Завершана выданне трохтомнай персанальнай энцыклапедыі «Янка Купала»

Завершана выданне трохтомнай персанальнай энцыклапедыі «Янка Купала»

У выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі” пабачыў свет трэці том персанальнай энцыклапедыі «Янка Купала», куды ўвайшлі артыкулы на літары «П — Я».

Энцыклапедыя «Янка Купала» асвятляе жыццёвы і творчы шлях класіка беларускай літаратуры, аналізуе ўсе яго паэтычныя, празаічныя, публіцыстычныя, драматургічныя творы, іх змест, літаратурна-мастацкія якасці, умовы падрыхтоўкі, распавядае аб краінах і гарадах, якія наведаў Янка Купала, уключае біяграфіі людзей, з якімі ён быў звязаны пры жыцці ці якія аказалі ўплыў на яго творчасць. Раскрываецца вобраз народнага песняра ў беларускім кіна- і тэатральным мастацтве, жывапісе, літаратуры. Выданне можа быць карысным для вучняў старэйшых класаў сярэдніх агульнаадукацыйных школ, гімназій, каледжаў і ліцэяў, для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, якія імкнуцца атрымаць паглыбленыя шматбаковыя веды ў галіне беларускага літаратуразнаўства, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй беларускай літаратуры і культуры.

Далёка не кожная краіна мае выданні такога кшталту. У Расіі адна з першых персанальных энцыклапедый (дакладней — у СССР, бо рабілася яна з удзелам вучоных розных рэспублік вялікай краіны) была выдадзена на пачатку 1980-х гадоў і прысвечана класіку рускай літаратуры Міхаілу Лермантаву. Ва Украіне ў савецкі час выдалі энцыклапедычны аднатомнік «Тарас Шаўчэнка». У Беларусі персанальныя энцыклапедыі былі прысвечаны Францыску Скарыну, Максіму Багдановічу. Але самым першым быў энцыклапедычны слоўнік «Янка Купала» (у 1986 годзе, тады яшчэ аднатомны).

Сярод аўтараў трохтомнай энцыклапедыі «Янка Купала» — Вячаслаў Рагойша, Адам Мальдзіс, Уладзімір Гніламёдаў, Мікола Трус, Жанна Дапкюнас, Галія Фатыхава, іншыя дасведчаныя літаратуразнаўцы, спецыялісты ў галіне выяўленчага мастацтва, музыкі, музейшчыкі, архівісты.
Опубликовано:
Просмотров:
634