Дзейнасць

Пытанні, якія часта задаюць грамадзяне і юрыдычныя асобы

1. Пытанне: У якім парадку ажыццяўляецца абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў, на якіх размешчана забароненая інфармацыя?

         Адказ: У залежнасці ад зместу інфармацыі, распаўсюджанай з дапамогай інтэрнет-рэсурсу або сеткавага выдання, рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу або сеткавага выдання прымаецца Міністэрствам інфармацыі па ўласнай ініцыятыве або на падставе рашэнняў суда, якія ўступілі ў законную сілу, або на падставе пісьмовых паведамленняў дзяржаўных органаў (арганізацый), якія выявілі ў межах сваёй кампетэнцыі факты парушэнняў заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь у частцы выкарыстання інтэрнэт-рэсурсаў для распаўсюджвання інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года ”Аб сродках масавай інфармацыі“ (далей – Закон аб СМІ) і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

         У пераважнай большасці выпадкаў рашэнне аб абмежаванні доступу прымаецца Міністэрствам інфармацыі на падставе пісьмовых паведамленняў дзяржаўных органаў (арганізацый).

         Пунктам 3 артыкула 511 Закона аб СМІ вызначаны патрабаванні да пісьмовага паведамлення дзяржаўнага органа (арганізацыі). Такое паведамленне павiнна змяшчаць:

         ідэнтыфікатар інтэрнэт-рэсурсу (даменнае імя, IP-адрас, URL, іншую інфармацыю, якая дазваляе ідэнтыфікаваць інтэрнэт-рэсурс, доступ да якога падлягае абмежаванню);

         падставы для абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання са спасылкай на норму заканадаўчага акта Рэспублiкi Беларусь.

         Да пісьмовага паведамлення дзяржаўнага органа (арганізацыі) павінна быць прыкладзена графічная выява экрана (скрыншот) адпаведнай старонкі інтэрнэт-рэсурсу, а таксама могуць прыкладацца іншыя дакументы, якія пацвярджаюць факт парушэння заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь.

         Пісьмовае паведамленне дзяржаўнага органа (арганізацыі), аформленае з парушэннем вышэйзгаданых патрабаванняў, не пазней за пяць працоўных дзён падлягае вяртанню без разгляду па сутнасці з указаннем прычын вяртання.

         Юрыдычная або фізічная асоба, у тым ліку індывідуальны прадпрымальнік, з прапановай аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання мае права звяртацца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб у дзяржаўныя органы (арганiзацыi) згодна з іх кампетэнцыяй.

         Рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу або сеткавага выдання прымаецца Міністэрствам інфармацыі па ўласнай ініцыятыве толькі ў выпадку выяўлення фактаў распаўсюджвання імі забароненай інфармацыі ў сферы, якую курыруе міністэрства.

         2. Пытанне: Ці абавязкова ажыццяўленне ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў з дапамогай накіраванняі СМС-паведамленняў?

         Адказ: У адпаведнасці з падпунктам 2.8 пункта 2 артыкула 301 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года ”Аб сродках масавай інфармацыі“ ўладальнік інтэрнэт-рэсурсу абавязаны не дапускаць размяшчэння на інтэрнэт-рэсурсе, у сеткавым выданні інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў (у тым ліку каментаванне) іншымі карыстальнікамі без іх папярэдняй ідэнтыфікацыі, парадак якой устанаўлiваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

         Згодна з пунктам 4 Палажэння аб парадку папярэдняй ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2018 г. № 850, уладальнік інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання ажыццяўляе актывацыю ўліковага запісу карыстальніка шляхам адпраўкі кода актывацыі ў СМС-паведамленні на паказаны пры запаўненні карыстальніцкага пагаднення нумар мабільнага тэлефона карыстальніка ці з выкарыстаннем іншых ідэнтыфікацыйных дадзеных і тэхнічных сродкаў, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць асобу карыстальніка.

         Дадзеная норма не прадугледжвае закрытага пераліку спосабаў ідэнтыфікацыі, таму ўладальнік інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання мае права выбраць самастойна, які спосаб будзе функцыянаваць на яго інтэрнэт-рэсурсе, у сеткавым выданні (СМС-верыфікацыя, ідэнтыфікацыя пры дапамозе электроннай пошты, сацыяльных сетак і г.д. ).

         Міністэрства інфармацыі не ўпаўнаважана вызначаць спосаб ідэнтыфікацыі карыстальнікаў на якім-небудзь інтэрнэт-рэсурсе.

         3. Пытанне: Ці з'яўляецца сайт інтэрнэт-магазіна інтэрнэт-рэсурсам? Ці абавязковая яго рэгістрацыя як сеткавага выдання?

