Абвешчаны пераможцы ў намінацыі «ЛІТ-фармат» конкурса «Мастацтва кнігі»

21.02.2022
Прагляды: 142

Абвешчаны пераможцы ў намінацыі «ЛІТ-фармат» конкурса «Мастацтва кнігі»

У 61-м Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі», удзел у якім прынялі 32 выдавецтвы краіны, было прадстаўлены 154 найлепшыя выданні, на думку саміх выдаўцоў.

Па выніках сур’ёзнага адбору, які ажыццяўляла кампетэнтнае журы, у намінацыі «ЛІТ-фармат» (у ёй разглядаліся літаратурна-мастацкія кніжныя выданні) перамогу атрымала серыя кніг «Народная бібліятэка» выдавецтва «Мастацкая літаратура». У гэтай серыі на конкурс былі прадстаўлены кнігі Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Васіля Быкава. Дарэчы, цікавы праект яшчэ і тым, што змест серыі, выбар выдаўцоў, фарміраваўся ў выніку шырокага апытання чытачоў і бібліятэкараў наконт таго, якія класічныя творы яны чакаюць убачыць найперш.

Дыплом першай ступені — у зборніка прозы «Ідэальны чытач» Алеся Бадака, выдадзены ў Выдавецкім доме «Звязда». Кнігу, складзеную з аповесцяў і апавяданняў вядомага сучаснага пісьменніка Алеся Бадака, аформіла кніжны графік, таленавіты мастак кнігі Алеся Зяновіч (яна працуе ў Выдавецкім доме «Звязда»). Дыплом другой ступені — у рамана Уладзіміра Гніламёдава «Пасля вайны», выдадзенага ў «Беларускай навуцы».

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».