Студэнты журфака БДУ будуць вывучаць дрон-журналістыку

Студэнты журфака БДУ будуць вывучаць дрон-журналістыку

Сёлета факультэт журналістыкі БДУ адзначае 75 гадоў. Зараз ён — адзін з вядучых цэнтраў па падрыхтоўцы спецыялістаў у сферы масавых камунікацый. Навучанне тут праходзіць каля тысячы студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. Сярод запланаваных святочных мерапрыемстваў на наступныя некалькі месяцаў — розныя выстаўкі, навуковыя канферэнцыі, майстар-класы ад вядомых журналістаў.

Дэкан Вольга САМУСЕВІЧ расказала, што сёлета на факультэце адбылося шмат значных перамен у вучэбным працэсе:

— Летась мы зрабілі рэарганізацыю кафедраў — з дзесяці да сямі. З бягучага года вырашылі не праводзіць набор абітурыентаў на спецыяльнасць «Менеджмент». Сёлета конкурс на спецыяльнасць «Журналістыка. Вэб-журналістыка» аказаўся большым у некалькі разоў, чым на друкаваныя і аўдыявізуальныя СМІ. Таму можна гаварыць пра тое, што абітурыентаў вельмі цікавяць лічбавыя тэхналогіі. На сёння, каб быць запатрабаваным журналістам, трэба імкнуцца да ўніверсальнасці: рабіць матэрыялы ў друкаваныя СМІ, паралельна ствараць нешта для вэб-пляцоўкі, ведаць азы работы з відэа- і аўдыякантэнтам. Сядзець кожны дзень па пяць пар на факультэце для студэнтаў — учарашні дзень, навучанне павінна быць мабільнае, цікавае для іх. Таму летась мы пачалі выкарыстоўваць дыстанцыйныя тэхналогіі: выкладчыкі запісваюць свае лекцыі, змяшчаюць матэрыялы на спецыяльным сайце, а студэнты асвойваюць іх у любы час у камфортнай для сябе абстаноўцы.

У лістападзе на журфаку пройдзе «Студэнт на тыдзень». Гэты праект створаны для таго, каб школьнікі адчулі сябе сапраўднымі журналістамі і канчаткова вызначыліся з прафесіяй.

Сёлета на базе Белтэлерадыёкампаніі быў адкрыты філіял кафедры тэлебачання і радыёвяшчання факультэта журналістыкі — пляцоўка для вытворчай практыкі студэнтаў. Яшчэ адно новаўвядзенне — сумесная магістратура з эканамічным факультэтам БДУ па спецыяльнасці «Кіраванне медыяпраектамі». «Магчыма, у далейшым будзем узаемадзейнічаць і з іншымі факультэтамі ВНУ», — кажа Вольга Самусевіч.

Намеснік дэкана па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях факультэта Уладзімір СЦЯПАНАЎ адзначыў, што за апошні год на журфаку было абноўлена больш за 50 вучэбных праграм. З'явілася шмат новых сучасных дысцыплін: стварэнне і прасоўванне стартапаў, кіраванне сацыяльнымі медыя, прадзюсаванне ў аўдыявізуальных медыя.

— З улікам гэтага мадэрнізуецца і тэхніка. Напрыклад, летась на факультэце з'явілася 12 магутных камп'ютараў, якія дазваляюць займацца відэамантажом. Нашы супрацоўнікі праходзяць навучанне па кіраванні беспілотным апаратам, які мы закупілі, — заўважыў дэкан. — Думаю, з наступнага навучальнага года ў нас з'явіцца паўнавартасная дысцыпліна для студэнтаў — робат-журналістыка, якая будзе прысвечана відэаздымкам з выкарыстаннем беспілотных апаратаў. Верагодней за ўсё, гэта будзе курс па выбары. Навучанне змогуць праходзіць студэнты розных спецыяльнасцяў.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда»



Опубликовано:
Просмотров:
681