Рэдакцыя часопіса “Маладосць” наведалася ў Калінкавічы

Рэдакцыя часопіса “Маладосць” наведалася ў Калінкавічы

16 сакавіка рэдакцыя часопіса “Маладосць” наведалася ў Калінкавіцкую гімназію.

Мэты візіту шматлікія — ад сустрэчы з вучнямі старшых класаў і юнымі журналістамі Дома творчасці, знаёмства іх з выданнем і яго гісторыяй да перамоў аб далейшым супрацоўніцтве не толькі з гімназіяй, але і з філфакам Мазырскага педуніверсітэта, які мае ў гэтай навучальнай установе філіялы сваіх кафедр, і з Юравіцкім мужчынскім манастыром, які бярэ значны ўдзел у духоўным выхаванні гімназістаў. Дырэктар гімназіі Наталля Уладзіміраўна Мохарава адзначае, у прыватнасці, плённы ўдзел установы ў рэспубліканскім інавацыйным праекце “Увядзенне мадэлі аптымістычнага светапогляду ў дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”. Мэта праекта — прывіццё аптымістычнага погляду і духоўнай стойкасці.

Са справамі духоўнага кшталту было звязана і першае знаёмства рэдактараў часопіса з прадстаўнікамі гімназіі. Яно адбылося мінулым ліпенем, падчас візіту рэдакцыі ў валанцёрскі археалагічны праваслаўны летнік, які вёў раскопкі на тэрыторыі старога манастыра ў Лаўрышаве на Навагрудчыне, пра што “Маладосць” падрабязна пісала ў праекце “З Богам” у № 12. Да слова, экспедыцыя пад кіраўніцтвам вядомага археолага Тэльмана Маслюкова збіраецца і сёлета, і зноў яна не абыдзецца без ужо традыцыйнага візіту “Маладосці” і “маладосцеўскага” рэпартажу “з месца падзей”. 

Пятнічны ж візіт рэдакцыі ў Калінкавічы стаў часткай гімназічнага Тыдня праваслаўнай кнігі. 

Наступны візіт рэдакцыі “Маладосці” на Гомельшчыну намечаны на красавік і напрамую звязаны з папярэднім. З нагоды юбілею  часопіса адбудуцца сустрэчы ў Мазырскім педагагічным універсітэце і Юравіцкім манастыры. Апошні спецыяльна для чытачоў выдання зладзіць для журналістаў часопіса экскурсію па святыні.

Опубликовано:
Просмотров:
603