Выдавецкі дом “Звязда” наведалі туркменскія журналісты

Выдавецкі дом “Звязда” наведалі туркменскія журналісты

У “Звязды” – даўнія і добрыя стасункі з Туркменістанам, туркменскімі СМІ. У 2013 годзе ў Выдавецкім доме пабачыла свет анталогія сучаснай туркменскай і беларускай літаратуры ў адным томе – “Святая любоў”. А яшчэ раней – кніга, адрасаваная дзецям: “Вясёлая азбука” Агагельды Аланазарава. Перакладчык вершаў з туркменскай мовы – Віктар Гардзей. Дарэчы, яшчэ дагэтуль “Вясёлая азбука” была надрукавана і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. З навінак апошняга часу – манаграфічнае даследванне “Літаратурнае пабрацімства: Беларусь – Туркменістан”.

Падзеяй стала і выданне кнігі Гурбангулы Бердымухамедава “Імя добрае неўміручае”. Раман Прэзідэнта Туркменістана прысвечаны яго дзядулю – франтавіку, школьнаму настаўніку, дырэктару сельскай школы, які, прайшоўшы праз многія выпрабаванні, заўчасна пайшоў з жыцця. Прэзентацыя кнігі адбылася ў Ашгабаце ў снежні 2015 года.

Пра гэта і іншыя творчыя праекты “Звязды” і ішла размова на сустрэчы ў канферэнц-зале “Звязды”. Сярод гасцей - старшыня Дзяржаўнага камітэта Туркменістана па тэлебачанні, радыёвяшчанні і кінематаграфіі Максат Алтаеў, галоўны рэдактар газеты “Туркменістан” Какамырат Рэджэпаў, галоўны рэдактар газеты “Нейтральный Туркменистан“ Мая Алімава, галоўны рэдактар газеты “Галкыныш” Мердэн Газакбаеў, галоўны рэдактар газеты “Ашгабат” Анамырат Мамедаў, галоўны рэдактар газеты “Эдэбіят ве сунгат” (“Літаратура і мастацтва”) Хемрагулы Худайгулыеў, галоўны рэдактар часопіса “Зенан” Майса Тайджыкава.

Сяргей Шычко “Звязда”

Опубликовано:
Просмотров:
519