”Зорьке“ – 75!

”Зорьке“ – 75!

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч павіншаваў калектыў рэдакцыі рэспубліканскай газеты для дзяцей і падлеткаў ”Зорька“, а таксама заслужаных ветэранаў журналістыкі з 75-годдзем з дня выхаду першага нумара газеты ў студзені 1945 года.

У той год са старонак ”Зорьки“ да яе чытачоў звярнуўся Якуб Колас: ”Люты вораг разбурыў нашы школы. Але няхай вас гэтыя цяжкасці не хвалююць: з кожным днём мы пераадольваем іх. Вы памятайце гэта і старайцеся добра вучыцца!“. Само выданне пісала: ”Пройдзе трохі гадоў – і не пазнаеш нашу Беларусь: стане яна нашмат багацейшай, прыгажэйшай, чым была да вайны“.

Прагноз здзейсніўся. Беларусь расквітнела, і ў гэтым ёсць пачэсны ўклад ”зоркаўцаў“. А само выданне стала газетай нумар адзін для дзяцей і падлеткаў, захавала слаўныя традыцыі, набыло свой непаўторны стыль.

Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што шматлікія праекты выдання – ”Зарніца“, ”Алімпія“, ”Агеньчык“, ”Парасон дабрыні“, ”Залатая шайба“ і іншыя – на ўра прымалі хлопчыкі і дзяўчынкі. На іх выхоўваліся і мужнелі будучыя героі працы, чэмпіёны, лаўрэаты. Разам з ”Зорькой“ вырасла не адно пакаленне дастойных грамадзян краіны.

“І сёння ”Зорька“ крочыць у нагу з часам. Паспяхова, шчыра і сумленна размаўляе з маладым пакаленнем, уважліва і чула ставіцца да яго. Тут дзейнічаюць вочная і завочная школы юных карэспандэнтаў і ютуб-блогераў. Яны актыўна дапамагаюць рабіць газету аб дзецях для дзяцей – гэта лепшае прызнанне яе запатрабаванасці як вернага сябра і суразмоўцы, педагога-настаўніка, які разумее падлеткавыя праблемы”, – гаворыцца ў віншаванні.

Міністр пажадаў, каб ”Зорька“ і надалей была цікавай, карыснай і змястоўнай як для школьнікаў, так і для іх бацькоў. А калектыву рэдакцыі – творчых поспехаў, удачы ва ўсіх добрых пачынаннях, здароўя і дабрабыту.

Опубликовано:
Просмотров:
521