Мерапрыемствы

Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі»

Штогод з 1997 года Міністэрствам інфармацыі пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, Мінскага гарвыканкама, РУП «Нацыянальны выставачны цэнтр БелЭкспа Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», іншых органаў дзяржаўнага кіравання, вядучых СМІ і грамадскіх арганізацый праводзіцца Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі».

Выстава «СМІ ў Беларусі» адлюстроўвае ўвесь спектр інфармацыйнай прасторы краіны. Сярод яе ўдзельнікаў — друкаваныя і аўдыёвізуальныя СМІ, інтэрнэт-рэсурсы, інфармацыйныя агенцтвы, аператары і дыстрыбутары кабельнага тэлебачання, распаўсюджвальнікі друкаванай прадукцыі, выдавецтвы.

Агульная плошча выставачнай экспазіцыі складае больш за 1000 м2. Традыцыйна ў выставе прымаюць удзел больш за 100 экспанентаў, якія прадстаўляюць каля 500 друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, тэле- і радыёпраграм і каналаў з Беларусі, Расіі, КНР, Балгарыі, Літвы, Азербайджана, Украіны, Латвіі, Індыі, Германіі, Турцыі, Грузіі і іншых краін.

Наведвальнікі выставы могуць азнаёміцца з экспазіцыямі беларускіх рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных і электронных СМІ, спецыялізаванымі і ведамаснымі выданнямі, газетамі вышэйшых навучальных устаноў і прамысловых прадпрыемстваў, навуковых арганізацый.

Выстава «СМІ ў Беларусі» прапануе медыйнай супольнасці і наведвальнікам насычаную праграму мерапрыемстваў. Яна ўключае ў сябе прэзентацыі інфармацыйных і інтэрнэт-праектаў, аўтограф-сесіі, майстар-класы, флэш-акцыі і інш. Кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі і журналісты, прадстаўнікі экспертнай супольнасці абмяркоўваюць значныя пытанні функцыянавання медыясферы, ролі СМІ ў развіцці грамадства і дзяржавы ў межах дзелавой праграмы выставы.

У межах выставы праводзяцца цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Літара», пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу сярод журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой.