Залатая раніца

Залатая раніца

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Залатая раніца беларускага адраджэння» адкрылася вечарам 27 лістапада ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. 

Яна працягнецца да 18 студзеня пад знакам праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця», які з’яўляецца, нагадаем, культурным прадуктам сумеснай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і часопіса “Маладосць”.

І выстава, і імпрэза, якая яе адкрывала, прысвечаны пісьменніцкім юбілеям. Круглыя даты адзначаны і яшчэ будуць адзначаны сёлета ў дачыненні да такіх вядомых імёнаў, як Міхась Лынькоў, Алесь Якімовіч, Мікола Хведаровіч, Зэлік Аксельрод, Сяргей Дарожны, Лукаш Калюга, Максім Лужанін, Зінаіда Бандарына, Аркадзь Куляшоў. Сярод гэтых брэндаў і Валерый Маракоў, чый дзень нараджэння супаў з першай прэзентацыяй праекта і быў адзначаны адпаведнай імпрэзай з дэманстрацыяй віртуальнай часткі праекта — унікальнага электроннага рэсурса НББ, і Паўлюк Трус, пра якога распавядала ў юбілейны месяц у форме захапляльнай лекцыі даследчыца літаратуры Ганна Севярынец, і Адам Бабарэка, чый юбілей не так даўно быў адзначаны цэлай серыяй асобных мерапрыемстваў, у тым ліку асветніцкіх лекцый Ганны Севярынец і Віктара Жыбуля, і Алесь Дудар, якога ў музеі будуць успамінаць 27 снежня.

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Залатая раніца беларускага адраджэння» прысвечана перыяду так званай міжваеннай літаратуры, бадай самаму плённаму ў гісторыі беларускай літаратуры і ў той жа час самаму невядомаму, нерасчытанаму, трагічнаму. Адзначыўшы, як плённа дзяржаўныя ўстановы — музеі і бібліятэкі, рэдакцыі перыёдыкі — а таксама асобныя даследчыкі папулярызуюць літаратуру таго перыяду, загадчыца навукова-асветніцкага аддзела музея Эліна Свірыдовіч нагадала, што праект “Залатая раніца…” налічвае ўжо дзесяць гадоў. “Распачаўся ён тады, калі ў нашым музеі прэзентавалася кніга выдавецтва “Беларусі кнігазбор” пад назвай “Расстраляная літаратура. З таго часу штогод музей арганізоўвае выставы пад такой назвай, ушаноўваючы памяць пісьменнікаў таго перыяду, юбіляраў”.

Але сёлетняя выстава адрозная ад папярэдніх, сёлетняя праходзіць пад шыльдай праекта “На хвалі часу…”, і гэта дае магчымасць прадставіць матэрыялы і ў значна большай колькасці.

Наведаць выставу “Залатая раніца беларускага адраджэння” — значыць, не толькі даведацца больш і атрымаць новыя ўражанні, але і пацвердзіць, што паэты-дваццатнікі мелі права на свае меркаванні, мелі талент, які не згасне, мелі вершы, якія трэба чытаць.

Святлана Воцінава, “Маладосць”

Опубликовано:
Просмотров:
1 144