Гісторыя
Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (скарочаная назва — Мінінфарм) — рэспубліканскі орган дзяржаўнага ўпраўлення, які фарміруе і рэалізуе дзяржаўную палітыку ў сферы СМІ, кнігавыдання, паліграфіі і кнігараспаўсюджвання. Міністэрства інфармацыі падначальваецца Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь. На Мінінфарм ускладзена функцыя дзяржаўнага рэгулявання ў вобласці перадачы і распаўсюджвання інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь.
Упершыню аб утварэнні Камітэта па справах друку пры Народным Камісарыяце па ўнутраным гандлі БССР як органе дзяржаўнага ўпраўлення ўпамінаецца ў пратаколе № 2 нарады пры Народным Камісарыяце па ўнутраным гандлі ад 4 лістапада 1925 г.
Пастановай СНК БССР ад 27 снежня 1926 г. № 1659 быў скасаваны Камітэт па справах друку пры Народным Камісарыяце па ўнутраным гандлі БССР і арганізаваны Камітэт па справах друку пры Савеце Народных камісараў БССР.
Пастановай СНК ад 27 чэрвеня 1933 г. № 929 Камітэт па справах друку пры Савеце Народных Камісараў БССР быў скасаваны. Яго функцыі былі перададзены Дзяржплану БССР, Упаўнаважанаму Народнага Камісара лясной прамысловасці СССР пры СНК БССР, Галоўліту БССР і Упаўнаважанаму Камітэта таварных фондаў СССР пры СНК БССР.
Пастановай СНК БССР ад 22 лістапада 1938 г. ствараецца Упраўленне па выдавецкіх справах пры Саўнаркаме БССР (Зборнік законаў БССР, 1938, № 18, арт. 71).
На аснове Пастановы СНК БССР ад 23 лютага 1944 г. № 56, зацверджанай затым Пастановай СНК СССР ад 22 чэрвеня 1944 г. № 751, у рэспубліцы ўтворана Упраўленне па справах паліграфіі і выдавецтваў пры СНК БССР.
З 1946 года ў сувязі з перайменаваннем Народных Камісарыятаў у міністэрства Упраўленне па справах паліграфіі і выдавецтваў пры СНК БССР стала называцца Упраўленне паліграфіі і выдавецтваў пры Савеце Міністраў БССР.
На аснове Пастановы Савета Міністраў БССР ад 16 сакавіка 1949 г. кантора «Белкнігагандаль» і Упраўленне па справах паліграфіі і выдавецтваў пры Савеце Міністраў БССР былі аб’яднаны ва Упраўленне па справах паліграфічнай прамысловасці, выдавецтваў і кніжнага гандлю пры Савеце Міністраў БССР (Белпаліграфвыд пры СМ БССР).
У адпаведнасці з Законам Вярхоўнага Савета СССР ад 15 сакавіка 1953 г. «Аб пераўтварэнні міністэрстваў СССР» Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 8 мая 1953 г. і Пастановай Савета Міністраў БССР ад 3 чэрвеня 1953 г. № 668 створана Міністэрства культуры БССР, у склад якога, на аснове Закона Вярхоўнага Савета БССР ад 19 жніўня 1953 г., увайшло Упраўленне па справах паліграфічнай прамысловасці, выдавецтваў і кніжнага гандлю.
Загадам Міністэрства культуры БССР ад 5 верасня 1953 г. № 262 у структуры Міністэрства культуры БССР было створана Галоўнае ўпраўленне выдавецтваў і паліграфічнай прамысловасці.
У мэтах паляпшэння кіравання кнігавыдавецтвам у рэспубліцы, павышэння ідэйнага і навуковага ўзроўню выдаваемай літаратуры, далейшага развіцця паліграфічнай прамысловасці і паляпшэння распаўсюджвання кніг Пастановай Савета Міністраў БССР ад 11 ліпеня 1959 г. № 477 на базе і за кошт штатаў Галоўнага ўпраўлення выдавецтваў і паліграфічнай прамысловасці і Упраўлення кніжнага гандлю ў складзе Міністэрства культуры БССР створана Галоўнае ўпраўленне выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю. Яно з’яўлялася самастойнай дзяржаўна-гаспадарчай арганізацыяй і ўтрымлівалася за кошт дзяржаўнага бюджэту.
У адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 жніўня 1963 г. «Аб стварэнні Дзяржаўнага камітэта СМ СССР па друку» і ў мэтах паляпшэння кіраўніцтва выдавецтвамі, паліграфіяй і кніжным гандлем у Рэспубліцы Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР пастанавіў стварыць Дзяржаўны камітэт Савета Міністраў БССР па друку.
У 1965 годзе адбылося змяненне ў назве Дзяржкамітэта. На аснове Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 23 кастрычніка 1965 г. быў прыняты Закон БССР ад 22 снежня 1965 г. аб перайменаванні Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па друку ў Камітэт па друку пры Савеце Міністраў БССР.
У 1966 годзе адпаведна Пастанове Савета Міністраў БССР ад 21 лістапада 1966 г. № 435 у Камітэце па друку пры Савеце Міністраў БССР скасавана Галоўнае ўпраўленне па ахове ваенных і дзяржаўных тайнаў у друку (Галоўліт).
14 красавіка 1967 г. быў выдадзены Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб ператварэнні камітэта па друку пры СМ БССР у Дзяржаўны камітэт Савета Міністраў БССР па друку.
На аснове загада Старшыня Дзяржкамітэта Савета Міністраў СССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю ад 3 жніўня 1972 г. № 378 Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 25 жніўня 1972 г. Дзяржаўны камітэт Савета Міністраў БССР па друку быў ператвораны ў саюзна-рэспубліканскі Дзяржаўны камітэт па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю БССР.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 24 жніўня 1989 г. «Аб пераўтварэнні некаторых міністэрстваў і дзяржкамітэтаў БССР» саюзна-рэспубліканскі Дзяржаўны камітэт БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю ператвораны ў саюзна-рэспубліканскі Дзяржаўны камітэт БССР па друку.
На аснове Пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 1992 г. № 1389-ХІІ «Аб змяненні структуры Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь» Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па друку быў скасаваны. Указанай пастановай былі скасаваны Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па тэлебачанні і радыёвяшчанні і Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па друку, і на іх базе створана Міністэрства інфармацыі.
У мэтах павышэння эфектыўнасці работы органаў дзяржаўнага кіравання, прывядзення іх структуры ў адпаведнасць з пераўтварэннямі ў эканоміцы, скарачэння колькасці работнікаў гэтых органаў і расходаў на іх утрыманне Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 сакавіка 1994 г. № 145 было створана Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь на базе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
На аснове Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 лістапада 1995 г. № 456 «Аб змяненні структуры цэнтральных органаў упраўлення Рэспублікі Беларусь» Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь было раздзелена на Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па друку.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.09.2001 г. № 516 «Аб удасканаленні сістэмы органаў дзяржаўнага ўпраўлення і іншых дзяржаўных арганізацый, падначаленых Ураду Рэспублікі Беларусь» Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па друку ператвораны ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, на якое ўскладзена функцыя дзяржаўнага рэгулявання ў вобласці перадачы і распаўсюджвання інфармацыі.