У выдавецтве «Беларусь» выйшаў альбом «Уладзімір Тоўсцік»

У выдавецтве «Беларусь» выйшаў альбом «Уладзімір Тоўсцік»

Заснаваная ў 2019 годзе серыя мастацкіх альбомаў, дзе галоўнае месца займаюць рэпрадукцыі мастацкіх работ, мае сваёй мэтай падрабязны расповед пра творчасць таго ці іншага майстра выяўленчага мастацтва.

«Вывучэнне творчасці Уладзіміра Тоўсціка пераконвае ў тым, што ён сфарміраваўся адразу як „велічыня пастаянная“ са сваім сталым жанравым рэпертуарам, іканаграфіяй і характэрнай мастацкай мовай, — піша пра свайго героя мастацтвазнаўца Кацярына Ізафатава ў артыкуле „У люстэрку мастацтва і гісторыі“, якім адкрываецца альбом. — Можна ўмоўна вылучыць два перыяды творчасці мастака — да 1990-х гг. і пасля, адрозненне якіх праяўляецца не ў змене ідэйных установак, стылістычных формаў і метадаў жывапіснага выказвання, а галоўным чынам у змяненні якасці і функцыі колеравай палітры. Прыглушаная гама 1980-х гг. змяняецца яркім і інтэнсіўным каларытам, сама ж праблематыка, што ўсё ў новых і новых варыянтах увасабляецца на палотнах мастака, застаецца нязменнай і сёння, аб’ядноўваючы творы майстра розных перыядаў. 

З пэўнай паўтаральнасцю ў мастацтве Тоўсціка сустракаюцца працы, якія ствараюць касцяк характэрных тэм і матываў: „партрэты-карціны“, „гістарычныя легенды“ і „жаночы таямнічы свет“, што і абумовіла структуру альбома. Мудрагеліста пераплятаючыся, гэтыя змешаныя сюжэтныя ўтварэнні фарміруюць агульны іншасказальны жанр жывапісца, працяты гістарычнай рэфлексіяй». 

Першы раздзел — «Міфалогія гісторыі» — адкрывае захопленасць Уладзіміра Тоўсціка гістарычнай праблематыкай. Яшчэ ў 1986 годзе мастак стварыў «партрэт-карціну» «Памяці Уладзіміра Караткевіча». Толькі што пайшоў з жыцця класік беларускай літаратуры, аўтар неўміручых раманаў і аповесцяў. Уладзімір Сямёнавіч стаіць ля храма. Яго фігуру ў касцюме, белай кашулі асвятляе бялюткі снег. Да пісьменніка імчацца ваяры-коннікі. А на першым плане — жанчыны ля старадаўняга калодзежа... Да караткевічаўскай тэмы мастак вернецца і ў 1992-м — у працы «Ладдзя роспачы», і яшчэ праз тры дзесяцігоддзі — у трыпціху «Ладдзя Часу» (2006). 

Уладзімір Тоўсцік выбірае няпростыя шляхі, дзіўным чынам спалучаючы ў маштабе аднаго палотнішча і імкненне прачытаць той ці іншы гістарычны лёс, і спалучыць розныя часіны, праз вобразы-метафары выбудаваць мост паміж учора і сёння, мост да заўтрашніх здзяйсненняў нацыянальна свядомага сучасніка. «Перакрыжаванне часу і прасторы, рэальных персанажаў, — піша Кацярына Ізафатава, — дзеючых асоб і тых, хто адышоў у іншы свет, — усё гэта вызначае і характэрнае гучанне апошняй серыі партрэтных работ мастака „Блізкі позірк“, дзе ён адлюстраваў сваіх блізкіх па цэху сяброў і калег. Усе партрэтаваныя „выяўляюцца“ ў выразна персаніфікаванай атмасферы, знаходзяцца ва ўласнай „духоўнай“ прасторы, а метафарычнасць дадатковых дэталяў адсылае да метафізікі іх уласнай творчасці...» Угледзьцеся ў працы Уладзіміра Тоўсціка, прысвечаныя Гаўрыілу Вашчанку, Уладзіміру Кожуху, Уладзіміру Басалыгу, Мікалаю Селешчуку, Валерыю Даўгалу, Юрыю Гаўрыну, Георгію Скрыпнічэнку — і вы пераканаецеся ў гэтым. 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах газеты «Звязда».

Опубликовано:
Просмотров:
788