Папулярызацыя кнiгi i чытання
У мэтах рэалізацыі мер па папулярызацыі кнігі і чытання Міністэрствам інфармацыі сумесна з арганізацыямі галіны, якія ажыццяўляюць выдавецкую дзейнасць, пры ўдзеле Саюза пісьменнікаў Беларусі, грамадскасці, афіцыйных колаў, СМІ на працягу года праводзіліся шматлікія прэзентацыі кніг, сустрэчы з пісьменнікамі, прадстаўнікамі выдавецтваў, уключаючы буйнамаштабныя акцыі, сярод якіх:
Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, г.Мінск (23–27 сакавіка 2022 г.). Удзел у выставе прынялі 295 экспанентаў з 13 краін (Беларусь, Венесуэла, Германія, Іран, Кітай, Куба, Пакістан, Палесціна, Расія, Сірыя, Туркменістан, Турцыя, Узбекістан);
LXII (62-й) Нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі», у якім прынялі ўдзел 30 выдавецтваў (дзяржаўныя і прыватныя), якія прадставілі каля 150 кніг высокай мастацка-паліграфічнай якасці. Вышэйшая ўзнагарода (ГРАН-ПРЫ) конкурсу «Мастацтва кнігі» у намінацыі «Трыумф» прысуджана серыі кніг «Геноцид белорусского народа» і «Геноцид белорусского народа. Лагеря смерти» (выдавецтва «Беларусь»). Пераможцамі і лаўрэатамі ў 14 намінацыях конкурсу сталі 55 кніг 17 выдавецтваў, сярод якіх – выдавецтвы «Беларусь», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Вышэйшая школа», «Адукацыя і выхаванне», «Четыре четверти», выдавецкія дамы «Звязда» і «Беларуская навука», рэдакцыя газеты «Гомельская праўда», РВТ «Вечерний Брест», ААТ «Полиграфика», ТДА «Аверсэв» і іншыя;
фінал другога літаратурнага стартапа LitUP (у рамках XXIХ Мінскай МКВК). Заяўкі на конкурс падалі больш за 200 жадаючых, як маладыя аўтары, якія толькі пачынаюць і раней нідзе не публікаваліся, так і добра вядомыя пісьменнікі;
VIII Сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час», які сабраў літаратараў, аналітыкаў, палітолагаў, каб абмеркаваць актуальныя праблемы развіцця не толькі літаратуры, але і грамадства ў цэлым;
XXIX Дзень беларускага пісьменства, г.Добруш Гомельскай вобласці (3-4 верасня 2022 г.). Асноўнымі тэмамі свята сталі – Год гістарычнай памяці, гісторыка-культурная і духоўная спадчына Добрушскага раёна, юбілеі класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. У ходзе мерапрыемства была арганізавана работа Фестывалю кнігі і прэсы, прадстаўленага 4 тэматычными павільёнамі –«Бацькаўшчына», «Слова пісьменніка», «Белдрук», «Белкніга», – прэзентацыя мабільнага дадатку з аўдыёкнігамі «Чытанка», а таксама навукова-практычная канферэнцыя «Добрушскія чытанні». У рамках урачыстага адкрыцця Дня беларускага пісьменства па традыцыі прайшло ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія»;
Вымпел сталіцы Дня беларускага пісьменства ў 2023 годзе быў перададзены г.Гарадку Віцебскай вобласці;
навукова-практычная канферэнцыя «Добрушскія чытанні», падрыхтаваная сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, якая прайшла ў рамках Дня беларускага пісьменства;
рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў» (31 жніўня – 4 верасня 2022 г.). Экспедыцыя прайшла па тэрыторыі Жыткавіцкага, Петрыкаўскага, Светлагорскага, Кармянскага, Чачэрскага, Веткаўскага і Добрушскага раёнаў;
Міжнародны круглы стол «Вечныя каштоўнасці праз кнігі. У аснове справядлівасць» (2 верасня 2022 года, напярэдадні XXІХ Дня беларускага пісьменства ў г.Добрушы) з удзелам беларускіх і замежных прадстаўнікоў грамадскіх і пісьменніцкіх колаў, дзеячаў навукі і культуры (онлайн і офлайн). Удзельнікамі круглага стала было прапанавана абмеркаваць асабістыя адносіны да паняцця справядлівасці з магчымымі прыкладамі з уласнай творчасці, а таксама прадставіць свой спіс каштоўнасцей, актуальных для грамадства, з магчымым пералікам кніг, якія раскрываюць дадзеныя каштоўнасці;
конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка», г.Мінск (23 жніўня 2022 г.). У конкурсе прынялі ўдзел больш за 15 тыс. школьнікаў.
У мэтах развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў выдавецкай, кнігараспаўсюджвальнай і паліграфічнай сферах, папулярызацыі кніг у 2022 годзе узнавіўся ўдзел арганізацый сістэмы Мінінфарма ў спецыялізаваных міжнародных кніжных выставах; 19 – 22 мая дэлегацыя беларускіх кнігавыдаўцоў на чале з намеснікам Міністра інфармацыі Бузоўскім І.І. прыняла ўдзел у Санкт-Пецярбургскім кніжным салоне, 3–6 чэрвеня беларуская кніга была шырока прадстаўлена ў рамках кніжнага фестывалю ў Маскве «Красная площадь», 2–5 верасня беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у 35-м Маскоўскім міжнародным кніжным кірмашы, 2–4 лістапада дэлегацыя беларускіх кнігавыдаўцоў і паліграфістаў пад кіраўніцтвам намесніка Міністра інфармацыі Бузоўскага І.І. прыняла ўдзел у III Ташкенцкай Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы «TASHKENT BOOK FEST –2022».
Кнігі Беларусі атрымалі 9 дыпломаў у намінацыях XIX Міжнароднага конкурсу дзяржаў – удзельніц СНД «Мастацтва кнігі», з якіх 6 – першай ступені, 2 – другой ступені, 1 – трэцяй ступені, а таксама за значную работу па развіццю айчыннага кнігараспаўсюджвання і міжнароднага кнігаабмену ў рамках 35-га Маскоўскага кніжнага кірмашу калектыў кніжнага магазіна «Книжный мир» філіяла ААТ «Белкніга» ўзнагароджаны граматай СНД.