Трэба шукаць новыя формы ўзаемадзеяння з чытачамі
Працэс развіцця друкаваных СМІ ў рэгіёнах даволі складаны. Калі шчыра, вельмі шмат залежыць ад стану эканомікі. Калі ў грамадзян ёсць грошы, тыраж расце, калі не – падае. І як бы мы ні стараліся рабіць разнайны кантэнт, захоўваць аператыўнасць і падтрымліваць зваротную сувязь – усе намаганні дарэмныя. З упэўненасцю можна сказаць адно: трэба шукаць новыя формы, перш за ўсё ва ўзаемадзеянні з чытачамі. Гэта, адназначна, адбіваецца на колькасці падпісчыкаў.
Зараз інфармацыя больш успрымаецца праз ілюстрацыю. Мы ў «Полацкім весніку» звярнулі на гэта ўвагу, аддаючы перавагу якасным здымкам. Сучасны прынцып: больш здымкаў – менш тэксту. Імкнёмся размяшчаць на старонках газеты інфаграфіку. Гэта таксама запатрабавана і інфарматыўна.
Безумоўна, мы пішам пра міжнародныя праекты, якія рэалізуюцца ў рэгіёне. Але іх не так шмат. У раённай газеце больш адлюстроўваем тое, чым жыве Полаччына. Прыбаўкі ў вазе, надоі на фермах, сацыяльная сфера, культура, ахова здароўя. Тут вельмі шмат праблем, якія патрабуюць увагі. Наўрад ці людзям, якія жывуць тут і цяпер, будзе цікава даведацца пра тое, як, напрыклад, у Еўропе функцыяніруе сістэма сацыяльнага забеспячэння.
Рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі развіваюцца разам з новай журналістыкай. Ствараецца канвергентнае СМІ. На жаль, магчымасці нашы даволі абмежаваныя. Жывем за свае сродкі і разлічваем толькі на сябе. Але сайт «Полацкага весніка» існуе і мае сваіх падпісчыкаў. Праўда, нашу інфармацыю з сайта неаднаразова выкарыстоўвалі іншыя СМІ, у прыватнасці рэспубліканскія, прычым дадаючы дэструктыўныя каментарыі. Гэта вельмі небяспечна для нашай рэпутацыі.
Мы працуем вельмі шмат. Падчас за дзень неабходна напісаць матэрыялы на 3-4, а тое і 5-6 тэм, пры гэтым не зрабіўшы памылак.
Алена Каленік, намеснік галоўнага рэдактара газеты «Полацкі веснік»
Iнфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Рэгіянальныя СМI Рэспублікі Беларусь у лічбавую эпоху: ад лакальнай праблематыкі да інфармацыйнай бяспекі дзяржавы».
Крыніца - mediana.by.