Інфармацыя аб суб'ектах гаспадарання, якія ажыццяўляюць распаўсюджванне кніжнай і іншай друкаванай прадукцыі

У адапаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь» Міністэрства інфармацыі ажыцяўляе рэгістрацыю распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў у Дзяржаўным рэестры выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў Рэспублікі Беларусь (далей – ДРВВРДВ).

Па стане на 1 студзеня 2018 г. у ДРВВРДВ у якасці распаўсюджвальнікаў зарэгістравана 1608 суб’ектаў гаспадарання. Сярод зарэгістраваных 134 прад-прыемствы дзяржаўнай формы ўласнасці (дзяржаўныя выдавецтвы рознай ведамаснай прыналежнасці, дзяржаўныя ўстановы адукацыі і іншыя рэспубліканскія інстытуты і арганізацыі, якія маюць ў сваім складзе рэдакцыйна-выдавецкія цэнтры, выдавецка-паліграфічныя структуры рэспубліканскай і камунальнай формы ўласнасці). 1474 суб’екты (91,7 % ад агульнай колькасці) — арганізацыі недзяржаўнай формы ўласнасці.

З названых 1608 суб’ектаў 880 — юрыдычныя асобы, 728 — індывідуальныя прадпрымальнікі (54,7 і 45,3 % адпаведна). Трэба адзначыць, што на працягу апошніх гадоў суадносінны юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў змяняюцца на карысць апошніх.

Зыходячы з дыслакацыі названых суб’ектаў, 694 з іх знаходзяцца у Мінску (43,2 % ад агульнай колькасці зарэгістраваных ў ДРВВРДВ); 914, або 56, 8 % зарэгістраваных, ажыццяўляюць дзейнасць па распаўсюджанні кніжнай і іншай друкаванай прадукцыі ў абласцях. 

   

колькасць

%

г.Мінск

694

43,2

Мінская вобл.

190

11,8

Брэсцкая вобл.

164

10,2

Вицебская вобл.

151

9,4

Гомельская вобл.

181

11,3

Гродзенская вобл.

97

6,0

Магілеўская вобл.

131

8,1

Усяго:

1 608

100,0

Калі раней (2013—2016) дынаміка суб’ектаў гаспадарання, зарэгістраваных зыходзячы з іх дыслакацыі, марудна, але дакладна змянялася ў бок павелічэння колькасці распаўсюджвальнікаў з рэгіёнаў, то ў 2017 годзе назіраецца больш актыўны ўваход на кніжны рынак краіны сталічных прадпрымальнікаў. Неабходна адзначыць, што большая колькасць рэгіянальных распаўсюджвальнікаў сканцэнтравана ў раённых цэнтрах. Колькасць распаўсюджвальнікаў з рэальнай глыбінкі нязначная — крыху больш за 2 % ад агульнай колькасці (у асноўным гэта раённыя структуры спажыўкааперацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі).

Сярод найбольш буйных распаўсюджвальнікаў, у якіх існуе ўласная рознічная сетка, неабходна назваць ААТ «Белкніга», арганізацыі «Белсаюздрук», гандлёвыя структуры спажыўкааперацыі, сетка кніжных магазінаў «Оз Маркет», якая «вырасла» з інтэрнэт-гандлю і мае сёння акрамя інтэрнэт-магазіна ўласную сетку сярэдняга фармату (не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах — у Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродна, Магілёве, а таксама па адным у Мінскай і Магілёўскай абласцях).

Асобна неабходна адзначыць вядомыя гандлёвыя сеткі («Еўраопт», якія змяняюць фармат невялікіх магазінаў крокавай дасягальнасці пад дыскаўнтэры «Бруснічка», «Рублеўскі», «Карона», «BIGZZ», «Буслік», «БелМаркет», «Суседзі», «Родны край», «Алмі», «Златка», «Санта», «Дыёніс», «Веста», а таксама сетку магазінаў «Хатні», якая ўзнікла нядаўна, але актыўна развіваецца ў маштабах краіны). Для ўсіх іх друкаваныя выданні з’яўляюцца спадарожным таварам.

