Выдавецтва «Мастацкая літаратура» пачало выданне дзесяцітомнага Збору твораў Янкі Брыля

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» пачало выданне дзесяцітомнага Збору твораў Янкі Брыля

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» пачало рэалізацыю важнага для беларускага асветніцтва праекта: да чытача прыйшоў першы том дзесяцітомнага Збору твораў народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля.

Уся творчая дарога Янкі Брыля — шлях да самога сябе, жаданне разабрацца ў перыпетыях грамадскага жыцця, спроба асэнсаваць рэчаіснасць. Праз апавяданні і аповесці, праз раман «Птушкі і гнёзды», праз лірычныя запісы і мініяцюры. Янка Брыль усім сваім лёсам выявіў захопленасць мастацкім словам, прыўнёс у нашу чытацкую свядомасць хараство і красу беларускага прыгожага пісьменства. Гэта відаць і па тых цёплых, шчодрых на моўныя фарбы тэкстах, якія склалі першы том запланаванага дзесяцітомніка. Апавяданні і лірычныя замалёўкі, якія ўвабралі творы 1937—1966 гадоў, — як своеасаблівы экзамен, што спадарожнічаў жыццю розных пакаленняў беларускіх чытачоў. У памяці з ранейшых знаёмстваў і адкрыццяў — брылёўскія «Ліпа і клёнік», «Memento morі», «Казачок», «Зялёная школа», «Галя»... Колькі тут шчырасці, сардэчнасці, душэўнасці!.. Такога блізкага да чытача пісьменніка ў беларускай літаратуры трэба яшчэ пашукаць: Янка Брыль умеў быць адкрытым як ніхто, у малых, някідкіх на першы погляд з'явах ён знаходзіў вялікі сэнс, філасофію, вартасці якой прымушалі думаць, разважаць і нават гарэць перажываннямі. Брылёўскае слова рашуча ладзіла разломы розных ландшафтаў рэчаіснасці. Брылёўскае слова і зараз багатае на сучаснасць, сугучнасць звычайнаму, будзённаму і ўзнёсламу, радаснаму сённяшніх нашых дзён.

У рэдкалегію новага Збору твораў вялікага беларускага пісьменніка сучаснасці ўвайшлі вядомыя літаратуразнаўцы, літаратары, дачка Янкі Брыля — Наталля Іванаўна Семашкевіч. У другім томе таксама будуць апавяданні і лірычныя замалёўкі. У трэцім і чацвёртым — аповесці. Пяты том умяшчае раман «Птушкі і гнёзды». У шостым і сёмым — лірычныя мініяцюры. Восьмы — нарысы, літаратурныя партрэты. У дзявятым — літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы, інтэрв'ю. Завяршае Збор твораў том эпісталярнай спадчыны.
Опубликовано:
Просмотров:
1 582
Направления: