Да 75-годдзя Хатынскай трагедыі
Выдавецтва “Беларусь” выпусціла камплект паштовак да 75-годдзя трагедыі вёскі Хатынь.
22 сакавіка 1943 года адбылася расправа над мірнымі жыхарамі вёскі. Старых, жанчын і дзяцей карнікі загналі ў пуню і падпалілі. Былі забіты і згарэлі жывымі ў агні 149 чалавек, 75 з якіх – дзеці. Самаму маленькаму было сем тыдняў ад нараджэння.
У 1969 годзе на месцы вёскі быў адкрыты мемарыяльны комплекс “Хатынь”. У 1970 годзе аўтары мемарыяльнага ансамбля архітэктары Ю.Градаў, В.Занковіч, Л.Левін і скульптар С.Селіханаў былі ўзнагароджаны Ленінскай прэміяй.
Комплекс узведзены ў памяць не толькі пра вёску Хатынь, спаленую разам з жыхарамі, і іншыя беларускія вёскі, што падзялілі яе лёс, але і пра ўсіх мірных жыхароў Беларусі, якія былі знішчаны нацыстамі ў гады Другой сусветнай вайны. Мемарыяльны комплекс “Хатынь” – гэта святыня нацыянальнай памяці беларускага народа.