За абразы ў інтэрнэце прадугледжана адказнасць аж да крымінальнай

За абразы ў інтэрнэце прадугледжана адказнасць аж да крымінальнай

Аб гэтым падчас брыфінгу нагадаў выконваючы абавязкі начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Генеральнай пракуратуры Беларусі Павел ЕЛІСЕЕЎ.

«Апошнім часам назіраецца значнае павелічэнне колькасці зваротаў грамадзян у органы ўнутраных спраў і непасрэдна ў Міністэрства ўнутраных спраў са скаргамі на некарэктную крытыку, публічнае цкаванне, абразы і пагрозы за выказванне сваёй пазіцыі па розных пытаннях грамадска-палітычнага жыцця дзяржавы, якія размяшчаюцца на розных інтэрнэт-рэсурсах, у тым ліку праз сацыяльныя сеткі», — адзначыў пракурорскі работнік.

Ён падкрэсліў, што сітуацыя, якая склалася, стала магчымай у выніку памылковага ўяўлення і ўспрымання сеткі Інтэрнэт як тэрыторыі ўсёдазволенасці, а ананімнага фармату зносін — як гарантыі беспакаранасці за пэўныя нядобрыя дзеянні.

«Генеральная пракуратура заўсёды зыходзіла і зыходзіць з таго, што грамадзяне незалежна ад іх палітычных перакананняў і прыхільнасцяў маюць роўныя правы на публічнае выказванне свайго меркавання, сваёй пазіцыі. У перыяд выбарчых кампаній палеміка і абмен думкамі могуць дасягаць асаблівага напружання. Але гэта нармальны працэс для любой дэмакратычнай дзяржавы. Аднак спадарожнай умовай такой свабоды з'яўляецца перш за ўсё прытрымліванне элементарнай культуры зносін — калі дыскусія ці абмен думкамі не пераходзяць межы прыстойнасці альбо закона. Публічныя паклёп, абразы ў сетцы Інтэрнэт не толькі непрымальныя, але праследуюцца па законе. За падобныя дзеянні можа наступаць крымінальная, адміністрацыйная і грамадзянска-прававая адказнасць», — папярэдзіў Павел Елісееў.

У прыватнасці, удакладніў выконваючы абавязкі начальніка аддзела, распаўсюджванне заведама непраўдзівых звестак, якія няславяць іншую асобу, паклёп у сродках масавай інфармацыі, інтэрнэце ці іншай сетцы электрасувязі, а таксама паклёп, які ўтрымлівае абвінавачанні ў здзяйсненні цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства, акрамя штрафу можа карацца арыштам ці абмежаваннем свабоды да трох гадоў. Аналагічныя санкцыі прадугледжаны за наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выказаныя ў непрыстойнай форме (абразу праз распаўсюджванне такіх звестак у СМІ ці інтэрнэце).

Размяшчэнне на электронных рэсурсах пагроз прычынення шкоды жыццю, здароўю грамадзян ці іх маёмасці таксама цягне крымінальны пераслед, паколькі робіць замах на асноўныя правы — на жыццё, здароўе, недатыкальнасць асабістай уласнасці. Такія дзеянні прадугледжваюць максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды тэрмінам да трох гадоў.

«Генеральная пракуратура заклікае абдумана і ўзважана падыходзіць да рэалізацыі свайго права на свабоднае выказванне меркавання, не дапускаць дзеянняў, якія парушаюць правы іншых асоб, незалежна ад палітычных перакананняў, сацыяльнай і прафесійнай прыналежнасці апошніх. Разгляданне органамі ўнутраных спраў зваротаў і скаргаў грамадзян па гэтай тэматыцы знаходзіцца на асаблівым кантролі Генеральнай пракуратуры. Пры пацвярджэнні фактаў парушэння закона будуць прымацца меры рэагавання, а вінаватыя асобы будуць прыцягвацца да адказнасці, устаноўленай законам. Узаемная павага правоў і свабод кожнага члена грамадзянскай супольнасці разам з прынцыповай пазіцыяй праваахоўных органаў дазволіць папярэджваць і аператыўна рэагаваць на факты парушэння правоў і свабод грамадзян», — абазначыў пазіцыю Генеральнай пракуратуры Павел Елісееў. 

Па яго словах, па стану на ўчарашні дзень у органы ўнутраных спраў накіравана каля дзесяці такіх скаргаў, праводзіцца адпаведная праверка.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”

Опубликовано:
Просмотров:
648