У Мінску прэзентавана кніга «Арганы Беларусі»

Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» прадставіла выданне 25 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Кніга, якая расказвае пра шматвяковую арганную культуру, выйшла ў свет у серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў» па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

У прывітальным слове дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір Андрыевіч адзначыў унікальнасць выдання, якое падрыхтавана ўпершыню ў Беларусі, падкрэсліў, што арганная культура Беларусі – гэта больш за 600 гадоў незвычайна багатай і прыгожай гісторыі, а гукі арганаў працягваюць напаўняць душы беларусаў вялікай духоўнасцю: «Гэта выданне – добрая падстава для даследчыкаў арганнай музыкі і арганнай культуры. Арганная ўрачыстая музыка аб’ядноўвае людзей, а арганы не толькі характарызуюць канкрэтную эпоху, але і натхняюць моладзь глыбока ведаць каранні свайго народа, знаёміцца з імёнамі выбітных музыкантаў і кампазітараў, арганных майстроў».

Першы намеснік дырэктара па абслугоўванні карыстальнікаў і ідэалогіі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алена Далгаполава падзякавала выдавецтва за супрацоўніцтва і выказала надзею на далейшае плённае партнёрства. Ва ўрачыстай абстаноўцы Уладзімір Андрыевіч перадаў асобнік «Арганы Беларусі» ў фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

«Выданне ўжо зараз можна лічыць рарытэтам, у ім упершыню ўздымаецца тэма гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, музычнай культуры, арганнага будаўніцтва і арганнага выканальніцтва на Беларусі. Шыкоўныя фотаздымкі зацікавяць чытача, а прачытаўшы тэксты, ён пажадае наведаць гэтыя касцёлы і арганы», – адзначыў старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі, які ўпэўнены, што кніга дасць штуршок для рэалізацыі доўгатэрміновай грамадска-дзяржаўнай праграмы па адраджэнні старадаўніх арганаў у Беларусі.

Памочніца мастацкага кіраўніка творчага калектыву «Беларуская капэла» Святлана Немагай выказала думку, што кніга, з аднаго боку, атрымалася выніковая, а з другога – выданне толькі коратка вызначае гісторыю стварэння і тэхнічныя характарыстыкі арганаў. Яна таксама звярнула ўвагу на праблемы захавання арганаў як нацыянальнага набытку і іх рэканструкцыю. Сваё захапленне выказала выкладчыца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вольга Савіцкая: «Гэта прэзентацыйнае багата ілюстраванае выданне з’яўляецца унікальным і беспрэцэдэнтным на постсавецкай прасторы. Пакуль ніхто з нашых суседзяў не спадобіўся стварыць такую працу абагульняльнага і аб’яднальнага характару. Гэта выданне з'яўляецца шматаблічным і ёмістым. Праца выдавецтва – гэта дзіўнае сведчанне таго, як моцна злучаны ў нашай культуры традыцыі і сучаснасць. Кніга дае яркае ўяўленне нашага выдатнага мінулага, якое мы павінны любіць, вывучаць і захапляцца і на падставе гэтага падмурка рухацца ў будучыню».

На прэзентацыі перад публікай таксама выступілі складальнік кнігі Аляксандр Бурдзялёў і фатограф выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Анатоль Дрыбас, якія пабывалі ў навуковай экспедыцыі па вывучэнні і фотафіксацыі ўсіх беларускіх органаў. За год яны праехалі 13 тысяч кіламетраў і знайшлі 123 арганы ў храмах розных хрысціянскіх канфесій і канцэртных залах.

Выдавецкі праект «Арганы Беларусі» падрыхтаваны аўтарскім калектывам сумесна з Беларускім фондам культуры і Беларускай акадэміяй музыкі.

Опубликовано:
Просмотров:
156
Направления:
Тип события:
Поделиться в соц.сетях