Тэма 500-годдзя беларускага кнігадрукавання разгледжана ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Тэма 500-годдзя беларускага кнігадрукавання разгледжана ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

3 красавіка пачала сваю работу другая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

У ходзе пасяджэння разгледжаны пытанні нарматыўна-прававога рэгулявання выдавецкай дзейнасці, святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, правядзення мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года навукі.

З дакладам па вышэйадзначаных пытаннях выступіла Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Старавойтва І.А., з судакладамі – Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ананіч Л.С., член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Каваленя А.А.

Міністр інфармацыі ў сваім выступленні адзначыла: ”У гісторыі кожнай краіны ёсць падзеі і з’явы, якія з’яўляюцца светачам развіцця народа. Сваім зместам, сваімі ўплывамі на свядомасць грамадзян яны фарміруюць грунт гуманістычнага будаўніцтва краіны. Такой падзеяй, такой з’явай уяўляюцца і вытокі беларускага кнігадрукавання, крынічны штуршок якім даў легендарны асветнік, першадрукар усходнеславянскіх земляў, наш суайчыннік Францыск Скарына”. (Даклад Міністра інфармацыі Ананіч Л.С.)

Падчас правядзення сесіі ў Савеце Рэспублікі Міністэрствам інфармацыі арганізавана выстава, на якой былі прадстаўлены кніжныя навінкі, выданні, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, Году навукі, юбілеям беларускіх класікаў, а таксама “Друкарскі двор XVIстагоддзя”, дзе ўсе жадаючыя мелі магчымасць вырабіць старадаўнім спосабам паперу і ўласнаручна стварыць афорт старонкі з Бібліі.

У ходзе абмеркавання пытання святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч зачытаў радкі з вядомай прадмовы Францыска Скарыны да “Кнігі Юдзіф“ у перакладзе са старабеларускай на сучасную мову:  

Як звяры,

што блукаюць у пушчы,

ад нараджэння

ведаюць сховы свае,

як птушкі,

што лётаюць у паветры,

помняць

гнёзды свае,

як рыбы,

што плаваюць у моры і ў рэках,

чуюць

віры свае

і як пчолы

бароняць вуллі свае 

гэтак і людзі

да месца, дзе нарадзіліся

і ўзгадаваны ў Бозе,

вялікую ласку маюць.

 

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь уручыў Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу галоўнаму навуковаму супрацоўніку Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Галенчанка Георгію Якаўлевічу за вялікі ўклад у рэалізацыю сацыяльнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і шматгадовую плённую навукова-даследчую дзейнасць. Георгій Якаўлевіч – вядомы скарыніст,  аўтар шматлікіх даследаванняў па тэмах гісторыі беларускага кнігадрукавання, духоўнай і кніжна-пісьмовай культуры Беларусі ХIV - ХVII ст., у 1999 г. абараніў доктарскую дысертацыю ”Францыск Скарына - беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар“, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.


 

Опубликовано:
Просмотров:
377