Віктар Дулевіч — пра новаўвядзенні і змены ў РВУ «Культура і мастацтва»

Віктар Дулевіч — пра новаўвядзенні і змены ў РВУ «Культура і мастацтва»

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Культура і мастацтва» — першае медыяаб’яднанне ў Беларусі. Ужо болей як два дзесяцігоддзі газета «Культура» і часопіс «Мастацтва», унікальныя і непадобныя, звязаны адным лёсам. Пра неабходнасць апошніх новаўвядзенняў і змены, якія чакаюць установу, пагутарылі з дырэктарам «Культуры і мастацтва» — галоўным рэдактарам газеты «Культура» Віктарам Дулевічам.

— Віктар Іванавіч, як трапілі ў «Культуру і мастацтва»? Як адчуваеце сябе ў ролі кіраўніка ўстановы і рэдактара газеты? 

Я не рэдактар у звыклым разуменні. Заўсёды пазіцыяную сябе як топ-менеджар. Мяне, як кажуць, кідаюць на тыя дзялянкі, дзе неабходна дапамога, дзе чакаецца ўздым. На кіраванне пагадзіўся пасля даволі працяглых роздумаў. Але веру, што чалавек заўсёды будзе там, дзе павінен, і ні кроку ўбок. Між тым уладкоўваўся, як і заўсёды, з умовамі. Па-першае, хацелася, каб заснавальнікі не перашкаджалі задуманым пераўтварэнням. Па-другое, чакаў падтрымкі ад Міністэрства культуры, усё ж «Культура» — ведамасная газета. А трэцяе — арганізацыя штомесячнай ведамаснай падпіскі, якая будзе кантралявацца заснавальнікамі. Ведаю, што сёння, напрыклад, часопіса «Мастацтва» няма ў 22 раёнах Беларусі, нават у цэнтральных бібліятэках. Усё пералічанае — гарантыі для развіцця. Пакуль не ўсё гладка, аднак шукаем шляхі да паразумення

— Якія ініцыятывы імкняцеся прасоўваць? 

Мяне здзіўляе, што ў Беларусі няма нацыянальнай газеты пра культуру, а неабходнасць яе існавання даўно наспела. Шаснаццаць палос нашай «Культуры» — гэта несур’ёзна. Значна лепшым варыянтам мне бачыцца 28-палоснае выданне, аналагаў якому ў краіне няма. З улікам павелічэння ведамаснай падпіскі цана такой газеты не павысіцца ні на капейку. Так, можна стварыць шыкоўную газету часопіснага фармату. Да таго ж, у адрозненне ад часопіса, можна адмовіцца ад колеру на ўнутранных палосах. Усё ж якасць друку вымушае жадаць лепшага.

— Кіраваць рэдакцыяй вам не ўпершыню. Да якіх высноў прывёў вопыт працы ў раённых газетах? 

Заўсёды даводжу сваю думку, якая сфарміравалася з-за нараканняў некаторых аб тым, што ў раёнках няма спецыялістаў, не хапае кадраў, маўляў, усе ў сталіцы. Адказваю: хлусня. Сваёй дзейнасцю даказаў, што любы калектыў здольны на многае. Дзе б ты ні быў, галоўнае — стварэнне каманды. Рэдактар — толькі менеджар, яго задача — матываваць, натхняць на дасягненне мэты. Вельмі яркі прыклад — газета Камянеччыны («Навіны Камянеччыны»), у якой некалькі гадоў быў галоўным рэдактарам. Раёнка неаднойчы станавілася найлепшай у краіне: перамога ў конкурсах, узнагароды, хоць асабіста я ганаруся найперш зробленым у сферы краязнаўства... І газета дагэтуль у шэрагу найлепшых! Усё ж галоўнае для кіраўніка выдання — каб нават пасля яго сыходу з рэдакцыі ўсё ідэальна працавала

— Чым можа пахваліцца «Культура і мастацтва»? Што зроблена для ідэальнай работы рэдакцыі?

