Старонкі светлага лёсу

Старонкі светлага лёсу

Рыгора Васільевіча Булацкага па ўкладу ў беларускую журналістыку наўрад ці нехта зможа перасягнуць. Педагог, гісторык, журналіст. Доктар гістарычных навук, прафесар. Лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР і Саюза журналістаў Беларусі. Ініцыятар стварэння і першы дэкан сучаснага факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Цікавае супадзенне: 5 мая — Дзень друку ў Беларусі і дзень нараджэння навукоўца і журналіста.

Гэтымі днямі будзе адзначацца 100-годдзе з дня нараджэння Рыгора Булацкага. Пра яго часта ўспамінаюць, шмат пішуць — чаго вартая адна кніга «Скрыжаванні лёсу» Алеся Марціновіча, якая перавыдавалася і, магчыма, яшчэ будзе перавыдавацца… З нагоды юбілею пагарталі некаторыя старонкі пакручастага, але яркага жыцця Рыгора Булацкага — чалавека-легенды.

Крыху пра вытокі

Як тлумачыць сын стваральніка журфака — прафесар кафедры тэлебачання і радыёвяшчання факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вячаслаў Булацкі — з назвай вёскі, дзе нарадзіўся і вырас Рыгор Булацкі, адбылася блытаніна. Зусім блізка адна ад адной у Бабруйскім раёне знаходзяцца Пятровічы, Мартынаўка, Мачулкі. І менавіта апошняя пазначана ва ўсіх крыніцах як родная вёска навукоўца.

— Мабыць, гэта бацька ўвёў такую блытаніну, — разважае Вячаслаў Рыгоравіч. — Сям'я Рыгора Васільевіча жыла ў Мартынаўцы, якая знаходзіцца за 200 метраў ад Мачулак. Магчыма, пры запаўненні пэўных анкет, відаць, падчас прызыву ў армію, запісалі: «Мачулкі». Бо гэта больш буйная вёска, у Мартынаўцы было ўсяго некалькі хат. Спытаць, як дакладна ўсё адбывалася, ужо няма ў каго.

Фактычна ж месцам нараджэння Рыгора Васільевіча лічыцца нават не Мартынаўка, а хутар каля яе. Яго бацька Васіль Аляксандравіч, якога называлі Васільчык, і маці Дар’я Кузмінічна, яе ж звалі Адаркай, былі заможнымі сялянамі, мелі даволі вялікую гаспадарку і жылі асобна ад вёскі. Зразумела, да калектывізацыі, якую Васіль Аляксандравіч не прымаў. Менавіта на гэтых выселках будучы журналіст і навуковец зведаў, што такое сельская праца: пасвіў кароў, коней, коз, дапамагаў на сенажаці. Між тым Рыгор быў пятым дзіцем у гэтай вялікай і дружнай сям’і.

Пачатковую школу Рыгор Булацкі скончыў у Пятровічах. Будынак адной з трох школ у Гарбацэвічах, дзе атрымаў сярэднюю адукацыю, яшчэ стаіць, але цяпер гэта прыватная тэрыторыя. Захаваўся нават склеп тых часоў. У ім трымалі прадукты, якімі кармілі вучняў школы зімою. Да школы ў Гарбацэвічах ад Мартынаўкі было прыкладна 10 км, таму ў халодныя зімовыя месяцы дзеці жылі, як кажуць, па хатах. Так атрымалася, што нейкі час Рыгор Булацкі грэўся на адной печы з яшчэ зусім маленькім Алесем Адамовічам, якога і тады, і пазней, у сталым узросце, называў малым: розніца паміж імі складала 6 гадоў. Сяброўства пранеслі праз усё жыццё, хоць погляды іх вельмі адрозніваліся.

— Бацька расказваў гісторыю, калі зімой яму па нейкай прычыне давялося ісці гэтыя 10 кіламетраў дадому, — успамінае Вячаслаў Рыгоравіч. — У нейкі момант яго акружыла зграя ваўкоў. Адзіным выйсцем тады было залезці на сасну. Сядзець на дрэве прыйшлося вельмі доўга, ён вельмі змерз, ваўкі ж сядзелі вакол і чакалі. На шчасце, з Мачулак ехаў нейкі селянін, у якога была паляўнічая стрэльба. Ён адагнаў звяроў.

