Прапаганда кнігі і чытання

2017 год — год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. 

У 2017 годзе споўнілася 500 гадоў з часу выдання легендарным асветнікам, першадрукаром усходнеславянскіх зямель, нашым суайчыннікам Францішкам Скарынам першай беларускай друкаванай кнігі «Псалтыр». 

Менавіта з гэтай даты пачынае адлік гісторыя нацыянальнага кнігадрукавання. 

У мэтах арганізацыі шырокага святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання распараджэннем Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь ад 24 студзеня 2017 года № 27р створаны рэспубліканскі арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. 

Аргкамітэтам была рэалізавана канкрэтная праграма дзеянняў, выкладзены дзяржаўныя падыходы ў асвятленні падзеі, кансалідаваны сілы для рэалізацыі шматлікіх творчых праектаў. Зацверджана эмблема 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. 

Асноўнымі выканаўцамі святкавання юбілейнай даты сталі Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства адукацыі. Самым актыўным чынам да справы падключыліся Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі, Саюз пісьменнікаў Беларусі, абласныя выканаўчыя камітэты, іншыя творчыя арганізацыі і дзяржаўныя ўстановы, усе электронныя і друкаваныя сродкі масавай інфармацыі краіны — ад рэспубліканскіх да рэгіянальных. 

Падведамнымі Мінінфарму выдавецтвамі да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання былі выпушчаны спецыяльныя выдавецкія праекты, прысвечаныя гісторыі кнігадрукавання і Францыску Скарыне: «Беларускае кнігадрукаванне», «Францыск Скарына альбо Як да нас прыйшла кніга», «Асветннік з Полацка» («Беларусь»); «Сусветная спадчына Францыска Скарыны», «Францыск Скарына і яго паслядоўнікі. Энцыклапедыя», «Кніжныя скарбы Беларусі», «Асветнікі Беларусі. Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына», «Асветнікі Беларусі», «Францыск Скарына: у 3 кнігах» ў серыі «Беларуская дзіцячая бібліятэка», сумесны праект з Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы «Францыск Скарына — чалавек свету» («Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі»); «Шляхамі Францыска Скарыны: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання», «У гасцях у Францыска Скарыны», «Францыск Скарына на мовах народаў свету» («Выдавецкі дом “Звязда”»); «Францыск Скарына. Маем найбольшае самі», «Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка», «500 гадоў беларускага кнігадрукавання» («Мастацкая літаратура»); «Дарогамі Францішка Скарыны» («Народная асвета»). 

Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі прэзентавана ўнікальнае факсімільнае выданне ў 20 тамах «Кніжная спадчына Францыска Скарыны», прэзентацыі якога адбыліся ў такіх краінах і прадстаўніцтвах шэрагу міжнародных арганізацый (ААН, ЮНЕСКА), як Арменія, Бельгія, Ватыкан, Вялікабрытанія, Германія, Італія, Казахстан, Латвія, Польшча, Расія, ЗША, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Чэхія, Швейцарыя. Дзякуючы гэтаму кніжная спадчына Беларусі стала своеасаблівым брэндам беларускай культуры за мяжой. 

Сумесна з Міністэрствам замежных спраў і Міністэрствам культуры Мінінфарм аб'яднаў намаганні па правядзенні цэлага шэрагу канферэнцый, святочных прэзентацый у знак 500-годдзя кнігадрукавання ў розных краінах свету. Скарынаўскія мерапрыемствы прайшлі ў Літве, Вялікабрытаніі, Францыі, Чэхіі, Польшчы, Расійскай Федэрацыі, Кітайскай Народнай Рэспубліцы, Казахстане, Сербіі, Таджыкістане. Міжнародны круглы стол, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, з удзелам беларускіх і расійскіх пісьменнікаў і кнігавыдаўцоў прайшоў у межах Санкт-Пецярбургскага міжнароднага кніжнага салона. 

Шматлікія памятныя мерапрыемствы і выставы з удзелам беларускай дыяспары, прысвечаныя Скарыну, прайшлі ў Аргенціне, Латвіі, Украіне, Польшчы, Францыі, Расіі, Малдове, Іспаніі, Эстоніі. 

Падчас правядзення першага ўрока «Беларусь — мая Айчына!» ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі настаўнікі і вучні звярталіся да вытокаў нацыянальнай культуры беларускага народа, вызначэння ролі Скарыны ў развіцці беларускага кнігадрукавання, цеснай узаемасувязі славянскіх народаў і культурных традыцый, што садзейнічала фарміраванню ў падрастаючага пакалення любові і павагі да гісторыі і культуры беларускага народа, патрыятызму, цікавасці да чытання. 

У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі праведзены ўрок для дарослых «Францыск Скарына ў сучасным літаратуразнаўстве», падчас якога былі раскрыты актуальныя пытанні Скарыніяны. 