За ўласныя сродкі рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова стварыла і нядаўна адкрыла прэс-клуб. Ён мае перспектыву стаць пляцоўкай для абмеркавання надзённых пытанняў культурнага жыцця грамадства. Тут будуць праводзіцца сустрэчы, круглыя сталы, трансляцыі, вэбінары, анлайн-планёркі з чытачамі з рэгіёнаў. Але найперш гэтая ініцыятыва — спроба быць бліжэй да рэгіёнаў. А ў нас жа прадстаўнікі ў кожным са 118 раёнаў. Наогул, запрашаем да супрацоўніцтва ўсіх ахвотных! 

— Адносна нядаўна пачаў працаваць новы сайт установы. Чым кіраваліся пры яго стварэнні? 

Сайт, які не мае мабільнай версіі, — гэта не сайт. Любы інтэрнэт-рэсурс павінен ідэальна чытацца на смартфоне, а больш за 80% аўдыторыі чытаюць сайт «Культуры і мастацтва» з мабільнага тэлефона. Дарэчы, калі пачалі працаваць з новым сайтам, высветлілася, што існуюць невырашальныя тэхнічныя праблемы са старым. Намагаемся максімальную колькасць унікальных матэрыялаў з былой версіі дадаць у сучасную. Аднак сайт будзе відазмяняцца да лепшага пастаянна

— Цяпер на сайце нельга ўбачыць газету, так? 

Мы прыбралі PDF-варыянт газеты. Гэта забівае папяровую версію. Адкуль узяцца падпісцы? На сайце неабходна публікаваць толькі самае цікавае — 2–3 матэрыялы і анонсы. Пытанне з электроннай версіяй вырашылі па-іншаму: і «Культуру», і «Мастацтва» можна набыць ці выпісаць на электронным рэсурсе «Белкіёск». Там яны з’яўляюцца раней за папяровую версію. Да таго ж танней.  

— Змены закранулі і сацыяльныя сеткі «Культуры і мастацтва». Якімі былі рэформы? 

Калі прыйшоў у «Культуру і мастацтва», сацыяльныя сеткі ўстановы таксама азадачвалі. Шмат высілкаў прыклалі і на іх рэдагаванне. Цяпер увагу скіравалі на тэлеграм-канал, у якім пакуль няшмат падпісчыкаў, але актыўнасць высокая. Усё дзякуючы таму, што мы вырашылі не абапірацца на інфармацыйны блок — гэтага і так паўсюль поўна. Наш тэлеграм-канал пазнавальна-адукацыйны. Публікуем апытанкі, віктарыны, афішы, жарты... Была заснавана вэб-рэдакцыя, якая займаецца сайтам, сацсеткамі, месенджарамі. Усё гэта маладыя людзі

— Хто сёння працуе ў рэдакцыі «Культуры»? Каго запрашаеце? 

Найперш гэта дзесяць маладых спецыялістаў. Настаўнікамі для іх выступаюць старэйшыя калегі. Вельмі каштоўна, што ў штаце газеты — шэсць былых галоўных рэдактараў з каласальным вопытам работы ў журналістыцы. Калектыў, на маю думку, ідэальны. Гэта прафесіяналы, многія з журналісцкай адукацыяй. Між тым заўсёды сцвярджаю, у тым ліку калі выступаю ў якасці спікера ў Школе маладога журналіста факультэта журналістыкі: ніякія ўніверсітэты ці прыватныя школы ніколі нічога не дадуць. Адукацыя не гарантуе прафесіяналізму. Да таго ж ніхто не прымусіць вучыцца, пакуль чалавек не захоча гэтага сам. Настаўніку, а значыць, і выкладчыку на журфаку, застаецца толькі адно — запаліць, натхніць

— Дык чаму вучыце маладых спецыялістаў? 

Аўтарскай журналістыцы. Сёння ідуць дыскусіі, але магчымасці штучнага інтэлекту можна выкарыстоўваць толькі ў якасці інструмента. Нішто не заменіць меркаванне асобнага аўтара, яго эмоцыі. Так, удалым лічу фармат рэйтынгаў, якія, апроч іншага, падштурхоўваюць да зваротнай сувязі. Прыклад — сумесны з «Акадэмкнігай» праект «Кніжныя навінкі»: ён расказвае пра выданні, карысныя для работы ва ўстановах культуры

— А як жа бесстароннасць, непрадузятасць? 

