Выдавецкі дом «Звязда» стаў удзельнікам фестывалю «PROдвижение КНИГИ. Библиотечные ступени»

Выдавецкі дом «Звязда» стаў удзельнікам фестывалю «PROдвижение КНИГИ. Библиотечные ступени»

Выдавецкі дом «Звязда» стаў удзельнікам фестывалю «PROдвижение КНИГИ. Библиотечные ступени», што адбыўся ў Карэліцкай раённай бібліятэцы.

Мерапрыемства, прымеркаванае да Года малой радзімы, 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці, сабрала пад адным дахам бібліятэкараў, выдаўцоў, пісьменнікаў і чытачоў. 

«Гэты фестываль — цудоўная магчымасць не толькі прадставіць новыя выданні, але і падзякаваць усім тым, для каго кніга — не пусты гук», — адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іна Санчук. 

Наведвальнікі літаратурнага свята змаглі пазнаёміцца не толькі з лепшымі кнігамі беларускіх выдавецтваў (акрамя «Звязды», у Карэлічы завіталі «Мастацкая літаратура», «Книжный дом», «Регистр»), але і з аўтарамі некаторых твораў. 

Журналіст, спартсмен, пісьменнік Міхаіл Лучыцкі прэзентаваў ваенна-прыгодніцкі раман пра падзеі часоў Другой сусветнай вайны «Десять тысяч полетов стрелы». 
Пісьменніца і прадзюсар Валерыя Фамінова падрыхтавала літаратурна-музычнае выступленне па матывах свайго раману «Это». 

А добра вядомы юным чытачам аўтар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Гушынец прадставіў кнігу «Девочка и крокодил». 

Вось такімі «рознафарматнымі» сталі «прыступкі» ў свет літаратуры, якія падрыхтавала для аматараў чытання Карэліцкая раённая бібліятэка.

Опубликовано:
Просмотров:
1 127