Мерапрыемствы

Пра форум «Партнёрства ў імя будучыні»

Пачынаючы з 2006 года Міністэрства інфармацыі штогод праводзіць Беларускі міжнародны інфармацыйны форум «Партнёрства ў імя будучыні», які з’яўляецца важнай падзеяй у грамадска-палітычным жыцці краіны і накіраваны на вырашэнне задач дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі.

Галоўная мэта мерапрыемства — канцэнтрацыя намаганняў міжнароднай журналісцкай супольнасці ў выпрацоўцы пазітыўнага погляду на беларускую рэчаіснасць, уключэнне вядучых журналістаў СМІ з постсавецкай прасторы і далёкага замежжа ў асвятленне працэсаў ўстойлівага развіцця краіны і павышэнне грамадскай цікавасці замежных краін да Рэспублікі Беларусь, зацвярджэнне Беларусі як суверэннай дзяржавы, якая праводзiць адкрытую і сумленную палітыку і адстойвае прынцыпы добрасуседства, міру і ўзаемаразумення, а таксама акцэнтаванне ўвагі сусветнай супольнасці на пытаннях захавання гістарычнай памяці, кансалідацыя экспертна-медыйнай супольнасці ў супрацьстаянні сучасным выклікам і пагрозам. Вырашэнню названай задачы спрыяе як правядзенне тэматычнага пленарнага пасяджэння, так і маштабнае азнаямленне з жыццём Беларусі вядучых журналістаў і экспертаў краін СНД, а таксама краін блізкага і далёкага замежжа.

Канцэпцыя медыяфоруму прадугледжвае арганізацыю шэрагу разнапланавых мерапрыемстваў, якія маюць шырокае грамадскае гучанне. У час пленарнага пасяджэння медыяфоруму адбываецца абмеркаванне шырокага кола пытанняў з прыцягненнем не толькі экспертаў у сферы мас-медыя, але і прадстаўнікоў палітычных і дзелавых колаў. Пры гэтым штогод тэматыка гэтага мерапрыемства вызначаецца ў залежнасці ад найбольш актуальных праблем сусветнай супольнасці.

Арганізатарамі форуму традыцыйна выступаюць Міністэрства інфармацыі, Беларускі саюз журналістаў пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў —удзельніц СНД, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры, Выканаўчага камітэта СНД, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама.

У межах медыяфоруму праводзіцца Летняя школа журналістыкі для маладых журналістаў і студэнтаў старшых курсаў Інстытута журналістыкі БДУ з правядзеннем майстар-класаў вядучых замежных і беларускіх журналістаў.

Па выніках медыяфоруму ў замежных СМІ публікуюцца і выходзяць у эфір цыклы матэрыялаў, якія спрыяюць умацаванню іміджу Беларусі як сацыяльна арыентаванай дзяржавы, якая дынамічна развіваецца.