Выстаўка фотакарэспандэнта абласной газеты «Гомельская праўда» Алега Белавусава адкрылася ў Гомелі
У зале гомельскага цэнтра народнай творчасці па вуліцы Ірынінскай у Гомеле адкрылася выстаўка фотакарэспандэнта абласной газеты «Гомельская праўда» Алега Белавусава «Беларускі след. Частка 1. Архітэктура».
Праект «Беларускі след» задуманы як серыя выставак, прысвечаных архітэктуры, этнаграфіі, фальклору, звычаям, сучаснасці незалежнай Беларусі. Аўтар на працягу многіх гадоў знаёміцца з выдатнымі мясцінамі краіны, фіксуючы іх на фотастужку і лічбавую камеру.
Першая частка гэтага праекта прысвечана разнастайнасці беларускай архітэктуры. Будынкі нясуць не толькі практычную і эстэтычную функцыю. Дамы мысляроў, мастакоў, паэтаў, дзяржаўных дзеячаў з часам становяцца цэнтрам духоўнага прыцягнення. Дамы нясуць у сабе гістарычную памяць пакаленняў.
Праект падкрэслівае унікальнасць і непаўторнасць беларускай архітэктуры, неабходнасць яе захавання. Алег Уладзіміравіч Белавусаў жыве ў Гомелі з 1987 года. Працуе фотакарэспандэнтам у абласной газеце «Гомельская праўда». Удзельнік абласных і рэспубліканскіх выставак і конкурсаў. Працы фатографа друкаваліся ў прэсе Беларусі, Расіі, Украіны. Член Беларускага творчага аб’яднання «Фотамастацтва».
http://gp.by/category/news/culture/news183084.html
Крыніца: http://gp.by “Гомельская праўда”