Спаўняецца 400 гадоў Буквару
24 ліпеня 1618 года ў друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў Еўе (зараз горад Вевіс у Літве) была надрукавана асаблівая кніга, правобраз цяперашняга падручніка для самых маленькіх школьнікаў. "Буквар языка словенска" стаў першым у свеце выданнем з такой назвай.
Навіна пра тое, што ў першага Буквара беларускія карані, з’явілася гады два таму пасля візіту ў Лондан старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, вучонага-кнігазнаўца Алеся Сушы і даследаванняў, праведзеных ім у бібліятэцы Мідл Тэмпл.
Сёлета вясной Каралеўскай бібліятэкай Даніі лічбавая копія Буквара 1618 года была перададзена Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.Атрыманыя копіі дазваляюць яшчэ больш дакладна вывучыць каштоўнейшы помнік славянскай пісьменнасці і аднавіць яго. Да канца жніўня Нацыянальная бібліятэка плануе выдаць трохтомнае факсімільнае выданне першага ў свеце Буквара.
Мерапрыемствы па ўшанаванні першага выдання Буквара пройдуць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, на Дні беларускага пісьменства ў горадзе Іванава. Акрамя таго ў Вільні, Маскве, Парыжы, Лондане, а таксама ў іншых еўрапейскіх сталіцах.