Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш

Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш (ММКВК) – адна з буйнейшых прафесійных кніжных выставак, якая штогод праводзіцца ў першай-другой дэкадзе лютага і мае шырокі грамадска-палітычны рэзананс і практычнае значэнне для яе ўдзельнікаў і наведвальнікаў, адыгрывае значную ролю ва ўмацаванні ўзаемакарысных сувязей у галіне кнігавыдання і кнігараспаўсюджвання.

Першая ММКВК прайшла ў 1994 г. Удзел прынялі кнігавыдаўцы з 8 краін СНД і Прыбалтыкі.

У 2006 годзе (XIII ММКВК – 9–12 лютага) упершыню на кірмашы ўведзены статус краіны – Ганаровага госця, якім стала Расія. Краіны-0удзельніцы (16): Беларусь, Велікабрытанія, Германія, Індыя, Кітай, Куба, Літва, Малдова, Польшча, Расія, Сербія і Чарнагорыя, Славакія, ЗША, Украіна, Францыя, Швецыя. Выстаўку-кірмаш наведалі 28,5 тысяч наведвальнікаў.

У розныя гады ганаровымі гасцямі ММКВК былі: Украіна (2007 г.), Ізраіль (2008 г.), Казахстан (2009 г.), Францыя (2010 г.), Германія (2011 г.), Венесуэла (2012 г.), Расія (2013 г.), КНР (2015 г.), Арменія (2016 г.), Велікабрытанія (2017), Сербія (2018 г.).

У 2015 годзе (XXII ММКВК – 11–15 лютага) упершыню выстаўка прайшла ў выставачным павільёне на праспекце Пераможцаў, 14.

 

У 2019 годзе XXVI Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш прайшла з 6 па 10 лютага.

На плошчах каля 3000 квадратных метраў свае экспазіцыі прадставілі больш 400 экспанентаў. Гасцей і наведвальнікаў чакала шырокая культурная і дзелавая праграма, якая ўключала амаль 400 мерапрыемстваў – шматлікія сустрэчы з аўтарамі, выдаўцамі, мастакамі, прэзентацыі новых кніг, “круглыя сталы”, аўтограф-сесіі, і інш. Удзел у мерапрыемствах ММКВК прынялі прадстаўнікі з 37 краін блізкага і далёкага замежжа.

Асноўнымі тэмамі нацыянальнага стэнда Рэспублікі Беларусь на выстаўцы сталі тэма Года малой радзімы, ІІ Еўрапейскіх гульняў, юбілеі класікаў беларускай літаратуры, знакавыя даты ў гісторыі нашай краіны. Быў арганізаваны шырокі продаж кніжнай прадукцыі айчыннай вытворчасці.

У рамках выставы адбыліся ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 58-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу маладых літаратараў “Першацвет”.

Па традыцыі ў дні выставы прайшоў V Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час”, які па праву з’яўляецца інтэлектуальнай пляцоўкай для абмеркавання надзённых пытанняў гуманітарнага і культурнага супрацоўніцтва паміж пісьменнікамі розных краін. У 2019 годзе ўдзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі з 25 краін блізкага і далёкага замежжа.

XXVI Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш прайшла пад дэвізам «Больш чым кнігі». У мэтах папулярызацыі чытання, нацыянальнага кнігавыдання ўпершыню мерапрыемства праводзілася не толькі на пляцоўцы выставачнага комплексу, але і ў кніжных магазінах, бібліятэках, музеях.

У кінатэатрах і на тэлеканалах, у тэатрах у дні работы выставы прайшлі паказы фільмаў і спектакляў па кніжнай тэматыцы. У Мінскім храме-помніку ў імя Ўсіх святых была арганізавана выстава і адбылася сустрэча з аўтарамі кніг духоўна-маральнай накіраванасці. У мінскай сетцы кафэ і рэстаранаў прайшоў гастратыдзень.

Была арганізавана работа паэтычнага аўтобуса – праект прадугледжваў сабой аформлены ў канцэпцыі выстаўкі аўтобус па маршруце руху да месца правядзення выстаўкі з жывой дэкламацыяй вершаў беларускімі аўтарамі.

Значнай падзеяй у рамках ММКВК стала адкрыццё кніжнага магазіна «Дружба», дзе прадстаўлены кнігі аўтараў розных краін блізкага і далёкага замежжа, як на мове арыгінала, так і ў перакладзе на рускую і беларускую мовы.

Амаль 62 тысячы мінчан і гасцей сталіцы мелі магчымасць пазнаёміцца з новымі кніжнымі праектамі, сустрэцца з вядомымі беларускімі і замежнымі  аўтарамі, набыць любімыя кнігі.