Томікам твораў Максіма Багдановіча распачата новая кніжная серыя выдавецтва «Мастацкая літаратура»

Томікам твораў Максіма Багдановіча распачата новая кніжная серыя выдавецтва «Мастацкая літаратура»

У выдавецтве «Мастацкая літаратура» у 2021 годзе томікам «Выбраныя творы» Максіма Багдановіча была распачата новая кніжная серыя «Народная бібліятэка». Тыраж выдання ў 2021 годзе склаў 1000 экзэмпляраў. 

Народная таму, што змест кніг складаюць творы, якія прапануюць уключыць самі чытачы. Свае меркаванні выказваюць настаўнікі, студэнты, пісьменнікі, навукоўцы, бібліятэкары і г.д. — праз асабістае апытанне і інтэрнэт-галасаванне, — так патлумачылі нараджэнне новага праекта самі выдаўцы. — У выніку ў зборнік «Максім Багдановіч. Выбраныя творы» ўвайшлі амаль усе паэтычныя творы, пераклады і мастацкая проза гэтага таленавітага паэта, празаіка, крытыка, публіцыста, перакладчыка і самага маладога класіка беларускай літаратуры.

З таго часу «Выбраныя творы» класіка беларускай паэзіі яшчэ перавыдаваліся. Агульны наклад склаў 2000 экзэмпляраў. Калі меркаваць сённяшнімі ўяўленнямі, то і ў гэтым — добры прыклад чытацкага стаўлення да класікі. У прадмове да кнігі дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» адзначае наступнае: «...Вынікі апытання засведчылі, што сярод сваіх самых любімых твораў Багдановіча рэспандэнты часцей за ўсё называлі яго «Раманс», які, пакладзены на музыку Сымонам Рак-Міхайлоўскім, стаў знакамітай песняй «Зорка Венера», сучаснаму слухачу найперш вядомай у выкананні ансамбляў «Песняры» і «Сябры». На жаль, год напісання верша невядомы (упершыню ён быў надрукаваны ў зборніку «Вянок»), як дакладна невядома і тое, каму прысвечаны гэтыя шчымлівыя радкі. Многія даследчыкі творчасці Багдановіча лічаць, што адрасат — Ганна Рафаілаўна Кукуева, з якой паэт пазнаёміўся падчас вучобы ў Яраслаўскай мужчынскай гімназіі, дзе разам з ім вучыўся яе брат Мікалай. Ганне Кукуевай Багдановіч прысвяціў у «Вянку» раздзел «Мадонны», пазначыўшы яе імя крыптонімам «А.Р. К. », а таксама іншыя творы — лішняе сведчанне таго, што пачуцці паэта да яе былі вельмі шчырыя і глыбокія. Вось толькі каханне маладога паэта не стала ўзаемным: Ганна неўзабаве паступіла ў Пецярбургскую кансерваторыю. А ў 1914 годзе выйшла замуж за Максімавага аднакласніка па гімназіі — Івана Лілеева». 

У «Народнай бібліятэцы» паспелі пабачыць свет кнігі Васіля Быкава, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міхася Стральцова, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Маўра. Кожнае з выданняў разыходзіцца даволі хутка — зборнікі актыўна набываюць і пакупнікі ў кнігарнях і розныя бібліятэкі краіны. Чым не сведчанне высокай чытацкай увагі да айчыннай класікі?! 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

Опубликовано:
Просмотров:
134