І ўсё ж вучоба ў школе для яго была задавальненнем. Для дапытлівага розуму падлетка школьных прадметаў было недастаткова — удзельнічаў у літаратурным гуртку, дзе пазнаёміўся з творчасцю земляка Платона Галавача. Творы гэтага пісьменніка абудзілі ў Рыгоры першыя парасткі літаратурнага майстэрства. Магчыма, дзякуючы пісьменніку сельскі хлопец ўсвядоміў, што выхадзец з глыбінкі можа стаць часткай вялізнага свету. Першыя і найбольш удалыя літаратурныя эксперыменты друкаваліся ў Бабруйскай газеце «Камунiст».

Рыгор Булацкі (стаіць крайні справа) з баявымі сябрамі.

Рыгор Булацкі (стаіць крайні справа) з баявымі сябрамі.

Вясковы гараджанін

У канцы 1960-х на падворку Рыгор Булацкі пабудаваў для бацькоў новую хату замест той, што была пастаўлена ў 1920-х. Узводзілі талакой: сваякі, сябры, сярод якіх былі добрыя цесляры. Як расказвае Вячаслаў Булацкі, драўніна аказалася настолькі якаснай, што з 1968 года дом амаль не змяніўся. Калі бацькі Рыгора Васільевіча пайшлі з жыцця, ён вырашыў перадаць дом на баланс сельсавета. З таго часу там жылі сем’і калгаснікаў. Цяпер дом належыць мясцоваму жылкамунгасу, які здае яго ў арэнду. Нічога ў ім з часу пабудовы не змянілася. На падворку захавалася нават гаспадарчая пабудова, якая стаяла там першапачаткова, пры старым доме. Складалася яна з кароўніка, хлява для кабана, а ў правай частцы заўсёды знаходзілася адрына, дзе Рыгор Васільевіч любіў спаць летам. У духмяным сене прывучаў спаць і сына Вячаслава.

Рыгор Булацкі вельмі любіў прыязджаць у вёску. Як правіла, тады пачыналася сапраўдная вечарына. Але ж нязменнай задачай было наведваць бацькоў абавязкова два разы на год, каб пасадзіць і выкапаць бульбу. Аднак стан здароўя не дазваляў яму займацца цяжкай фізічнай працай: раненне давала аб сабе знаць. Увогуле, расказвае Вячаслаў Булацкі, нягледзячы на тое, што нарадзіўся і вырас у вёсцы, бацька не любіў займацца хатняй гаспадаркай і не быў прыстасаваны ў бытавым плане. Адзін час сям’я жыла ў кватэры на вуліцы Кірава: у гэтым жа доме жыў Іван Навуменка, сябар Рыгора Булацкага. У сэнсе практычнасці, заўважалі іх жонкі, яны былі падобны адзін да аднаго.

Кампенсавала гэта душэўная дабрата, прыкладаў якой — безліч. Не ўсе ведаюць, што, акрамя сваіх трох дзяцей — Вячаслава, Сяргея і Наталлі, — ён дапамог выхаваць чацвярых пляменнікаў, якія рана сталі сіротамі. Акрамя ўвагі да студэнтаў, асабліва з вёскі, апекаваўся вяскоўцамі, якія часта гасцявалі ў яго кватэры ў Мінску, рэгулярна прасілі дапамогі. Быў нават выпадак, калі Рыгор Булацкі прывёў нецвярозага студэнта да сябе пераначаваць.

Падчас збору матэрыялу для кнігі пра Панцеляймона Лепяшынскага.

Падчас збору матэрыялу для кнігі пра Панцеляймона Лепяшынскага.

Вайсковец

Сваю будучую прафесію Рыгор абраў адразу: настаўнік гісторыі. Пасля заканчэння школы ў 1939 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на гістарычны факультэт. Аднак пачаць вучобу не давялося: прыйшоў выклік у раённы ваенкамат, і Рыгор быў адпраўлены ў Днепрапятроўск, у 450-ы асобны батальён сувязі. Крыху пазней — у чэрвені 1941 года — скончыў Мелітопальскае авіяцыйнае вучылішча... Шмат хто ведае гісторыю з набыццём самалёта (ідэя была Рыгора Булацкага), прыклады подзвігаў экіпажа… Але далёка не ўсе помняць, што нават пасля сур’ёзнай траўмы лётчык хацеў вярнуцца ў авіяцыю. Не дазволілі.

