Творчыя сустрэчы ў «Акадэмкнізе»

Творчыя сустрэчы ў «Акадэмкнізе»

У кнігарні «Акадэмкніга» ў Мінску 26 мая 2021 года адбудзецца прэзентацыя новай кнігі Алеся Бадака.

Паэта, празаіка, дзіцячага пісьменніка Алеся Бадака (нарадзіўся ў 1966 годзе на Берасцейшчыне) добра ведаюць чытачы розных узростаў. Піша ён нетаропка, а калі зрабіць агляд усяго створанага ім – збіраецца сапраўдная бібліятэка. Новая кніга Алеся Бадака «Ідэальны чытач» толькі што ўбачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». І першая яе прэзентацыя адбудзецца заўтра, 26 мая, а 16-й гадзіне ў сталічнай кнігарні «Акадэмкніга».

Ва ўсіх, хто прыйдзе ў гэты дзень у краму па праспекце Незалежнасці, 72, будзе магчымасць набыць новы зборнік аповесцяў і апавяданняў вядомага пісьменніка, атрымаць аўтограф. Між іншым, менавіта ў «Акадэмкнізе» шырока разгорнуты гандаль кнігамі з аўтографамі. Так што нават на прэзентацыі «Ідэальнага чытача» можна набыць кнігі з аўтографамі Раісы Баравіковай, Леаніда Дранько-Майсюка, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Паўла Гушынца, Людмілы Рублеўскай, Надзеі Ясмінскай, Інэсы Плескачэўскай. Пройдуць гады, і будзьце ўпэўнены ў гэтым, у сённяшняга пакупніка такіх сапраўды цёплых кніг, надзеленых прысутнасцю аўтараў, з’явіцца магчымасць мець сапраўдную бібліятэку рарытэтаў. 

Што да зборніка Алеся Бадака «Ідэальны чытач», то ў кнігу ўвайшлі аповесці і апавяданні, пераважная большасць з якіх у розныя гады друкавалася на старонках не толькі айчынных, але і замежных перыядычных выданняў. Творы Алеся Бадака прыцягваюць да сябе ўвагу як цікавымі сюжэтамі, так і своеасаблівым аўтарскім стылем. Апошні раздзел кнігі складаюць «Запіскі на хаду» – эсэ, прысвечаныя актуальным пытанням літаратурнага жыцця, а таксама той пары, калі аўтар пачынаў свой шлях у літаратуру.

У кнізе Алеся Бадака «Ідэальны чытач» не пакінуць чытача раўнадушным аповесці «Нелюдзімы» і «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца», апавяданні «Душа твая светлая», «Дождж ліў як з вядра», «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын», «Уцёкі на край дажджу», «Па той бок адлюстравання», «…І мора шум у цемрадзі пакоя», «Ідэальны чытач», «Сабака, які забыў сваё імя», «Баптыстка». Вось у імя нераўнадушнай увагі да беларускага слова «Акадэмкніга» і Выдавецкі дом «Звязда» і запрашаюць у кнігарню па праспекце Незалежнасці, 72 самых розных чытачоў і пакупнікоў кнігі.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах sozvuchie.by.

Опубликовано:
Просмотров:
1 163