Уолт Уітмен: “Пра Чалавека сучаснага я спяваю…”
Літаратурная вечарына “Янка Купала і Уолт Уітмэн. Песня пра вольны шлях” адбудзецца падчас XXVI Мінскай Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу.
Арганізатарамі выступяць Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і беларускія кнігавыдаўцы.
У рамках импрэзы выдавецтва “Мастацкая літаратура” прэзентуе чарговае выданне кнігі Уолта Уітмэна “Лісце травы” ў перакладзе Янкі Сіпакова (гэта ўжо трэцяе выданне). “Пра жыццё, бязмежнае ў жаданнях, пульсаванні і сіле,/ Радаснае, створанае па цудоўных законах для самых/ вольных дзеянняў,/ Пра Чалавека Сучаснага я спяваю”, -- гаворыць Уітмен, звяртаючыся да беларускага чытача. У першыню гэты зборнік пабачыў свет у выдавецтве ў 1978 годзе.
Уолт Уітмэн – адзін з найбуйнейшых амерыканскіх паэтаў і адзін з самых перакладаных на беларускую мову амерыканскіх пісьменнікаў. Пачынаючы з 20-х гг. і да цяперашняга часу, перакладчыкі звяртаюцца да вершаў паэта са зборніка “Лісце травы”.
Помнікі Янку Купалу і Уолту Уітмэну стаяць побач на алеі паэтаў у Ароў-парку ў штаце Нью-Ёрк. Іх адкрыццё ў 1973 годзе стала важнай падзеяй у развіцці культурнага дыялогу паміж нашымі краінамі.
Купалава слова і сёння знаходзіць водгук у сэрцах амерыканцаў. Творы паэта, бліскуча перакладзеныя на англійскую мову Уолтэрам Мэем і Верай Рыч, прагучаць падчас вечарыны, ганаровым госцем якой стане Павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі спадарыня Джэніфер Мур. Вершы Уолта Уітмэна ў перакладзе на беларускую мову прачытае акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Андрэй Новік.
Апошнія на сённяшні дзень пераклады Ўолта Ўітмэна на беларускую мову зроблены Юліяй Цімафеевай, якая прэзентуе новую кнігу перакладаў, а пісьменнік і перакладчык Ганна Янкута раскажа пра гісторыю беларускіх перакладаў Уолта Уітмэна.