Як развіваецца медыйнае супрацоўніцтва Беларусі і Кітая

Як развіваецца медыйнае супрацоўніцтва Беларусі і Кітая

Узаемадзеянне Беларусі і Кітая дынамічна развіваецца на працягу больш чым трох дзесяцігоддзяў. Сёлета нашы краіны адзначылі адметную дату — 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. За гэты адносна невялікі прамежак часу краінам удалося здзейсніць сапраўдны прарыў — беларуска-кітайскае ўзаемадзеянне на міжнароднай арэне шмат у чым прызнаецца ўзорным. «Мінск ганарыцца адносінамі жалезнага братэрства і ўсёпагоднага сяброўства з Пекінам», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім віншаванні Старшыні КНР Сі Цзіньпіну з нагоды Свята Вясны. Вынікам плённага ўзаемадзеяння сталі маштабныя праекты, адзін з ключавых сярод іх — Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», які кіраўнік КНР па праве назваў жамчужынай транснацыянальнага праекта «Пояс і шлях». У пачатку наступнага тыдня адбудзецца насамрэч знакавая падзея ў беларуска-кітайскай медыйнай прасторы — журналісцкія супольнасці нашых краін падпішуць пагадненне аб супрацоўніцтве. Што дасць дакумент, чым увогуле адметнае ўзаемадзеянне ў гэтай сферы, «Звяздзе» распавёў старшыня Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў.

Кривошеев

— Чаму ўзнікла неабходнасць у падпісанні пагаднення?

Сувязі паміж журналісцкімі супольнасцямі Беларусі і Кітая не перапыняліся. Яны былі шчыльныя і ў савецкі час, і падчас устанаўлення дыпламатычных адносін у 1992 годзе. Беларусь уяўляла інтарэс для Кітая, а Пекін быў надзвычай цікавы для Мінска, паколькі пашыралася супрацоўніцтва па шырокім дыяпазоне сфер. Апошнія 10 гадоў гэтае ўзаемадзеянне выйшла на новы ўзровень. Беларускім саюзам журналістаў у 2015 годзе было падпісана пагадненне з Усекітайскай асацыяцыяй журналістаў. Адпаведныя пагадненні былі заключаны паміж СМІ Беларусі і Кітая. Адбываецца рэгулярны абмен дэлегацыямі. Праўда, свае карэктывы ўнесла пандэмія каранавіруса, паколькі многія кантакты перайшлі ў анлайн-фармат.

Гэта з аднаго боку, а з іншага — журналістаў стымулюе рухацца далей дынаміка ўзаемаадносін: паспяхова рэалізоўваюцца сумесныя глабальныя эканамічныя праекты, у прыватнасці кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Такое супрацоўніцтва патрабуе ў інфармацыйны век належнага суправаджэння. Адсюль узнікла ідэя падпісаць вялікае пагадненне, дзе б мы акрэслілі дынамічнае двухбаковае супрацоўніцтва і абмен кантэнтам. Мы імкнуліся прапісаць шэраг важных момантаў: гэта і навучанне маладых калег, і ўдасканаленне кваліфікацыі, і абмен візітамі.

З іншага боку, нам неабходна падтрымліваць адзін аднаго на міжнароднай арэне. Паколькі зараз самыя аўтарытэтныя журналісцкія арганізацыі, такія як Міжнародная федэрацыя журналістаў, Еўрапейская федэрацыя журналістаў, розныя так званыя праваабарончыя цэнтры актыўна прасоўваюць сінафобію і фэйкі аб Кітаі. Былі шматлікія спробы прасоўвання сінафобіі ў Беларусі, у прыватнасці праз так званыя новыя медыя. У прыватнасці, прасоўваўся фэйк аб кітайскім паходжанні каранавіруса. Тут мы падстаўляем плячо нашым калегам з Паднябеснай. Даносім аб'ектыўную інфармацыю і развенчваем фэйкі, якія скіраваны на тое, каб спарадзіць страхі перад усім кітайскім, падарваць шчыльнае палітычнае, эканамічнае, гуманітарнае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі

— Чым адметнае медыйнае супрацоўніцтва падчас пандэміі?

З-за пандэміі каранавіруса, калі журналісцкае супрацоўніцтва шмат у чым было згорнута, мы нарошчвалі ўзаемадзеянне анлайн праз развіццё клубнай практыкі. Стварылі клуб журналістаў і экспертаў дзвюх краін «Бяньчжун» («Звон»). З беларускага боку яго ўзначальвае Юрый Шаўцоў. Вельмі важна стварэнне такіх пляцовак, якія б, па-першае, фармулявалі на экспертным узроўні задачы, што стаяць перад журналісцкімі арганізацыямі, па-другое, праводзілі б даследаванні, акумулявалі аналітычную работу. У тым ліку вельмі важныя сацыялагічныя апытанні наконт таго, якія кірункі нашага супрацоўніцтва найменш ахоплены інфармацыйнай падтрымкай. Бо зараз, калі нейкая падзея недастаткова раскручана ў медыйным полі, пэўныя структуры прыцягваюць інфармацыйных шарлатанаў, ствараюць фэйкі, правакацыі.

Мы праводзілі летась спецыяльнае даследаванне аб тым, наколькі кітайская тэматыка прысутнічае ў беларускіх СМІ. Прычым вывучалі не толькі прастору рэспубліканскіх медыя, але і рэгіянальных, а таксама так званых новых медыя — апытвалі блогераў, цік-токераў, інфлюэнсераў, лідараў грамадскага меркавання як у сталіцы, так і ў рэгіёнах. Даследаванне паказала, што кітайская тэматыка прысутнічае на ўсёй прасторы, двухбаковае супрацоўніцтва нязменна выклікае цікавасць і вельмі пазітыўна ўспрымаецца. Аднак адчуваецца перакос у бок буйных рэспубліканскіх СМІ. Менавіта яны трымаюць гэты парадак дня, задаюць асноўныя трэнды асвятлення тых ці іншых падзей, напрыклад, сумеснага пераадолення наступстваў пандэміі, сустрэч на найвышэйшым узроўні, святкавання 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін.

У рэгіёнах супрацоўніцтва менш актыўнае. Таксама дастаткова сціпла адбываецца абмен відэакантэнтам і распаўсюджванне беларускай пазіцыі ў новыя медыя Кітая. Тут прычыны і аб'ектыўныя, і суб'ектыўныя. Паколькі носьбітаў кітайскай культуры і мовы ў Беларусі не так шмат. Цяпер поле кітаязнаўцаў, усходазнаўцаў значна нарошчваецца, аднак іх няшмат. Плюс многія медыя, асцерагаючыся памыліцца, абмяжоўваюць сябе ў такіх выказваннях, публікацыях, выступленнях. Атрымліваецца, што кітайская тэматыка ў беларускай інфармацыйнай прасторы, а беларуская ў кітайскай, на жаль, перыядычная — ад выпадку да выпадку. На наш погляд, у рамках новага пагаднення, якое мы падпішам, варта гэтую работу, асабліва ў вымярэнні медыя, журналістыкі, публіцыстыкі, выводзіць на такі ж сістэмны ўзровень, на якім знаходзяцца палітычныя, эканамічныя адносіны.

Адметна, што з боку Усекітайскай асацыяцыі журналістаў, якая аб'ядноўвае больш чым мільён прафесійных журналістаў, такая цікавасць ёсць. Яскравы прыклад: агенцтва «Мінск-Навіны» арганізавала абмен медыякантэнтам з УАЖ па адчувальных знешнепалітычных тэмах (у прыватнасці, эксклюзіўнае інтэрв'ю з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем для Цэнтральнага тэлебачання Кітая). Шмат у чым гэта прарывае тую інфармацыйную блакаду, якую імкнуцца выставіць супраць нас заходнееўрапейскія партнёры. Кітайскія медыя на англійскай мове працытавалі інтэрв'ю, і яно такім чынам трапіла на сусветныя навінавыя пляцоўкі. Для нас гэта добрая магчымасць даносіць нашы каментарыі, пазіцыю, аналітыку не толькі да кітайцаў, але і да ўсяго свету.

— У Паднябеснай нам ёсць чаму павучыцца?

Кітай актыўна развівае прысутнасць новых медыя. З'яўляецца пляцоўкай, платформай для стварэння новых камунікатараў, месенджараў, хостынгу, відэакантэнту, таму ў гэтым сэнсе беларускім журналістам надзвычай цікавы. Нас аб'ядноўвае і тое, што ў Беларусі і ў Кітаі класічныя СМІ карыстаюцца вялікай папулярнасцю і актыўна развіваецца адпаведны сегмент. Такі падыход абгрунтаваны, паколькі мы не ведаем, хто з'яўляецца ўласнікам, а часта і мадэратарам той ці іншай платформы ў інтэрнэце. Мы бачым, што сучасныя камунікатары, створаныя ў тым ліку ў ЗША, уводзяць залімітавы ўзровень цэнзуры, у тым ліку для расійскіх, беларускіх СМІ. Таму ўзнікае неабходнасць ствараць (такія ідэі ўжо ёсць) аб'ектыўную еўразійскую медыяпрастору. Мы з задавальненнем развіваем такое супрацоўніцтва. Падключаем саюзы журналістаў, медыяальянсы Расіі, Казахстана, Кыргызстана, Азербайджана, Арменіі,  усёй адпаведнай прасторы. Разлічваем, што і нашы ўкраінскія калегі таксама далучацца да гэтай работы. Мы адпрацоўваем такую магчымасць.

Вельмі важна развіваць медыясупрацоўніцтва на маштабнай платформе «Адзін пояс, адзін шлях», куды прыцягнута большасць краін свету, якія падзяляюць цывілізаваны, далікатны падыход з боку Кітая да сваіх партнёраў у геапалітычным кантэксце. Мы таксама частка гэтага глабальнага журналісцкага вымярэння. Агучвалі неабходнасць фарміраваць тут сваю платформу і новых медыя, і непасрэднай камунікацыі. Так што мы рушым адным шляхам і актыўна развіваем канструктыўнае супрацоўніцтва на карысць не разбуральнай, а стваральнай журналістыкі.

Мікалай Літвінаў

Фота Яўгена Пясецкага

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

Опубликовано:
Просмотров:
93