У рэгіёнах у большасці распаўсюджвальнікаў — індывідуальных прадпрымальнікаў — існуюць невялікія па памерах рознічныя гандлёвыя аб’екты (гандлёвыя месцы на рынках, павільёны, кіёскі, палаткі, латкі, гандлёвыя аб’екты фармату невялікага магазіна).

Зарэгістраваныя таксама даволі буйныя па колькасці гандлёвых месцаў сеткі аўтазаправак і ветэрынарных аптэк. Першыя прапаноўваюць сваім кліентам карты, атласы, паштоўкі і іншыя спадарожныя тавары, другія рэалізуюць зацікаўленым вузкаспецыяльную літаратуру ў галіне ветэрынарыі.

Асобный блок распаўсюджвальнікаў уяўляюць такія буйныя ўніверсальныя магазіны, як «ЦУМ “Мінск”», «ГУМ», «Гандлёвый дом “На Нямізе”», «Універсам “Центральный”», «Універсам “Першамайскі”» і інш.

Значная колькасць суб’ектаў гаспадарання, пераважна індывідуальныя прадпрымальнікі, у якіх няма рознічных гандлёвых аб’ектаў, ажыццяўляюць распаўсюджанне друкаваных выданняў па хатнім адрасе, ужываючы такую форму гандлю, як гандаль па ўзорах. Асобныя з іх распаўсюджваюць кнігі і іншую друкаваную прадукцыю на рынках краіны, а таксама на шматлікіх выставах і кірмашах розных фарматаў, спецыялізацыі і накіраванасці. У многіх суб’ектаў гаспадарання формы распаўсюджвання спалучаюцца ў розных варыянтах.

Дастаткова дынамічна развіваецца такі сегмент кніжнага гандлю, як інтэрнэт-крамы, інтэрнэт-вітрыны, з пунктамі выдачы прадукцыі пераважна ў буйных гандлёвых аб’ектах (гандлёва-забаўляльныя цэнтры, універмагі і інш.). У цяперашні час 116 распаўсюджвальнікаў (7,2 % ад агульнай колькасці) прадаюць кніжныя і іншыя выданні праз інтэрнэт.

На фоне зніжэння колькасці заяў на рэгістрацыю ў якасці распаўсюджвальніка адзначаецца значнае павелічэнне колькасці зваротаў ад ужо зарэгістраваных суб’ектаў па пытаннях унясення змен у ДРВВРДВ, перарэгістрацыі, а таксама спынення дзейнасці, тлумачэння заканадаўства па сумежных тэмах. Так, з 1608 суб’ектаў гаспадарання ва ўстаноўленым парадку прайшлі працэдуру перарэгістрацыі 25 суб’ектаў гаспадарання, у тым ліку тры юрыдычныя асобы двойчы; у дачыненні да 36 суб’ектаў гаспадарання дзеянне пасведчання аб дзяржрэгістрацыі ў якасці распаўсюджвальніка друкаваных выданняў спынена.

ААТ «Белкніга»

Сістэма кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у цяперашні час налічвае 88 кнігарняў. З іх 82 магазіны ўваходзяць у склад ААТ «Белкніга», 4 — у ААТ «Магілёўсаюздрук», 2 крамы ўтвараюць фірменную сетку ААТ «Паліграфкамбінат ім. Я.Коласа».

З агульнай колькасці названых магазінаў 54 крамы размешчаны ў Мінску і пяці абласных цэнтрах, 30 — у раённых гарадах і 4 — у пасёлках гарадскога тыпу. Кнігагандлёвая сетка міністэрства абслугоўвае насельніцтва 25 раёнаў, што складае 21,2 % ад іх агульнай колькасці.

У 2017 годзе прыярытэтнымі для сістэмы кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі былі і застаюцца такія задачы, як пашырэнне рознічнай кнігагандлёвай сеткі, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, забеспячэнне гнуткай асартыментнай і цэнавай палітыкі, задавальненне патрэб насельніцтва ў кніжнай прадукцыі ўсіх тэматычных напрамкаў, павышэнне культуры абслугоўвання пакупнікоў, фінансава-эканамічная стабільнасць. Рэалізацыя названых і іншых мер дазволіла вырашыць асноўную задачу — забяспечыць рэнтабельны ўзровень працы.

