Старт у новы Дзень пісьменства

Старт у новы Дзень пісьменства

Пятага лістапада з рабочым візітам Шчучын наведала Міністр інфармацыі, намеснік старшыні Нацыянальнага арганізацыйнага камітэту па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства Лілія Станіславаўна Ананіч. Як вядома, знакавая для ўсёй краіны ўрачыстасць пройдзе 6 верасня 2015 года ў Шчучыне.

"Дзень беларускага пісьменства ўжо набыў статус нацыянальнага свята. І наш абавязак штогод уносіць у гэта традыцыйнае мерапрыемства нешта новае і неардынарнае, выпрацаваць творчую канцэпцыю свята, рэалізаваць падчас падрыхтоўкі і правядзення яго шэраг цікавых праектаў. Гэта будзе свята Гродзеншчыны і ўсёй краіны, свята духоўнага адраджэння." – зазначыла Міністр.

Намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Ганна Станіславаўна Хвядзюк адзначыла, што дэлегацыя Шчучына, пабываўшы ў Заслаўі, дзе сёлета надзвычай шырока і прыгожа адзначаўся Дзень беларускага пісьменства, занатоўвала крэатыўныя напрацоўкі, каб выкарыстаць каштоўны досвед папярэднікаў і, безумоўна, ажыццявіць шэраг уласных ідэй.

"Сярод задумак - выпуск факсімільнага выдання твораў нашай знакамітай зямлячкі Алаізы Пашкевіч - Цёткі, кнігі аб Шчучыне, альманаха "Беларусь літаратурная", адкрыццё ў Шчучыне кнігарні", - гаворыць начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Павел Канстанцінавіч Скрабко. 

Ці будзе прынятай гэта прапанова або з'явіцца нейкая іншая задума, пакажа час. Зразумела адно, мноства творчых людзей ужо сёння працуе над тым, каб свята пакінула ў Шчучыне свой адметны культурны след. Разам з тым, як падкрэсліла Міністр, планы павінны адпавядаць фінансавым магчымасцям. Фінансаванне мерапрыемства будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў як рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, так і з бюджэту Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэту і Шчучынскага райвыканкама.

Безумоўна, радуе і тое, што па добрай традыцыі пасля правядзення Дня беларускага пісьменства ў ягонай сталіцы застаюцца абноўленыя вуліцы і будынкі, прыгожыя помнікі, знакавыя аб'екты.

Намеснік старшыні райвыканкама Ян Браніслававіч Майсей, які курыруе будаўніцтва, запэўніў Міністра, што пры належным фінансаванні ўсе пастаўленыя перад будаўнікамі задачы будуць выкананы якасна і ў тэрмін.

Лілія Ананіч наведала будоўлю спарткомплексу на вуліцы Авіятараў, палац Друцкіх-Любецкіх, ацаніла паркавую скульптуру Цёткі, завітала ў раённы Дом культуры. Дарэчы, было прынята рашэнне, што галоўная сцэна свята размесціцца на жывапісным беразе возера ля РДК. А гэта значыць, што набярэжная таксама будзе істотна добраўпарадкоўвацца. І тут сваё важкае слова скажуць архітэктары і дызайнеры. Святочнаму афармленню горада надаецца вялікае значэнне. Не выклікае сумнення, што Шчучын моцна ўразіць сваім каларытам і шматлікіх гасцей, і саміх шчучынцаў.

"Вельмі важна, каб падрыхтоўка да Дня беларускага пісьменства распачалася ўжо сёння і ішла актыўна, былі канкрэтна вызначаны работы па кожным аб'екце, пралічаны іх каштарыс. І, безумоўна, трэба, каб Шчучын як сталіца свята гучаў на ўсю Беларусь, а гэту сустрэчу давайце лічыць адпраўной кропкай у рэалізацыі канкрэтных спраў", - зазначыла Лілія Ананіч.

У працы рабочай групы, акрамя зацікаўленых прадстаўнікоў мясцовых структур, прынялі ўдзел генеральны дырэктар ААТ "Белкніга" А.А. Вашкевіч і начальнік упраўлення выдавецкай дзейнасці і гандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь А.С. Паўлава.
Опубликовано:
Просмотров:
220