Па праву адным з галоўных стартавых мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне ролі і значнасці кнігі ў сучасным грамадстве, развіццё беларускай літаратуры і культуры, захаванне духоўнасці грамадства ў цэлым, стала XXIV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, якая адбылася 8-12 лютага 2017 года на плошчах адміністрацыйнага будынка па праспекце Пераможцаў, 14. 

Знакавая дата 500-годдзя беларускага кнігадрукавання стала дамінантай гэтага найбуйнейшага кніжнага форуму. Знайшлі сваё адлюстраванне і тэмы 135-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа, юбілейныя даты П. Панчанкі, Я. Брыля і іншых пісьменнікаў. 

На пляцоўцы Мінскай МКВЯ былі прэзентаваны дзясяткі кніг дзяржаўных выдавецтваў, якія ўбачылі свет да 500-годдзя. Рэзананс выклікала серыя папулярных прац, адрасаваных юнаму чытачу, — «Францыск Скарына. Чалавек-энцыклапедыя», «Францыск Скарына. Чалавек свету», «Францыск Скарына. Чалавек-легенда». Выдадзеныя «Беларускай Энцыклапедыяй імя П. Броўкі», гэтыя кнігі з'яўляюцца своеасаблівай дарогай у спасціжэнні велічнай постаці першадрукара і асэнсаванні здзейсненага ім подзвігу. 

Унікальнай па фармату раскрыцця раней малавядомых старонак з жыцця асветніка стала персанальная энцыклапедыя «Францыск Скарына і яго эпоха». Шматлікія яе старонкі апавядаюць пра даследчыкаў беларускага кнігадрукавання ў свеце, пра тыя адрасы, дзе знаходзяцца Скарынаўскія першадрукі. А геаграфія іх досыць шырокая — Польшча, Германія, Расія, Вялікабрытанія, Сербія. 

У кантэксце выставы прайшоў 3-й Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час» з запрашэннем знакавых пісьменнікаў блізкага і далёкага замежжа. Асноўнымі тэмамі абмеркавання на сімпозіуме сталі: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання як частка сусветнай кніжнай гісторыі; літаратурныя ўзаемасувязі ў кантэксце міжнародных агульнакультурных узаемаадносін; функцыі літаратуры ў свеце рэалій сучаснага свету. 

У межах сімпозіума адбыўся семінар маладых літаратараў. 

Упершыню адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу маладых літаратараў «Першацвет», арганізатарамі якога выступаюць Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, РВУ «Выдавецкі дом “Звязда”» і выдавецтва «Мастацкая літаратура».

 Акрамя арганізацыі экспанавання лепшых узораў нацыянальнага і замежнага кнігавыдання 320 экспанентаў з 31 дзяржавы прадставілі шырокую культурную і дзелавую праграму, якая ўключыла больш за 300 мерапрыемстваў. 

10 лютага на нацыянальным стэндзе адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 56-га нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Быў арганізаваны шырокі продаж кніжнай прадукцыі айчыннай вытворчасці. 

Выстава стала самай масавай па наведвальнасці за ўсю гісторыю яе правядзення. Больш за 58 тысяч мінчан і гасцей сталіцы наведалі такі знакавы кніжны форум, мелі магчымасць пазнаёміцца з новымі кніжнымі праектамі, сустрэцца з вядомымі беларускімі і замежнымі аўтарамі, а таксама набыць любімыя кнігі. 

Эфектыўным сродкам камунікацыі выдаўца і чытача застаецца рэклама і прапаганда кніжных навінак шляхам жывых зносін з чытацкай аўдыторыяй, разнастайнай па мэтавых напрамках і ўзроставым цэнзу. З кожным годам гэтая праца ўдасканальваецца і набывае новыя формы. 

Своеасаблівым трыумфам кніжнага 2017 года стаў Дзень беларускай пісьменнасці ў Полацку 2-3 верасня. 

Свята адкрыла мастацка-тэатралізаваная дзея «Беларускі шлях» з удзелам Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, майстроў мастацтваў і самадзейных калектываў. 

У Музеі беларускага кнігадрукавання адбыўся Міжнародны круглы стол з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў «Дыпламатыя словы: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы», прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі з 12 краін блізкага і далёкага замежжа. 

Скарынаўская тэма стала галоўнай тэмай і рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», фінальны этап якога прайшоў у межах Дня беларускага пісьменства. У рэгіянальных этапах конкурсу ўдзельнічалі 13 394 вучня ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў. У абласных этапах, якія праходзілі на базе абласных устаноў адукацыі і Мінскага гарадскога Палаца дзяцей і моладзі, удзельнічалі 606 дзяцей. У заключным этапе — 34 вучня з усіх рэгіёнаў нашай краіны (пераможцы абласных этапаў у чатырох узроставых катэгорыях). 

