Сустрэча з “Вернымі сябрамі”
У дзіцячай бібліятэцы № 13 горада Мінска адбылася прэзентацыя кнігі Міхаіла Дзеравянкі “Верныя сябры”.
Ужо 20 гадоў запар вясёлае медзведзяня Мішутка распавядае дзецям казкі і дае пазнавальныя і развіваючыя заданні ў аднайменным дзіцячым часопісе. І вось цяпер ён “перабег” з часопіса ў кніжку, якая пабачыла свет у Выдавецкім доме “Звязда”.
Юных чытачоў чакаюць шэсць гісторый пра медзведзяня і яго сяброў, цікавыя заданні ад галоўнага героя: галаваломкі, лабірынты. Сумаваць дакладна не прыйдзецца.
Падчас сустрэчы, якая прайшла ў рамках рэспубліканскай акцыі “Культурны маршрут “Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі – дзецям”, юныя чытачы з цікавасцю слухалі творы ў выкананні аўтара, актыўна ўдзельнічалі ў конкурсе на лепшае чытанне вершаў.
Напрыканцы дзеці атрымалі памятныя падарункі – кнігі з аўтографамі аўтара.