Дзякуючы сістэмнай працы ААТ «Белкніга» па пашырэнні сферы ўплыву 20 снежня мінулага года ў Оршы адбылося ўрачыстае адкрыццё крамы «1000 кніг». Горад атрымаў сучасны кнігагандлёвы аб’ект у фармаце крама-клуб агульнай плошчай 362 м2 (гандлёвая — 222). У краме абсталявана прэзентацыйная зона ў арыгінальным дызайнерскім выкананні, аснашчаная светлавымі панэлямі з рэлакс-эфектам, што дазваляе ў далейшым арганізоўваць тут сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі, прома-акцыі, майстар-класы, а таксама прыцягваць дадатковыя патокі пакупнікоў за кошт арганізацыі выстаў мастацкіх і конкурсных работ, дзіцячых малюнкаў, вырабаў.

Варта адзначыць, што кніжныя крамы ажыццяўляюць дзейнасць у пераважнай большасці на арэндаваных плошчах ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі з боку іншых гандлёвых суб’ектаў за высокарэнтабельныя плошчы ў цэнтральнай частцы гарадоў. Адсутнасць гарантый у доўгатэрміновай арэндзе памяшканняў, нягледзячы на відавочную зацікаўленасць соцыуму ў стабільнасці такой важнай сферы, як кнігараспаўсюджванне, стрымлівае развіццё кніжнага гандлю.

Такім чынам, намаганні ААТ «Белкніга», накіраваныя на набыццё памяшканняў ва ўласнасць, абсалютна абгрунтаваныя і з’яўляюцца падмуркам для далейшага развіцця грамадства. У сувязі з гэтым добрай інвестыцыяй у будучыню стане выкуп гандлёвага памяшкання памерам 80 м2 у ТЦ «Скрыжаванне» ў пасёлку Бараўляны, які актыўна развіваецца побач з Мінскам. У цяперашні час у ім завяршаецца рамонт, вядзецца падрыхтоўчая праца. Згодна з планам, магазін прыме першых пакупнікоў у першым квартале 2018 года. Насельніцтва пасёлка атрымае сацыякультурны кнігагандлёвы аб’ект крокавай даступнасці.

У 2017 годзе Упраўленнем справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне аб перадачы ААТ «Белкніга» плошчаў гандлёвага цэнтра «Бюргер» па 

пр. Пераможцаў, 11. Такім чынам, у новым гандлёва-культурным аб’екце ўся далучаная да крамы «Дом кнігі “Светач”» плошча будзе задзейнічана выключна пад рэалізацыю кніжнай прадукцыі. Умоўныя пляцоўкі, якія плануюцца аддаць клубу аматараў кнігі для правядзення мерапрыемстваў (прэзентацый, аўтограф-сесій, сустрэч з пісьменнікамі і г.д.), будуць размяшчацца непасрэдна ў гандлёвай зале.

ААТ «Магілёўсаюздрук» пастаянна вядзецца праца па абнаўленні гандлёвай сеткі. Так, у справаздачным перыядзе ў лячэбным корпусе Магілёўскай дзіцячай абласной бальніцы адкрыты шапік; таксама ў абласным цэнтры ў ходзе мадэрнізацыі замест кіёска усталяваны гандлёвы павільён з залай самаабслугоўвання. У Горках таксама ўсталяваны мадэрнізаваны павільён з залай самаабслугоўвання.

Самая сур’ёзная ўвага надаецца ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы кнігагандлёвых арганізацый. Працэс ажыццяўлення бягучых рамонтаў памяшканняў і даху, замены аконных блокаў, уваходных груп, аснашчэння гандлёвых залаў і офісных памяшканняў сучасным абсталяваннем, мадэрнізацыі офіснай тэхнікі і складанатэхнічнага абсталявання, абнаўлення шыльд і іншыя працы у кнігагандлёвай сетцы бесперапынныя. Усе гэтыя намаганні накіраваны на павышэнне прывабнасці кнігагандлёвых аб’ектаў у вачах пакупнікоў, а таксама на стварэнне больш камфортных умоў працы для членаў працоўных калектываў. У 2017 годзе асаблівая ўвага была нададзена гандлёвай сетцы Баранавіч, Оршы, Барысава.