Мастацтвазнаўца піша прафесійныя рэцэнзіі, якія заўсёды цікавяць аўдыторыю, але чытач прагне эмоцый, жывых гісторый! Той жа чытач з рэгіёна хоча ўбачыць сябе, сваіх. А яшчэ — падзяліцца вопытам. Ніхто не будзе выпісваць газету, калі там не знойдзецца практычнай карысці. Прызнаюся: мне болей важныя рэгіёны, а не сталіца. Людзі адтуль таксама хочуць друкавацца. І найперш яны — падпісчыкі газеты «Культура». Дарэчы, імкнёмся, каб і на сайце былі матэрыялы аўтараў з рэгіёнаў, якія павінны бачыць сябе ў рубрыцы «Нам пішуць»

— Ці ўдаецца захоўваць баланс паміж сферамі культуры пры стварэнні газеты? 

Зноў жа наракаю на 16-палосны фармат. Гэтага замала для захавання балансу. У той жа час друкуюцца матэрыялы, якія нейкім чынам праходзяць міма, звяртаюць на сябе мала ўвагі, на жаль. Раю сачыць за рубрыкай «Гістарыёграф»: адкопваем маладавядомыя факты, якія сёння не знайсці ў СМІ

— Фармат працы ў часопісе «Мастацтва» зусім іншы, а рэдакцыя выдання значна меншая... 

Натуральна. Гэта аналітычнае, мастацтвазнаўчае выданне, у стварэнні якога задзейнічана таленавітая каманда, хоць і вельмі нешматлікая. У яго рэдакцыю немагчыма ўзяць, напрыклад, маладога спецыяліста. І сталаму журналісту такі часопіс не заўсёды пад сілу. Каб друкавацца ў ім, трэба валодаць надзвычайнымі ведамі, быць часткай свету мастацтва. Так склалася, што год таму давялося шукаць новую адпаведную канцэпцыю работы «Мастацтва», і знайшлі. Фармат — супрацоўніцтва з экспертнай суполкай. Хаця наладзіць работу з аўтарамі было дастаткова складана, але ўсё ўдалося, і часопіс выходзіць, да таго ж у глянцы. Такім ён стаў з красавіка 2022-га — якасць дызайну, друку, вёрсткі дазваляюць трымаць марку. Вышэй — можна, ніжэй — нельга

— Не абышлося і без новаўвядзенняў у структуры часопіса, так? 

З асноўнага: з’явілася рубрыка, прысвечаная музеям, — «Скарбніца». Да таго ж на старонках часопіса цяпер можна ўбачыць «Кіно незалежнай Беларусі». Гэты праект сумесны з «Беларусьфільмам»

praekt_chasopisa_mastactva_tvorcy_belarusi_dlya_krainy_i_u_imya_yae.jpg

— Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Культура і мастацтва» стала лаўрэатам сёлетняга Нацыянальнага конкурсу «Залатая Літара» за праект часопіса «Мастацтва» «Творцы Беларусі для краіны і ў імя яе». У чым яго адметнасць? 

Праект — прысвячэнне 40-годдзю часопіса. Стварэнне адмысловай кнігі далося цяжка. Адбіралі некалькі дзясяткаў матэрыялаў апошняга часу, прысвечаных 70 творчым асобам розных пакаленняў. Гэта дэманстрацыя своеасаблівага зрэзу айчыннага мастацтва. Так, праект ажыццявілі, але марым пра шматтыражны альбом

— На якога чытача скіравана ўвага часопіса «Мастацтва» і газеты «Культура»? 

— Што тычыцца часопіса, то гэта выключна творцы. У газеты іншая аўдыторыя. На маю думку, гэта людзі з рэгіёнаў, якія хочуць, каб іх праца была ацэнена. Яны імкнуцца ўбачыць сябе, падзяліцца вопытам, карысным для іншых. Цікавыя праекты, вартыя ўвагі ініцыятывы, незвычайныя ідэі, пра якія пішуць тыя ці іншыя аўтары з абласцей, — для работнікаў сферы культуры гэта крыніца натхнення і нагода рухацца далей. Таму і РВУ «Культура і мастацтва» сёння вядзе перапіску з культурнымі выданнямі Расіі. Мэта — супрацоўніцтва. Усё дзеля пошукаў новых форм, кропак судакранання.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

Опубликовано:
Просмотров:
172