З усіх шчылін бруд ды гвалт. Ці «навядзем парадак» у інтэрнэт-прасторы?

З усіх шчылін бруд ды гвалт. Ці «навядзем парадак» у інтэрнэт-прасторы?

Газета «Звязда»у нумары за 13.02.2018 надрукавала злабадзённы артыкул «Каб не трапіць у «сетку», які прыкаваў увагу тысяч жыхароў Беларусі. Тэма матэрыяла надзвычай актуальная: дзейнасць інтэрнэт-сайтаў і іх уплыў на грамадска-палітычнае становішча, маральнае і фізічнае здароўе людзей.

Аўтара артыкула прымусіў выступіць у друку той шквал абуральных лістоў, якія нашы грамадзяне накіроўваюць у розныя інстанцыі (Адміністрацыю Прэзідэнта, пракуратуру, Міністэрства ўнутраных спраў, рэдакцыі СМІ)  з патрабаваннем  «навесці парадак» у інтэрнэт-прасторы. Дзеля прыкладу ён прааналізаваў пошту, якая прыходзіць на электронны адрас Міністэрства інфармацыі.   

«Вялікая колькасць зваротаў, – адзначаецца ў артыкуле,– прасякнута трывогай за дзяцей, якія, заходзячы нават на самы бяскрыўдны сайт, у любы момант могуць убачыць на ім спасылку на жорсткае відэа ці так званую сексуальную «клубнічку» і без абмежаванняў па гэтай спасылцы перайсці на партал зусім не для дзіцячых вачэй». І далей цытуюцца гнеўныя радкі чытацкіх лістоў. «Чаму,– піша адзін чалавек,– нас штодня засяроджваюць на сексе, забойствах, крушэннях, аварыях? Колькі мы будзем цярпець увесь гэтыінфармацыйны бруд?»А другі працягвае: «Не дай бог мне дажыць да наступстваў Садома і Гаморы. Наогул што-небудзь робіцца ў дзяржаўных службах, каб гэты бруд не вылазіў з усіх шчылін? Дзе закон? За сябе я не баюся. А мае дзеці? Ці не вы іх павінны абараніць ад гэтага патоку?»

Людзі абураюцца з-за нецэнзурнай лаянкі, экстрэмісцкіх заклікаў, палітычных правакацый у інтэрнэт-прасторы, з-за ўмяшальніцтва ў іх прыватнае жыццё (у сусветнай сетцы распаўсюджваюцца хатнія відэаматэрыялы, фотаздымкі, тэлефонныя размовы). З дапамогай уладальнікаў сайтаў, – звяртае ўвагу аўтар артыкула,– усё часцей здараюцца выпадкі шантажу і нанясення шкоды дзелавой рэпутацыі грамадзян, парушэння аўтарскіх правоў.

Відавочна, што праблема, узнятая ў гэтай публікацыі, закранае за жывое амаль кожнага чалавека, бо немагчыма не прызнаць: інтэрнэт цвёрда і беспаваротна  ўвайшоў у наша жыццё. Яго станоўчае значэнне ні у кога не выклікае сумненняў. Аднак нельга не заўважыць і той негатыўны, разбуральны ўплыў, што аказваюць патокі распусты, гвалту, брудных паклёпаў, інфармацыйнах фальшывак на грамадскую стабільнасць, фізічны і душэўны стан людзей, асабліва маладога пакалення.

І цяжка не пагадзіцца з аўтарам, які робіць выснову, што без прыняцця дадатковых мер заканадаўчага характару, накіраваных на абмежаванне інтэрнэтнай анархіі, мы рызыкуем «патануць у брудзе і супрацьпраўным бязмежжы вэб-сайтаў і сацыяльных сетак, і, што самае страшнае, – згубіць там сваіх дзяцей».


Опубликовано:
Просмотров:
613