Пераможцам былі ўручаны дыпломы і памятныя сувеніры, устаноўлены спецпрыз ад Саюза пісьменнікаў Беларусі. У цырымоніі ўзнагароджання ўдзельнічалі вядомыя беларускія і замежныя пісьменнікі. 

Знакавай стала прэзентацыя ў павільёне «Сучасная беларуская кніга і прэса» ўнікальнага выдання «Новы Запавет» на беларускай мове. 

На галоўнай сцэне адбылося ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Сярод сямі намінацый самымі масавымі ў 2017 годзе сталі «Паэзія» і «Дзіцячая літаратура». Усяго на конкурс было прадстаўлена 40 прац. 

Тут жа адбылася цырымонія перадачы эстафеты Дня беларускага пісьменства гораду Іванава Брэсцкай вобласці. 

На арганізаваным Міністэрствам інфармацыі Фестывалі кнігі і прэсы былі прадстаўлены лепшыя выданні мастацкай і навучальнай літаратуры, кнігі для дзяцей і юнацтва, энцыклапедычная літаратура, альбомы, экспазіцыя перыядычных выданняў установы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Рэдакцыя газеты “Советская Белоруссия”» і РВУ «Выдавецкі дом “Звязда”». 

Прэзентацыі, аўтограф-сесіі, сустрэчы з пісьменнікамі чакалі наведвальнікаў і гасцей свята на пляцоўцы «Слова пісьменніка». 

Была арганізавана праца дзіцячай пляцоўкі. 

Белтэлерадыёкампаніяй забяспечана трансляцыі ўрачыстых цырымоній адкрыцця і закрыцця Дня пісьменства, ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі, іншых знакавых мерапрыемстваў свята. 

Міністэрствам інфармацыі перададзена ў дар райвыканкаму для далейшага размеркавання сярод школьных і публічных бібліятэк г. Полацка дабрачынная бібліятэчка кніг беларускіх выдавецтваў. 

У межах Дня беларускага пісьменства адбылася таксама прэзентацыя дакументальнага фільма пра Скарыну, створанага кінастудыяй «Летапіс», «Першадрук». 

У цэлым у 2017 годзе прадпрыемствы Міністэрства інфармацыі ажыццяўлялі сістэмны падыход у справе прапаганды і папулярызацыі выпускаемай і наяўнай друкаванай прадукцыі, выкарыстоўваючы розныя сродкі рэкламы. 

Рэклама кніжных выданняў ажыццяўлялася і непасрэдна кніжнымі крамамі. Гэтай мэце служылі шматлікія выставы-продажы ў гандлёвых залах — тэматычныя, да юбілейных дат, пастаянна дзеючыя, а таксама разавыя акцыі і іншыя мерапрыемствы. 

Асэнсаванне беларускага кнігадрукавання, першых крокаў кніжнай асветы з'яўляецца платформай для шырокай грамадскай увагі. І айчынныя сродкі масавай інфармацыі зрабілі і робяць вельмі многае для таго, каб раскрыць гэтую тэму. 

Міністэрствам інфармацыі быў зацверджаны план асвятлення ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі мерапрыемстваў па святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Вядучыя рэспубліканскія газеты — «СБ. Беларусь сёння», «Зорка», «Рэпубліка», «Народная газета», БелТА вылучылі шмат ініцыятыў, накіраваных не толькі ў гістарычную рэтраспектыву, але і на адлюстраванне развіцця кнігадрукавання ў краіне сёння. У якасці інфармацыйных пляцовак выкарыстоўваліся і акаўнты БелТА ў сацыяльных сетках (Twitter, ВКонтакте, Facebook, Аднакласнікі, Instagram), іншамоўныя версіі інтэрнэт-партала БелТА (англійская, іспанская, нямецкая). Цыкл навукова-папулярных артыкулаў, прысвечаных жыццю і дзейнасці Ф. Скарыны, выйшаў у часопісе Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Беларуская думка». 

Вялікая праграма рэалізавана і нацыянальнымі тэлеканаламі. 

Сродкі масавай інфармацыі былі шырока задзейнічаны і ў мэтах прапаганды кніг беларускіх пісьменнікаў. Выхад у свет новых кніг увесь час асвятляўся ў праграмах беларускага тэлебачання. Інфармацыя пра кніжныя навінкі рэгулярна размяшчалася на сайтах Мінінфарма і выдавецтваў. 

Вынікі святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання былі падведзены на ўрачыстым вечары «Святло Скарыны», які прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. 

У межах мерапрыемства адбылося ўзнагароджанне кіраўнікоў і супрацоўнікаў устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў, якія зрабілі найбольшы ўклад у святкаванне знакавага для нашай краіны юбілею. 

За актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, больш за 40 кнігавыдаўцоў, пісьменнікаў, бібліятэкараў, а таксама ўстаноў міністэрстваў культуры, адукацыі і інфармацыі адзначаны дыпломамі аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.