Якія старонкі гісторыі адкрые радзімазнаўчы праект Мінінфарма і Уладзіміра Ліхадзедава «Бацькаўшчына»

Якія старонкі гісторыі адкрые радзімазнаўчы праект Мінінфарма і Уладзіміра Ліхадзедава «Бацькаўшчына»

Часам нам не хапае здольнасці ўбачыць нават абрысы нашай неабсяжнай, багатай на розныя помнікі дойлідства краіны, цікавай па сваім прыродным ландшафце. І тады мы звяртаемся да розных крыніц памяці. Адну з іх сёлета, у Год гістарычнай памяці, вырашылі напоўніць арганізатары наступнай ініцыятывы — сумеснага праекта Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава «Бацькаўшчына».

Kopus.jpg

Копысь.

Запрашаючы да падарожжа па краіне, арганізатары праекта «Бацькаўшчына» мяркуюць, што публікацыі рэпрадукцый старых паштовак у мясцовым рэгіянальным друку падкажуць кірункі пошуку розных радзімазнаўчых цікавінак. Візуалізацыя гістарычных звестак стане часткай работы па гістарычным, патрыятычным выхаванні грамадства.

За многія гады збіральніцтва, — гаворыць калекцыянер, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Ліхадзедаў, — я аб'ездзіў усю нашу краіну. І з выстаўкамі, і з прэзентацыяй кніг серыі «У пошуках страчанага». На свае вочы бачыў цікавасць людзей да старой паштоўкі. Здаралася, што падчас сустрэч нехта дзяліўся і тым, што бачыў такія паштоўкі ў сваіх бацькоў, што яны захоўваліся ў архівах старэйшых сямейнікаў. Многія паштоўкі сталі рэпрадукцыямі ў кнігах. Паступова, за многія гады, выбудавалася цэлая бібліятэка. Дзякуючы паштоўкам я прайшоўся адрасамі праваслаўных храмаў, узнавіў усялякую інфармацыю пра падзеі Першай сусветнай вайны ў Беларусі. Розгалас выклікалі альбомы «Беларусь шматнацыянальная», «17 верасня. Дзень народнага адзінства». Да рэпрадукцый старых паштовак я дадаў і іншыя ілюстрацыйныя, дакументальныя матэрыялы. У прыватнасці, дату 17 верасня 1939 года, жыццё беларусаў пад прыгнётам палякаў у міжваенны перыяд паказаў з дапамогай старых газет.

rechica.jpg

Рэчыца. Кірмаш.

dabravolya_kopiya.jpg

Дабраволя. Свіслацкі р-н. Мясцовыя жыхары.

Легендарны беларускі філакартыст, калекцыянер, зборы якога нагадваюць жывую раку, што нясе сваім цячэннем памяткі пра Беларусь ранейшых дзесяцігоддзяў па ўсім свеце, Уладзімір Ліхадзедаў валодае асаблівым зрокам, асаблівым светабачаннем дасведчанага гісторыка.

— Старая паштоўка мне асабіста, — дзеліцца сваімі развагамі Уладзімір Ліхадзедаў, — дапамагае бачыць разнапланавае, шматаблічнае, з рознымі сацыяльнымі, грамадскімі праявамі жыццё роднай старонкі. Найперш — маёй любімай Полаччыны. Вандруючы з паштоўкамі па Беларусі, я заўжды іх выявы прымерваў да дзён сённяшніх, да тых грунтоўных змен, якія прынесла нам жыццё блізкіх дзесяцігоддзяў. Мяняецца ў гарадах архітэктурны ландшафт, новабудоўлі прыходзяць і на тыя пляцы, што захоўвалі яшчэ зусім нядаўна адлюстраванні даўніны. Люблю поруч з паштоўкай выкладваць і сучасныя фотаздымкі. Раблю гэта на выстаўках, друкую такія параўнанні, паралелі ў сваіх кнігах, у публікацыях у перыядычным друку... Бачылі б вы, колькі і якіх эмоцый прыносяць такія параўнанні асабліва людзям старэйшага пакалення!..

polack_kopiya.jpg

Полацк. Від з Замкавай гары на кадэцкі корпус.

Безумоўна, праект «Бацькаўшчына» дазволіць працягнуць такую справу, уключыўшы ў збор краязнаўчай інфармацыі на месцах руплівых, цікавых да асветніцтва журналістаў, краязнаўцаў. Вядома ж, проста выдатна было б, калі б у выніку гісторыка-краязнаўчага пошуку знайшліся і пэўныя артэфакты, магчыма, — і арыгінальныя паштоўкі. Мо ў некаторых сем'ях яны перадаюцца спадчыннікам з пакалення ў пакаленне. Ды і асабістыя фотаздымкі ранейшых дзесяцігоддзяў, уласны сямейны архіў, напрыклад, паўвекавой даўнасці — шматзначны апавядальнік пра гісторыю сацыяльнага, грамадскага і нават палітычнага характару.

vileyka_kopiya.jpg

Вілейка. Касцёл і царква.

У многіх школах краіны, сярэдніх спецыяльных навучальных установах ёсць грамадскія музеі з цікавымі, адметнымі экспазіцыямі. І, безумоўна, значнае месца ў іх займаюць арыгінальныя фотаздымкі розных часін, а часам і старыя паштоўкі, прысвечаныя сваёй мясцовасці. І цяпер, калі па ўсёй краіне разгортваецца праект «Бацькаўшчына», з'яўляецца магчымасць ажывіць гэтыя экспазіцыі, далучыць рэпрадукцыі мясцовых збораў да друку ў рэгіянальных і рэспубліканскіх выданнях. А чаму б, напрыклад, не абвясціць і пэўны конкурс работ школьнікаў, моладзі як сачыненняў ці эсэ з каментарыямі да візуальнага, ілюстрацыйнага матэрыялу пра сваю мясцовасць?.. Гэта ж усім нам, і журналістам, і калекцыянерам, і моладзі, школьнікам, дапаможа больш пільна ўгледзецца ў малую і вялікую гісторыю Айчыны. Дапаможа зрабіць свае ўласныя, прыватныя адкрыцці галоўных ісцін жыцця, дадасць пачуцця павагі да здзяйсненняў папярэднікаў. Нагадае, які маштаб любові, сыноўскіх пачуццяў мы проста абавязаныя аддаць, скіраваць да роднай старонкі, да нашай Айчыны, да Бацькаўшчыны...

dubae_kopiya.jpg

Дубае. Пінскі р-н. Сядзіба.

Будзем спадзявацца, што ў Год гістарычнай памяці сумесны праект Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» дапаможна сфарміравацца і іншым асветніцкім, выхаваўчым, патрыятычным ініцыятывам, нагадае, кажучы словамі нашага Прэзідэнта: «...нашы рэальныя вытокі — тая жыватворная сіла, якая стагоддзямі жывіла і фарміравала наш духоўны і маральны свет. У ёй і сёння мы чэрпаем мудрасць, вопыт і веру ў сябе».

Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

Опубликовано:
Просмотров:
1 840