Як Беларусь супрацоўнічае з Кастрамской вобласцю Расіі

Як Беларусь супрацоўнічае з Кастрамской вобласцю Расіі

Ювелірная сталіца Расіі, калыска Дома Раманавых і радзіма вядомай маркі сыру, Кастрама — горад у цэнтральнай частцы Расіі — яшчэ і даволі перспектыўны беларускі партнёр. Нядаўна адбылося пасяджэнне беларускай часткі рабочай групы па супрацоўніцтве нашай дзяржавы і Кастрамской вобласці пад старшынствам міністра інфармацыі Ліліі АНАНІЧ.

Чакалася, што па выніках 2016 года рост экспарту тавараў у параўнанні з 2015-м складзе 104%. Згодна з данымі за студзень — лістапад мінулага года адпаведныя тэмпы склалі 102,1%. Асноўныя экспарцёры ў рэгіён — «Белнафтахім», «Белдзяржхарчпрам», «Беллегпрам», Мінсельгасхарч і Міністэрства прамысловасці. Істотны ўнёсак у экспарт тавараў у рэгіён аказваюць арганізацыі бязведамаснай падначаленасці.

Ёсць, несумненна, і цэлы шэраг акалічнасцяў, якія патрабуюць выпраўлення. Менавіта гэта работа і павінна стаць галоўным кірункам у актывізацыі ўзаемавыгадных эканамічных адносін з Кастрамской вобласцю.

Як прыклад — сітуацыя з лекамі, медпрэпаратамі. Па словах Анатоля ГРУШКОЎСКАГА, начальніка аддзела знешнеэканамічных сувязяў Міністэрства аховы здароўя, пастаўкі лекаў у Расійскую Федэрацыю ажыццяўляюцца праз Маскву, паколькі менавіта ў цэнтры вырашаюцца пытанні закупак лекавых сродкаў, а таксама іх выпрабаванні. Калі б былі прамыя пастаўкі ў рэгіён, сітуацыя выглядала б інакш.

На наступным тыдні — 6—7 лютага — у сталіцы будзе працаваць дэлегацыя Кастрамской вобласці Расійскай Федэрацыі пад кіраўніцтвам яе губернатара Сяргея Сітнікава. Як паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі, падчас высокіх сустрэч на высокім узроўні будуць абмеркаваны перспектывы развіцця ўзаемадзеяння нашай дзяржавы і Кастрамской вобласці, ключавыя стратэгічныя кірункі двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.


Надзея ЮШКЕВІЧ, "Звязда"
Опубликовано:
Просмотров:
278