«Акадэмкніга» запрашае на сустрэчу з Мікалаем Чаргінцом
29 мая а 18-й гадзіне ў сталічнай «Акадэмкніге», размешчанай ў цэнтры горада па праспекце Незалежнасці, адбудзецца сустрэча са старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь, празаікам Мікалаем Чаргінцом.
Мікалай Іванавіч раскажа пра новыя выданні сваіх даўно знаёмых чытачу твораў, а таксама прадставіць раманы, што выйшлі ў апошні час. Усе гэтыя кнігі можна будзе набыць у кнігарні і, зразумела, атрымаць аўтограф. Запрашаючы чытачоў на сустрэчу са знакамітым пісьменнікам, арганізатары падкрэсліваюць, што размова ў час яе будзе надзвычай цікавай. Мікалай Іванавіч паабяцаў распавесці не толькі пра ўласныя творы, але збіраецца пагаварыць і пра сучасны літаратурны працэс, і выкласці свае погляды на многія з’явы ў сённяшнім жыцці.
Творчасць Мікалая Чаргінца адзначана самымі прэстыжнымі прэміямі як у Беларусі, так і ў Расійскай Федэрацыі. Пісьменнік – лаўрэат Прэміі «Зоркі Садружнасці», міжнародных літаратурных прэмій імя А. Фадзеева і В. Пікуля, іншых высокіх адзнак.