У першыя дзесяцігоддзі пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Васільевіч не вельмі любіў гаварыць пра падзеі таго перыяду: відаць, яшчэ моцна балела. Аднак пазней часта дзяліўся ўспамінамі. Адной з найбольш шчымлівых стала гісторыя, якая здарылася ў Венгерскім шпіталі, куды ён трапіў амаль на 9 месяцаў пасля ранення — пералому пазваночніка. Там Рыгор Булацкі пазнаёміўся з хлопчыкам-сіратой, які ўвесь час яму дапамагаў, і яны адчулі прыхільнасць адзін да аднаго. Савецкі вайсковец хацеў усынавіць хлопчыка, аднак зрабіць гэта яму не ўдалося..

Уладальнік шматлікіх узнагарод, атрыманых за ваенныя подзвігі, у тым ліку ордэна Айчыннай вайны I ступені, медалёў «За вызваленне Будапешта» і «За вызваленне Бухарэста», ён амаль не насіў іх. Акрамя аднаго — ордэна Чырвонай Зоркі: таму што баявы. Сваіх баявых сяброў яму не адразу ўдалося знайсці: з лейтэнантам, камандзірам Васілём Ульянавым малодшы лейтэнтант, штурман Рыгор Булацкі сустрэўся нашмат пазней, калі высветлілася, што ветэраны збіраліся на адмысловыя сустрэчы. З таго часу яны даволі блізка сябравалі, многа перапісваліся. А вось след Аляксея Пятрова, старшага тэхніка-лейтэнанта, пасля вайны згубіўся. Вячаслаў Рыгоравіч успамінае: прыкладна ў пачатку 1960-х да іх прыехаў чалавек у «неналежным» выглядзе. Рыгор Васільевіч паклаў яго ў сябе спаць, а жонцы сказаў, што гэта яго баявы таварыш. Цяпер ужо немагчыма высветліць, кім быў гэты незнаёмец. Магчыма, і Аляксей Пятроў — трэці сябар «Экіпажа дружных».

Памяць аб дэкане

Тыя, хто ведаў Булацкага, заўважаюць: журналістыка стала яго другім жыццём. Ён заўсёды вучыўся, спяшаўся даведацца і ўбачыць як мага больш. І ўсё паспяваў: дапамагаць родным, займацца грамадскай працай, калі быў старшынёй прафкама і сакратаром парткама ўніверсітэта; потым — вучыцца ў аспірантуры і рыхтавацца да абароны кандыдацкай, выкладаць на аддзяленні журналістыкі; пазней — узначальваць філфак, дамагацца адкрыцця ў БДУ факультэта журналістыкі, пісаць доктарскую дысертацыю…

Дэкан Рыгор Булацкі са студэнтамі замежнага аддзялення.

Дэкан Рыгор Булацкі са студэнтамі замежнага аддзялення.

Якой была б беларуская журналістыка без яго?

Вячаслаў Рыгоравіч распавядае, што ў сям’і быў вялікі фотаархіў, але многія журналісты бралі здымкі, каб праілюстраваць свае матэрыялы, і, на жаль, не вярталі. Таму, калі вырашылі сёлета зрабіць памятны стэнд у гонар Рыгора Булацкага, вельмі доўга шукалі і падбіралі фота, бо многія, зразумела, аказаліся не самай лепшай якасці. Так ці інакш, удалося сабраць неабходнае, каб адпавядаць канцэпцыі праекта: задума — распавесці пра Рыгора Васільевіча, яго навуковую і грамадскую дзейнасць і ваеннае жыццё, а таксама пра журфак. Буйны інфармацыйны стэнд фабрычнай вытворчасці плануюць размясціць ва аўдыторыі, якая носіць імя Рыгора Васільевіча Булацкага. Пакуль там можна знайсці толькі кароткую біяграфію і выпадковыя фотаздымкі, якія ілюструюць пачатак журфакаўскага жыцця і непасрэдна да дзейнасці заснавальніка факультэта дачынення не маюць. Дарэчы, паменшаны варыянт стэнда перададуць новай школе ў Гарбацэвічах. На яе будынку сёння вісіць мемарыльная дошка ў гонар Платона Галавача, асобай якога вельмі цікавіўся ў свой час Рыгор Булацкі. У перспектыве можа з’явіцца яшчэ адна дошка…

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

Опубликовано:
Просмотров:
1 201