Да Дня роднай мовы на «Беларусь 3» пакажуць спектаклі па творах беларускіх класікаў

18.02.2022
Прагляды: 107
Па традыцыі 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Тэлеканал «Беларусь 3» з гэтай нагоды зладзіць паказ спектакляў па творах беларускіх класікаў.

У ранішнім эфіры ўбачым пастаноўку Тэатра-студыі кінаакцёра «Хто смяецца апошнім». Асновай яе стала п'еса Кандрата Крапівы з аднайменнай назвай. Твор распавядае гісторыю людзей, якія працуюць у навукова-даследчым інстытуце. І праз прызму іх узаемаадносін мы можам прасачыць адметныя характары людзей, учынкі ды іх наступствы для саміх герояў і тых, хто побач з імі. А ў выніку разам са стваральнікамі спектакля задацца вечнымі пытаннямі: чаго варты поспех і чым мы гатовыя паступіцца дзеля яго дасягнення.

Таксама на «Беларусь 3» запланаваны паказ спектакля Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа «Леаніды не вернуцца да Зямлі» па рамане Уладзіміра Караткевіча «Нельга забыць». Дарэчы, асобным кніжным выданнем раман выйшаў у 1982 годзе. А прэм'ера спектакля на сцэне вышэйзгаданага тэатра адбылася ў сакавіку 2012 года. Абавязкова паглядзіце тэлеверсію пастаноўкі, дзе час і лёсы людзей перапляліся ў кранальны аповед пра каханне і выбар сваёй дарогі ў няпростых жыццёвых абставінах.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».