па ўсёй тэрыторыi краiны, а таксама ў рэжыме рэальнага часу праз iнтэрнэт. Лiчу, што прыцягнуць увагу аўдыторыi можна толькi сваёй унiкальнасцю. Наша радыёстанцыя мае ўласны стыль, i мы арганiчна фармiруем свой плэй-лiст. Ён у нас складаецца з кампазiцый найлепшых айчынных i замежных выканаўцаў. На «Сталiцы» гучаць як правераныя часам, так i новыя трэкi. Мы знаёмiм сваiх слухачоў з легендарнымi хiтамi рок-н-рола, хард-рока i iншых жанраў. Расказваем цiкавыя факты i гiсторыi з жыцця музыкантаў, рок-зорак. Нашы праграмы дазваляюць кожнаму вандраваць па Беларусi, дакранацца да культурнай спадчыны краiны, знаёмiцца з цiкавымi людзьмi, а таксама прымаць удзел у iнтэрактывах. I, як паказвае вопыт, гэта цiкава нашаму слухачу. Дзякуючы прамому эфiру, выкарыстанню СМС-сервiсу, iнтэрнэт-сайта, суполак у iнтэрнэце ў нас ёсць магчымасць мець i падтрымлiваць добрыя зносiны са сваёй аўдыторыяй. Пераканана, каб быць на адной хвалi са слухачом, трэба ставiцца з вялiкай павагай да яго. Не варта хаваць у эфiры простыя чалавечыя эмоцыi, але важна расказваць аўдыторыi пра тое, што ёй цiкава. Мы павiнны прапанаваць такiя праграмы, каб у слухача з’явiлася жаданне слухаць любiмае па-беларуску. I самае галоўнае — гэта заставацца надзейнай крынiцай iнфармацыi, дзе людзi змогуць знайсцi добрыя навiны i цудоўную музыку.

Дзень нараджэння Беларускага радыё — гэта вялiкае свята ўсiх тых, для каго работа ў эфiры i для эфiру стала справай усяго жыцця. Таму з гэтай нагоды наш калектыў жадае ветэранам радыё, былым супрацоўнiкам i ўсяму творчаму калектыву Беларускага радыё добрага, пазiтыўнага настрою, новых здзяйсненняў i творчых поспехаў.

Валерый Радуцкi, дырэктар мiжнароднага радыё «Беларусь»:

— Зараз мы можам гаварыць пра тое, што радыё «Беларусь», якое працуе з 1962 года, з’яўляецца своеасаблiвым брэндам нашай краiны. Нас ведаюць ва ўсiм свеце. Мы вяшчаем сёння на дзевяцi мовах, сярод якiх французская, англiйская, кiтайская, арабскай i iншыя. Нас слухаюць, i пра тое сведчыць зваротная сувязь, якую мы атрымлiваем ад сваёй аўдыторыi. Думаю, усё гэта дзякуючы таму, што ў нашай тэматыцы знаходзяць адлюстраванне розныя тэмы, якiя даюць уяўленне пра тое, якой наша краiна была ў мiнулым, якой стала сёння i якой будзе заўтра. Мы робiм цiкавы i якасны кантэнт, таму маем дамовы з рознымi структурамi за мяжой (напрыклад, Нямецкi вяшчальны цэнтр, Еўрапейскi вяшчальны саюз) на рэтрансляцыю нашых праграм. У такiм фармаце iдзе цяпер трансляцыя праграм радыё «Беларусь» i ў Вялiкабрытанii, i ў арабскiх краiнах. Што таксама пашырае нашу аўдыторыю i сведчыць пра жывы iнтарэс да тых падзей, якiя адбываюцца ў Беларусi...

У мяне з радыё звязана ўсё жыццё. Я прыйшоў сюды пасля факультэта журналiстыкi малодшым рэдактарам, потым працяглы час працаваў у службе iнфармацыi. Мне дагэтуль цiкава працаваць у дадзенай сферы, бо ты заўсёды ў гушчынi падзей i побач з адукаванымi людзьмi. Радыё я лiчу мастацтвам i сродкам iнфармацыi з вялiкай лiтары. Таму хочацца пажадаць заставацца нам менавiта такiмi яшчэ доўгiя гады.