         Адказ: У адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 3 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года ”Аб сродках масавай інфармацыі“ (далей – Закон аб СМІ) яго дзеянне (акрамя патрабаванняў аб дзяржаўнай рэгiстрацыi сродку масавай інфармацыі) распаўсюджваецца на інтэрнэт-рэсурсы, з дапамогай якіх распаўсюджваецца масавая інфармацыя.

         У сувязі з гэтым сайт інтэрнэт-магазіна таксама з'яўляецца інтэрнэт-рэсурсам, на які распаўсюджваюцца ўсе патрабаванні Закона аб СМІ, акрамя патрабаванняў аб яго дзяржаўнай рэгістрацыі.

         У адпаведнасці з Законам аб СМІ з 1 снежня 2018 года інтэрнэт-рэсурс можа быць зарэгістраваны ў якасці сродку масавай інфармацыі – сеткавага выдання ў парадку, устаноўленым артыкулам 13 дадзенага Закона. Пры гэтым рэгістрацыя носіць выключна добраахвотны характар.

         На сайце Міністэрства інфармацыі ў раздзелах ”Друкаваныя СМІ“ і ”Электронныя СМІ“ размешчана Памятка аб СМІ, у якой выкладзены ўмовы і парадак іх рэгістрацыі.

         Інфармуем, што сеткавае выданне абавязана мець рэдакцыю. Функцыі рэдакцыі СМІ могуць быць ускладзены толькі на юрыдычную асобу. Індывідуальны прадпрымальнік не можа выступаць ні ў якасці заснавальніка сродку масавай інфармацыі, ні ў якасці юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ.

         4. Пытанне: Як абавязаць уладальніка інтэрнэт-рэсурсу выдаліць інфармацыю, якая ганьбіць гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю грамадзяніна?

         Адказ: У адпаведнасці з часткай першай пункта 1 артыкула 42 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года ”Аб сродках масавай інфармацыі“ (далей – Закон аб СМІ) фізічныя асобы маюць права патрабаваць ад юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыi рэдакцыi сродку масавай інфармацыі, або уладальніка інтэрнэт-рэсурсу абвяржэння распаўсюджаных звестак, калi гэтыя звесткi не адпавядаюць рэчаіснасці і зневажаюць iх гонар, годнасць ці дзелавую рэпутацыю.

         Згодна з пунктам 2 артыкула 42 Закона аб СМІ, калі юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыi рэдакцыi сродку масавай інфармацыі, або ўладальнік інтэрнэт-рэсурсу не маюць доказаў таго, што распаўсюджаныя імі звесткі адпавядаюць рэчаіснасці, яны абавязаны распаўсюдзiць абвяржэнне (папраўку або ўдакладненне).

         Абвяржэнне інфармацыі, распаўсюджанай з дапамогай інтэрнет-рэсурсу, сеткавага выдання, ажыццяўляецца на тым жа інтэрнэт-рэсурсе, у тым жа сеткавым выданні, з дапамогай якіх былі распаўсюджаны інфармацыйнае паведамленне i (або) матэрыял, якія абвяргаюцца, не пазней за дзень, якi iдзе за днём паступлення патрабавання аб абвяржэнні (адказе) або тэксту абвяржэння (адказу), у спецыяльнай рубрыцы або на тым жа месцы старонкі і тым жа шрыфтам, што і інфармацыйнае паведамленне i (або) матэрыял, якія абвяргаюцца. Пры гэтым інфармацыйнае паведамленне i (або) матэрыял, якія  абвяргаюцца, падлягаюць выдаленню (пункт 5 артыкула 43 Закона аб СМІ).

         Адмова ў распаўсюджваннi абвяржэння (адказу) або парушэнне парадку распаўсюджвання абвяржэння (адказу) могуць быць абскарджаны ў судовым парадку (пункт 5 артыкула 44 Закона аб СМІ).

         Акрамя таго, у адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 153 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь грамадзянін мае права патрабаваць у судзе абвяржэння звестак, якія ганьбяць яго гонар, годнасць ці дзелавую рэпутацыю, калі распаўсюджвальнік такіх звестак не дакажа, што яны адпавядаюць рэчаіснасці.

         Такім чынам, калі на інтэрнэт-рэсурсе размешчана інфармацыя, якая не адпаведае рэчаіснасці і ганьбіць гонар, годнасць ці дзелавую рэпутацыю грамадзяніна, ён мае права звярнуцца за абаронай сваіх інтарэсаў у суд. Толькі суд правамоцны ўсталяваць, ці былі распаўсюджаныя звесткі, аб абвяржэнні якіх прад'яўлены пазоў, ці зневажаюць яны дзелавую рэпутацыю грамадзяніна і ці адпавядаюць гэтыя звесткі рэчаіснасці.

         У выпадку задавальнення іскавых патрабаванняў рашэнне суда можа паслужыць падставай для прымянення Міністэрствам нфармацыі да ўладальніка інфармацыйнага рэсурсу мер адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам аб сродках масавай інфармацыі.