Тэлеканал "Беларусь 3": праекты да Дня беларускага пісьменства

Тэлеканал "Беларусь 3": праекты да Дня беларускага пісьменства

На наступным тыдні тэматычны эфір "Беларусь 3" будзе прымеркаваны да юбілейнага, 25-га Дня беларускага пісьменства, прысвечанага малой радзіме. Увазе гледачоў будуць прадстаўлены карціны "Першадрук" ("Беларусьфільм", 2017) і чатырохсерыйны мастацка-публіцыстычны фільм вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі "Скарына. Дзеля Бога і людзей". Таксама тэлегледачы ўбачаць прэм'еру аўтарскага праекта Навума Гальпяровіча "Суразмоўцы" і мастацка-тэатралізаванае дзеянне "Малой Радзіме пакланяюся".

У рамках святкавання Дня беларускага пісьменства, які ў нашай краіне адзначаюць у першую нядзелю верасня, сацыякультурны канал увесь тыдзень прысвеціць вытокам нацыянальнай культуры і беларускай кнізе. У гэтым годзе сталіцай пісьменства стаў горад Іванава Брэсцкай вобласці. Урачыстая перадача эстафеты святкавання адбылася 3 верасня мінулага года ў Полацку. Традыцыйна 2 верасня творчая каманда Белтэлерадыёкампаніі будзе працаваць у горадзе, які прымае свята.

27 жніўня ў 13:20 тэлеканал "Беларусь 3" прапануе бліжэй пазнаёміцца з першым на ўсходнеславянскіх землях перакладчыкам Бібліі, доктарам медыцыны, гуманістам і асветнікам Францыскам Скарынай і пакажа дакументальны фільм "Першадрук", створаны да 500-годдзя з дня выдання кнігі "Псалтыр". Карціна дакажа, што ідэі і прынцыпы выбітнай асобы эпохі Адраджэння жывуць і сёння.

З 28 жніўня ў 10:20 будзе выходзіць у эфір чатырохсерыйны мастацка-публіцыстычны фільм "Скарына. Дзеля Бога і людзей". Праца рэжысёра Андрэя Леўчыка - гэта не проста пералік фактаў пра жыццё і творчасць першадрукара, а ў першую чаргу погляд навукоўцаў і журналістаў на шлях, дасягненні, белыя плямы ў біяграфіі Францыска Скарыны. Атмасфера ХVІ стагоддзя была адноўлена ў самай вялікай студыі медыяхолдынга "600 метраў" пры ўдзеле беларускіх артыстаў, а сучасны светадыёдны экран плошчай 200 квадратных метраў і прафесійнае абсталяванне студыі дазволілі патрапіць у Пражскую бібліятэку, у Вільню і ў Маскву, ахопленую полымем.

1 верасня на тэлеканале "Беларусь 3" адбудзецца прэм'ера аўтарскага праекта пісьменніка Навума Гальпяровіча да Дня беларускага пісьменства "Суразмоўцы". У гутарках c гасцямі Навум Якаўлевіч закране актуальныя праблемы сучаснасці, развіцця беларускай літаратуры, ролі роднай мовы ў фарміраванні грамадскай свядомасці і культуры. Сустрэчу з Міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і пісьменнікам Аляксандрам Карлюкевічам можна ўбачыць у першым выпуску "Суразмоўцаў" 1 верасня ў 20:00. Далей сустрэчы са знакамітымі пісьменнікамі і паэтамі, артыстамі і музыкамі, педагогамі і грамадскімі дзеячамі будуць выходзіць у эфір кожную суботу і папаўняць відэафонд.

Урачыстае адкрыццё юбілейнага Дня беларускага пісьменства адбудзецца 2 верасня ў эфіры сацыякультурнага тэлеканала ў 22:25. Тэлегледачы змогуць атрымаць асалоду ад мастацка-тэатралізаванай дзеяй "Малой Радзіме пакланяюся".

Тэлеканал "Беларусь 3" запрашае ўсіх далучыцца да святкавання юбілейнага XXV Дня беларускага пісьменства.

Па матэрыялах Белтэлерадыёкампаніі.
Опубликовано:
Просмотров:
1 491
Направления:
Регионы Беларуси: