Якія кадры чакаюць на работу рэдактары раённых і абласных газет?

Якія кадры чакаюць на работу рэдактары раённых і абласных газет?

Як развівацца рэгіянальным сродкам масавай інфармацыі: ісці па шляху ўзбуйнення і аб'яднання ці захоўваць аўтаномнасць? Як канкурыраваць з інтэрнэт-рэсурсамі і ўдасканальваць уласныя сайты? Якім павінна быць узаемадзеянне з мясцовымі органамі ўлады і якія кадры чакаюць на работу галоўныя рэдактары раённых і абласных газет? Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала, арганізаванага Міністэрствам інфармацыі і Выдавецкім домам «Звязда».

Трэба адзначыць, што такой сустрэчы папярэднічалі абласныя семінары рэгіянальных СМІ, ініцыяваныя Адміністрацыяй Прэзідэнта, дзе прадстаўнікі рэдакцый і тэлекампаній дзяліліся сваімі поглядамі і вывучалі вопыт калег. Цяпер кіраўнікі рэгіянальных СМІ абмеркавалі надзённыя пытанні на рэспубліканскім узроўні і выказалі свае прапановы па ўдасканаленні дзейнасці.

— Рэгіянальныя СМІ вельмі блізкія да падпісчыка, з мясцовымі навінамі яны прыходзяць бадай што ў кожны дом. Іх роля надзвычай важная падчас выбарчых кампаній, — адзначыла начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Міністэрства інфармацыі Таццяна Хмель. — У той жа час падпісчык сёння вельмі патрабавальны, а інфармацыйная прастора развіваецца імкліва. Таму сродкі масавай інфармацыі таксама мяняюцца.

Сёння яны становяцца мультымедыйнымі, калі адначасова падаюць інфармацыю ў розных формах — тэкставай, аўдыяльнай, а таксама фота- і відэаінфармацыю. СМІ ператвараюцца ў шматканальныя крыніцы інфармацыі — перадаюць яе не толькі традыцыйным спосабам, але і праз вэб-сайты, суполкі ў сацсетках. Рэгіянальныя СМІ сёння павінны не абмяжоўвацца інфармацыяй з месцаў, а вырабляць рэспубліканскі кантэнт. А журналіст у сённяшніх рэаліях павінен быць універсальным — успрымаць і апрацоўваць розную тэматычную інфармацыю, а таксама перадаваць яе з дапамогай сучасных сродкаў.

На пытанні падрыхтоўкі кадраў звярнуў увагу і начальнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў. Ён падкрэсліў, што прафесіяналізм журналістаў адыгрывае важную ролю ў аб'ектыўнасці асвятлення праблем. А ад тэндэнцыйных матэрыялаў нясе страты як аўтарытэт выдання, так і аўтарытэт выканаўчай улады. Таццяна Хмель паведаміла, што сёння спецыялістаў для СМІ, акрамя інстытута журналістыкі БДУ, рыхтуюць дзяржаўныя ўніверсітэты ў Гродне, Брэсце і Магілёве. І з імі існуе пастаянная зваротная сувязь. Студэнты практыкуюцца ў розных рэдакцыях, дзе створана сістэма настаўніцтва.

Галоўны рэдактар дзяржынскай раённай газеты «Узвышша» Ларыса Коршун паведаміла, што праблему з кадрамі яны вырашылі па-свойму: пры рэдакцыі стварылі «Клуб юных журналістаў», куды запрашаюць старэйшых школьнікаў.

— Сёння нават у раённай газеце журналіст павінен быць універсальным — ён мусіць і пісаць, і фатаграфаваць, і здымаць для тэлебачання, і запісваць радыёперадачы, і працаваць з сайтам, — расказала Ларыса Коршун. — Дарэчы, наш сайт за непрацяглы час атрымаў вялікую папулярнасць у рэгіёне. Зараз у нас у сярэднім 1700 унікальных наведвальнікаў у суткі. Па гэтым паказчыку мы займаем другое месца ў вобласці пасля Барысаўскага раёна. І ў нас ёсць рэзерв, каб гэта лічба вырасла да 3 тысяч. На сайце размяшчаем 13—15 навін штодзень, прычым яны адрозніваюцца ад тых, што друкуюцца ў газеце. Мэтавая аўдыторыя сайта — людзі ад 24 да 49 гадоў, самая плацежаздольная катэгорыя. А вось у друкаванай версіі, як правіла, падпісчыкі больш сталага ўзросту. Праз сайт імкнёмся рэкламаваць газету, і гэта спрацоўвае.

А вось Ігар Сяргееў, галоўны рэдактар рэчыцкай раённай газеты «Дняпровец», якая ў хуткім часе адзначыць свой 100-гадовы юбілей, упэўнены, што інтэрнэт адцягвае падпісчыка. У выданні самастойна распрацавалі сайт, і штодзень яго наведвае 4,5 тысячы ўнікальных наведвальнікаў. Старонку газеты ў «УКантакце» чытае 15 тысяч чалавек, у «Аднакласніках» — 6,5 тысячы. Тым не менш пакуль сайт не прыносіць прыбытку, а наадварот стратны.

— Інтэрнэт успрымаецца як бясплатны сродак атрымання інфармацыі. Але трэба памятаць, што ўсе друкаваныя СМІ выконваюць найперш ідэалагічную функцыю, а затым інфармацыйную і забаўляльную, — выказаў меркаванне Ігар Сяргееў. — Таму ўсе зацікаўленыя структуры павінны аб'яднаць намаганні, каб падтрымаць нас. Уплыў друкаваных СМІ ў інфармацыйнай прасторы не павінен слабець.

На думку Ігара Сяргеева, такія выданні застануцца і будуць існаваць. І прывёў прыклад Швецыі, дзе планамерна падтрымліваюць газеты.

— Асноўная аўдыторыя перыёдыкі там — людзі ва ўзросце 50 гадоў і старэйшыя. Гэта той жыццёвы перыяд, калі выплачаны крэдыты на жыллё і зроблены нейкія накапленні. Адзін са спосабаў іх прымнажэння — набыць акцыі адных прадпрыемстваў і прадаць акцыі іншых. У той жа час суб'екты гаспадарання абавязаныя размяшчаць справаздачы аб фінансавай дзейнасці ў мясцовых газетах. Такім чынам чытачы атрымліваюць карысную для сябе інфармацыю, аналізуюць і прымаюць рашэнні, якія акцыі ім набыць, ад якіх пазбавіцца. Такое рашэнне на дзяржаўным узроўні прынята, каб падтрымаць газеты. У выніку выйграюць усе — і ўлада, і газеты, і іх чытачы, — падзяліўся Ігар Сяргееў.

Ён расказаў, што ў Швецыі рэгіянальныя газеты належаць холдынгам. Прычым большасць выданняў вядуць свой летапіс з пазамінулага стагоддзя. Зразумела, што за гэты час у іх змяніўся шэраг уласнікаў, аднак назва засталася.

Аб рабоце ў складзе айчыннага холдынга расказала і Ларыса Коршун. Каля паўгода таму дзяржынская раённая газета «Узвышша» была аб'яднаная ў холдынг з абласным выданнем «Мінская праўда». Галоўны рэдактар падкрэсліла, што станоўчых момантаў у такім узбуйненні шмат.

— Сёння нашы чытачы атрымліваюць дзве газеты — раённую і абласную. Прычым «Узвышша» выйшла на каляровы друк, і падпісчыкі атрымалі больш якасны прадукт. Фармат раённай газеты быў залішне кансерватыўны, і «Мінская праўда» падштурхнула нас да развіцця — і ў інфармацыйным напаўненні, і ў дызайне мы сталі лепшыя. А абласная газета праз нас наблізілася да чытача. Прычым мы меркавалі, што частка падпісчыкаў будзе задаволеная, а нехта і негатыўна ўспрыме аб'яднанне, аднак адмоўных водгукаў не атрымалі. Тыраж нашай газеты не зменшыўся, нягледзячы на тое, што кошт, хоць і нязначна, але павялічыўся. Вырасла і заработная плата ў супрацоўнікаў рэдакцыі. Будзем развівацца далей: працаваць над сайтам і ствараць сваю рэкламную газету, якая будзе распаўсюджвацца на тэрыторыі Дзяржынскага раёна, — паабяцала Ларыса Коршун.

Аб яшчэ адным варыянце ўдасканалення работы рэгіянальных СМІ — кластары — расказаў галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Юрый Касіцкі.

— Сумесна з кафедрай журналістыкі Гродзенскага ўніверсітэта быў створаны медыйна-інфармацыйны кластар на базе «Гродзенскай праўды». Карысць ад кластара атрымалі найперш супрацоўнікі раённых газет, якія праходзяць стажыроўкі і майстар-класы па розных кірунках, пачынаючы ад вёрсткі, тэматычнага напаўнення газеты да прасоўвання сайта ў сеціве. Акрамя гэтага, паміж раённымі і абласной газетай наладжаны пэўны інфармацыйны абмен. У «Гродзенскай праўдзе» друкуюцца навіны з самых розных куткоў вобласці. Раённыя газеты ў сваю чаргу атрымліваюць карысную інфармацыю з усёй Гродзеншчыны.

Наведваюць рэгіянальныя журналісты і «Школу журналістыкі «Майстэрня BY-RU», дзе прафесійныя сакрэты раскрываюць расійскія карэспандэнты, рэдактары, менеджары СМІ і PR-спецыялісты. А таксама павышаюць кваліфікацыю ў творчай майстэрні на базе тэлерадыёкампаніі «Гродна Плюс». Усё гэта спрыяе росту прафесійнага майстэрства.

— Уніфікацыя, глабалізацыя — той шлях, па якім павінны ісці сучасныя сродкі масавай інфармацыі, — пагадзіўся дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў. — Ён мае перспектыву, бо такія выданні выйграюць у плане ўзаемнага інфармацыйнага абмену, мабільнасці, падрыхтоўкі кадраў.

Галоўны рэдактар брэсцкай абласной газеты «Зара» Аляксандр Лагвіновіч засяродзіў увагу на тым, што абласной газеце, у адрозненне ад рэспубліканскай і раённай, складаней дайсці да падпісчыка.

— Сёння не кожная сям'я можа дазволіць сабе выпісваць і раённую, і абласную газету. Мы апынуліся ў няпростых умовах канкурэнцыі. Тым не менш гэта прымушае нас развівацца. У газеце, напрыклад, з'явілася рубрыка «Рэгіён». Людзям цікава не толькі тое, што адбываецца побач, але і тое, як жывуць суседзі. Мы пачалі друкаваць цікавыя навіны з Гродзенскай вобласці, і бачым, што чытачам гэта ідэя прыйшлася даспадобы. У барацьбе за падпісчыка мы стварылі асобны падпісны індэкс для прадпрыемстваў, якія могуць падпісаць сваіх работнікаў. Але тут нярэдка нам прыходзіцца канкурыраваць з галіновымі выданнямі.

Аляксандр Лагвіновіч падкрэсліў, што з імклівым развіццём інфармацыйнай прасторы не толькі рэдактары і журналісты павінны быць асобамі публічнымі. Датычыцца гэта і прадстаўнікоў мясцовай улады. Яны мусяць быць гатовымі аператыўна даць неабходную інфармацыю, своечасова адрэагаваць на праблемнае пытанне каментарыем на тэлебачанні, радыё ці ў газеце.

— Мэта папярэдніх семінараў рэгіянальных СМІ і сённяшняга мерапрыемства — пачуць голас рэгіёнаў, атрымаць прапановы для далейшага ўдасканалення работы перыядычных выданняў, — падкрэсліла, падводзячы вынік круглага стала, Таццяна Хмель. — Мы прыйшлі да высновы, што разрозненыя структуры сёння, на жаль, прайграюць тым, хто пайшоў па шляху ўзбуйнення. І інфармацыйныя кластары, і медыйныя холдынгі дэманструюць сваю выніковую дзейнасць і ў эканамічным плане, і выйграюць у барацьбе за чытача.

Усе прапановы ад прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ будуць разгледжаныя і прааналізаваныя ў Міністэрстве інфармацыі, далейшая стратэгія развіцця будзе будавацца з іх улікам.

Інфармацыя прадстаўлена РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”
Опубликовано:
Просмотров:
353