Алена Трашчынская, дырэктар радыё «Радыус-FM»:

— Радыё сёння — гэта камунiкацыя i магчымасць знайсцi суразмоўцу. Што датычыцца нашай радыёстанцыi, то яна мае самыя разнастайныя прапановы для сваёй аўдыторыi, i думаю, што наперадзе ў нас яшчэ шмат навiнак. Бо мы iмкнёмся падладжвацца пад iнтарэсы нашага слухача. Зараз папулярнасцю карыстаецца iнтэрактыўны кантэнт. I, прапрацоўваючы партрэт патэнцыйнага слухача, мы бачым, што актуальна для яго, а што зусiм не знаходзiць водгуку. Варта адзначыць, што ўсе нашы праграмы зараз можна слухаць не толькi ў эфiры, але i на нашым сайце ў падкастах. Таму, калi прапусцiлi штосьцi, то ў зручны для вас час можаце пераслухаць i найлепшыя моманты ранiшнiх шоу, i нашы, можна сказаць, брэндавыя аўтарскiя праграмы «Накiроўвайся за мной» Вольгi Венскай, «Брэнд-ВОХ» Наталлi Ленскай, «Кiналюкс» Канстанцiна Майлава i многiя iншыя. Таксама для зручнасцi нашых слухачоў мы стварылi мабiльную праграму, якой ужо могуць карыстацца прыхiльнiкi нашай радыёстанцыi i сiстэмы «Андроiд». Спампаваўшы яе ў «Плэй-маркеце», кожны зможа заставацца ў кампанii любiмай «Радыус-FМ» у любы зручны для сябе час. У ХХI стагоддзi можа здавацца, быццам радыё страчвае сваю папулярнасць, але ў сучасным свеце з магчымасцямi iнтэрнэту i розных гаджэтаў, дзе ёсць разнастайныя канвергентныя формы, яно захоўвае свае пазiцыi i знаходзiць новыя прасторы для развiцця.

Напярэдаднi дня нараджэння Беларускага радыё хочацца пажадаць калегам новых дасягненняў, цiкавых эфiраў i каб расла колькасць слухачоў. А тым, хто застаецца верны любiмаму радыё — пазiтыву i добрых навiн.

Уладзiмiр Трапянок, дырэктар канала «Культура» Беларускага радыё:

— Радыё ў маiм жыццi з’явiлася яшчэ ў школьныя гады, паколькi прачынаўся i засынаў пад яго гукi. Слухаючы перадачы, разумеў, што хачу таксама нейкiм чынам там сябе паспрабаваць. Недзе ў пятым цi шостым класе ў мяне было невялiкае супрацоўнiцтва з нашым раённым радыё, калi зрабiў рэпартаж са школы пра фестываль восеньскiх букетаў. Тады ж, мабыць, i зарадзiлася любоў да гэтага СМI. Потым пасля паступлення ва ўнiверсiтэт на другiм курсе апынуўся каля Дома радыё i ўбачыў будынак на Чырвонай 4 — як жа мне захацелася там працаваць! I так атрымалася, што лiтаральна праз год я знайшоў кантакты, напрасiўся на размову да Кацярыны Агеевай, якая тады ўзначальвала канал. Мне далi магчымасць паспрабаваць сябе. Рабiў рэпартажы, потым пачаў весцi выпускi навiн, праграмы... Радыё заўсёды прываблiвала, бо гэта той сродак, якi больш блiзкi для майго асабiстага ўспрымання. Праслухоўванне радыё дорыць палёт фантазii, уяўлення, калi ў свядомасцi з’яўляюцца непадробныя вобразы, асацыяцыi. I цяпер iх я магу сам ужо — як супрацоўнiк радыё — ствараць ва ўяўленнi слухачоў. Заўсёды кажу, што радыё — гэта той свет, якi павiнен весцi за сабой. Адпаведна работа радыёвядучага патрабуе эмацыянальных затрат, калi ты дзелiшся сваiм настроем, эмоцыямi, развагамi, думкамi. I гэта заўсёды прыцягальна для слухача. Менавiта з гэтым падыходам я ўжо 17 гадоў працую на радыё, спадзяюся, гэта знайшло водгук у аўдыторыi.

