Журналістыка існуе за межамі Мінскай кальцавой

Журналістыка існуе за межамі Мінскай кальцавой

…І не толькі як прафесія, але і як сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў для сродкаў масавай інфармацыі. У прыватнасці, журналістаў рыхтуюць у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова. Пра тое, як гэта адбываецца, – у інтэрв’ю з дацэнтам, кандыдатам філалагічных навук Віталём Іванавічам Еўмяньковым.

– У 2015 годзе аб’ядналіся тры кафедры – журналістыкі, беларускай літаратуры, рускай і замежнай літаратуры. Якая на тое прычына? Звычайная аптымізацыя. Калектывы кафедр былі нешматлікімі, акрамя таго, многія супрацоўнікі мелі ўжо сталы ўзрост. І было вырашана скараціць выдаткі на ўтрыманне загадчыкаў кафедр, лабарантаў і накіраваць сродкі на развіццё матэрыяльнай базы, на развіццё спецыяльнасцей.

– Як аб’яднанне паўплывала на працу выкладчыкаў, на адукацыйны працэс?

– Аб’яднанне датычылася толькі працэсу адміністравання кафедрамі. Выкладчыкі як працавалі, так і працягваюць гэта рабіць. Не змяніліся вучэбныя планы, не скарацілася колькасць гадзін. Іншая справа, што давялося адмовіцца ад паслуг некаторых сумяшчальнікаў. Што датычыцца журналістыкі, то аптымізацыя амаль не закранула гэтую спецыяльнасць. Засталіся журналісты-практыкі, застаўся філіял на базе інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці», як і раней, дзейнічае медыялабараторыя… Жыццё пасля аб’яднання працягваецца. Лічу, што нічога катастрафічнага не адбылося.

– Якіх спецыялістаў рыхтуе ваша кафедра?

– Кафедра рыхтуе педагогаў-філолагаў (руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура), а таксама журналістаў (друкаваныя СМІ).

– Якія, на вашу думку, перавагі адукацыі на вашай кафедры?

– Буду казаць толькі пра журналістыку… Па-першае, да кожнага студэнта мы маем індывідуальны падыход. І гэта не пустыя словы… Студэнтаў не так багата. І ўжо з першага курса мы інтэгруем кожнага ва ўніверсітэцкае і ў прафесійнае жыццё. Пасля першай сесіі прапаноўваем ім спецыялізацыі, да якіх студэнты маюць схільнасць: той, хто добра піша, трапляе ў рэдакцыю студэнцкай газеты «Наша версія»; той, хто мае здольнасці да аператарскай працы, не баіцца фотакамеры, – трапляе ў рэдакцыю студэнцкага тэлебачання MSU NEWS (дарэчы, у нашым горадзе гэты брэнд досыць вядомы, у свой час праз MSU прайшлі многія журналісты, якія зараз працуюць на «Беларусь 4», на АНТ, «Беларусь 5» і г. д.). Ёсць у нас студэнцкая прэс-служба, ёсць праект «12 ігрок» (мы акрэдытаваныя на чэмпіянаце Беларусі па футболе, вышэйшая ліга), ёсць праект «Музыка нас звязала» і гэтак далей. Другая перавага адукацыі на нашай кафедры – яе практычная скіраванасць. Мы імкнёмся пазбягаць залішняй тэорыі і вучым будучых спецыялістаў менавіта таму, што спатрэбіцца ім у рэальным жыцці, прафесійнай дзейнасці. Яшчэ адна перавага, як мы лічым, – даволі істотная: мы арыентуемся на запатрабаванні менавіта магілёўскіх СМІ. Адной рэдакцыі, напрыклад, патрэбны вэб-журналісты, іншай – фотакарэспандэнты, вярстальшчыкі… Мы ўлічваем гэтыя запатрабаванні, заключаем дамовы з рэдакцыямі. Таму ў нас стоадсоткавае размеркаванне. Ні адзін наш студэнт не застаецца без першага месца працы.

Інтэрв’ю цалкам чытайце ў новым нумары часопіса «Журналіст».

Крыніца - часопіс «Журналіст».

Опубликовано:
Просмотров:
102
Поделиться в соц.сетях