Напярэдаднi юбiлею хачу пажадаць усiм калегам найперш здароўя, крэатыўных iдэй, абавязковай iх рэалiзацыi, цiкавых суразмоўцаў, а таксама каб не было страху перад новымi i нестандартнымi рашэннямi ў эфiры, бо тады творчы працэс будзе працягвацца. I хочацца звярнуцца да слухачоў: няхай вам заўсёды будзе цiкава на каналах Беларускага радыё, каб вы штораз адкрывалi для сябе нешта новае, карыснае, глыбокае, змястоўнае i сапраўднае.

Антон Васюкевiч, дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё:

— Радыёстанцыi накшталт нашай па сваiм фармаце знаходзяцца па-за канкурэнцыяй. Для нас такая пазiцыя — дадатковая адказнасць, якая не дае права на памылкi. З улiкам таго, што мы прапануем сёння ўнiкальны кантэнт, ён абавязкова павiнен быць якасны, прафесiйны, i «знак якасцi» павiнен быць на кожнай перадачы, якая гучыць у эфiры. Тут нельга абысцiся нейкiмi дзяжурнымi праектамi, каб толькi запоўнiць эфiрную прастору. Для нас вельмi важна, каб кожны часавы прамежак быў напоўнены карыснай, цiкавай iнфармацыяй. I тут, каб звяраць свае пазiцыi на медыярынку, даводзiцца арыентавацца ў тым лiку на мiжнародны вопыт. Мы падтрымлiваем цесныя кантакты з партнёрамi i калегамi практычна па ўсiм свеце. Iмкнёмся ўдзельнiчаць у канферэнцыях, семiнарах, каб вывучаць вопыт iншых i звяраць свае асабiстыя пазiцыi адносна таго, наколькi мы адпавядаем сусветным трэндам i тэндэнцыям. Нават з улiкам эканамiчных крызiсаў, якiя ў Еўропе ўдарылi па галiне, мы не толькi захавалiся, але i атрымалi добры штуршок у развiццi. Зараз асвойваем новыя формы вяшчання i развiваемся тэхналагiчна. А што датычыцца кантэнту, то працуем над мабiльнымi праграмамi, актыўна прысутнiчаем у «Тэлеграме»; мы ёсць ва ўсiх сацыяльных сетках, на вiдэахостынгу «Ютуб». I гэта дазваляе нам трымаць свае пазiцыi i адпавядаць выклiкам часу...

Я звычайна прыходжу на работу вельмi рана, яшчэ да сямi гадзiн, i слухаю «Радыёфакт» на Першым канале. Вельмi важна тое, як запраграмуеш сябе на дзень, бо нiколi не ведаеш, з якiмi сюрпрызамi ён прыйдзе. I ў мяне планаванне i работа суправаджаюцца праслухоўваннем радыёстанцый. Зранку слухаю на «Сталiцы» перадачу «Ранак робiм разам», там рок-музыка, якая дае добры зарад бадзёрасцi. Потым, бывае, слухаю «Радыус FМ», а ўвечары — канал «Культура». А як хочацца праверыць узровень валодання замежнымi мовамi, то настройваюся на радыё «Беларусь». Яшчэ я выкладаю на журфаку, i для таго каб прыйсцi ў студэнцкую аўдыторыю i расказаць пра радыё, мне цiкава ведаць, чым жывуць калегi i з iншых радыёстанцы

Самае галоўнае маё пажаданне напярэдаднi юбiлею ў тым, каб у нас заўжды былi слухачы, таму што калi яны будуць, то будзе i радыё. Мне хочацца, каб радыё заўсёды заставалася неабходным сродкам iнфармацыi i можа нават атрыбутам паўсядзённага жыцця чалавека. А мы будзем рабiць для гэтага ўсё магчымае, бо цэнiм давер нашай аўдыторыi.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецкага дома "Звязда"

Опубликовано:
Просмотров:
211